У ЕС намякнулі, што Венгрыі ўжо пара на выхад з блока. Але ёсць нюанс

Будапешт не падзяляе каштоўнасці астатняй Еўропы, таму яму няма чаго рабіць у ЕС.

Віктар Орбан. Фота Reuters

Віктар Орбан. Фота Reuters

Венгрыі варта выйсці з Еўрапейскага саюза, калі яна не падзяляе погляды і каштоўнасці іншых краін блока, у прыватнасці адносна падтрымкі Украіны. Такое меркаванне выказаў на сваёй старонцы ў фэйсбуку сталы прадстаўнік Літвы ў Еўрапейскім саюзе Арнольдас Пранцкявічус, заўважыла ўкраінскае выданне unian.net.

Ён адзначыў, што ўсе лідары краін-удзельніц ЕС віталі вынікі апошняга саміту, на якім было прынятае рашэнне аб пачатку перамоваў з Украінай адносна сяброўства. Адзіным выключэннем стаў лідар адной краіны, які пахваліўся тым, што наклаў вета на выдзяленне дадатковай грашовай дапамогі Украіне.

Пранцкявічус наўпрост не называе краіну, якая заняла такую пазіцыю, але па кантэксце зразумела, што гаворка ідзе пра Венгрыю.


Глядзіце таксама

«Я вельмі хачу пажадаць гэтай дзяржаве-члену ніколі не перажыць вайну, якую цяпер перажывае народ Украіны, каб яе гарады не бамбавалі, а грамадзяне не гінулі, каб яе тэрыторыі ніколі не былі акупаваныя дзяржавай-агрэсарам. Я жадаю ёй ніколі не прасіць салідарнасці ў іншых і ніколі не адчуваць вета саюзнікаў на жыццёва важную дапамогу ў часы найбольшай патрэбы. ЕС моцны дзякуючы салідарнасці і ўзаемнаму даверу. Калі вы не гатовыя падзяліць нешта з гэтага, ёсць толькі адно правільнае рашэнне: выйсці з яго», — заявіў Пранцкявічус.

Зрэшты, праз некаторы час ён выдаліў гэты пост са сваёй фэйсбук-старонкі.


Глядзіце таксама

На гэтым тыдні адбыўся саміт лідараў краін ЕС, на якім сярод іншага разглядаліся два важныя пытанні па Украіне. Першае пытанне тычылася пачатку перамоваў адносна сяброўства Украіны ў Еўрасаюзе. Гэтае рашэнне ўдалося прыняць пасля таго, як венгерскі прэм'ер Віктар Орбан проста «выйшаў за кавай» з залы пасяджэння.

Другое пытанне тычылася выдзялення 50 мільярдаў еўра макрафінансавай дапамогі для Украіны. Орбан наклаў вета на гэтае рашэнне, чым адразу ж пахваліўся ў сацыяльных сетках.