Венгрыя заблакавала выдзяленне ЕС 50 млрд еўра дапамогі Украіне

Венгрыя на саміце ЕС заблакавала выдзяленне эканамічнай дапамогі ў памеры 50 млрд еўра на наступныя чатыры гады для Украіны. 

Прэм'ер-міністр Венгрыі Віктар Орбан. Фота: Getty Images

Прэм'ер-міністр Венгрыі Віктар Орбан. Фота: Getty Images

Гэтым пахваліўся прэм'ер-міністр Венгрыі Віктар Орбан. «Мы вернемся да гэтага пытання ў Еўрапейскай Радзе ў наступным годзе пасля адпаведнай падрыхтоўкі», — напісаў ён у Твітары (цяпер Х).

Орбан заявіў, што Украіна не павінна атрымліваць такія вялікія сумы з бюджэту ЕС, паколькі яна не з'яўляецца часткай блока.

Да таго ж, як адзначае Блумберг, Орбан заявіў, што Будапешт не падтрымае новы пакет дапамогі Украіне з боку Еўрасаюза, пакуль блок не выплаціць усе замарожаныя для Венгрыі сродкі.

«Гэта выдатная магчымасць для Венгрыі даць зразумець, што яна павінна атрымаць усё, што яна заслугоўвае», — заявіў прэм'ер-міністр Венгрыі ў штотыднёвым радыёінтэрв'ю з Бруселя.

Некаторыя лідары краін ЕС выказалі аптымізм з нагоды таго, што дапамога Украіне можа быць ухваленая ў студзені, калі краіны ЕС вернуцца да разгляду гэтага пытання. 

Глядзіце таксама

Венгрыя заблакавала выдзяленне дапамогі Украіне праз некалькі гадзін пасля прыняцця рашэння наконт пачатку перамоваў аб уступленні Украіны ў ЕС. 

У пачатку пасяджэння ЕС, паводле звестак The New York Times, Орбан заявіў пра намер накласці вета на пастанову аб пачатку перамоў аб уступленні Украіны ў ЕС, бо сцвярджаў, што краіна яшчэ не гатовая да гэтага і гэта можа нанесці шкоду як ЕС, так і Венгрыі. Аднак, як вядома, прэм'ер-міністр Венгрыі ўстрымаўся ад галасавання і пакінуў залу пасяджэнняў. 

Пазней стала вядома, што пакінуць залу яму прапанаваў канцлер Германіі Олаф Шольц. «Мы добра падыскутавалі, але да канца дыскусіі я адчуваў, што прыйсці да пагаднення будзе складана, – прыводзіць Руская служба ВВС словы Рутэ. — І тут Шольц прапанаваў [Орбану]: а ці не палічыце вы магчымым, каб мы прынялі рашэнне без вашай прысутнасці ў памяшканні? Па правілах так можна. Тады атрымліваецца аднагалоснае рашэнне, проста без прысутнасці Венгрыі. Ну, ён і выйшаў».

Глядзіце таксама

Нягледзячы на тое, што Венгрыя ўстрымалася пры галасаванні па перамовах Украіны аб сяброўстве ў ЕС, што дазволіла пачаць перамовы, Орбан заявіў, што па-ранейшаму выступае супраць гэтага рашэння і гатовы накласці вета на ўступленне Украіны на больш познім этапе працэсу.

«Будзе яшчэ 75 выпадкаў, калі краіна зможа гэта спыніць. Я не хацеў браць гэта на сумленне краіны, Венгрыя не хоча ўдзельнічаць у гэтым рашэнні. Я выйшаў з пакоя, каб яны маглі зрабіць гэта самі», — сказаў ён.

Венгрыя не першы раз блакуе выдзяленне дапамогі Украіне. У Будапешце раней заяўлялі, што вета на выдзяленне дапамогі Украіне ўлады краіны могуць зняць у абмен на размарозку 30 млрд еўра сродкаў ЕС. У адказ на гэта за дзень да пачатку саміту Еўрапейская камісія разблакавала траціну з гэтых сродкаў ЕС для Венгрыі, замарожаных раней з-за праблем з вяршэнствам права ў краіне, — 10 млрд еўра.


Глядзіце таксама

Паводле www.currenttime.tv, ВВС, Украінскай службы РБК