«Перамога ўсёй Еўропы». Брусель падтрымаў пачатак перамоў аб уступленні Украіны ў ЕС
«Еўрапейская рада 14 снежня падтрымала пачатак перамоў па ўступленні Украіны ў Еўрасаюз. Такое рашэнне прынята ў дачыненні да Малдовы. Пра гэта паведамляе прэзідэнт Еўрасавета Шарль Мішэль.

Фота: getty images
«Еўрапейская рада вырашыла пачаць перамовы аб уступленні ў ЕС з Украінай і Малдовай», — напісаў Мішэль у сацсетках.
Адзначаецца, што Еўрапейская рада таксама афіцыйна надала Грузіі статус кандыдата ў Еўрапейскі саюз.
Акрамя гэтага, ЕС пачне перамовы аб уступленні з Босніяй і Герцагавінай, як толькі будзе дасягнута неабходная ступень адпаведнасці крытэрыям членства. Мішэль папрасіў камісію прадставіць справаздачу да сакавіка з мэтай прыняцця такога рашэння.
«Ясны сігнал надзеі для іх народаў і для нашага кантынента», — дадаў кіраўнік Еўрарады.
На гэтае рашэнне ўжо адрэагаваў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.«Перамога Украіны. Перамога ўсёй Еўропы. Перамога, якая матывуе, натхняе і ўмацоўвае», — напісаў ён у сацсетках.
Прэм'ер-міністрка Эстоніі Кая Калас назвала гэты дзень гістарычным. «Насуперак усяму, мы дасягнулі рашэння аб пачатку перамоў аб уступленні з Украінай і Малдовай. І Украіна, і Малдова выканалі сваё хатняе заданне і гатовы зрабіць наступныя крокі на шляху далучэння да нашай еўрапейскай сям'і», — адзначыла яна.
Пры гэтым канцлер Германіі Олаф Шольц таксама заявіў, што Украіна належыць да еўрапейскай сям'і.
«Моцны знак падтрымкі і перспектыва для Украіны: на пасяджэнні Еўрапейскай рады мы толькі што вырашылі пачаць з Украінай і Малдовай перамовы аб уступленні. Зразумела адно: гэтыя краіны належаць да еўрапейскай сям'і», — падкрэсліў Шольц.
Глядзіце таксама

Як вядома, магчымасць абвяшчэння аб пачатку перамоў з Украінай на сустрэчы ў сталіцы Бельгіі абмяркоўвалася ўжо даўно, аднак яснасці ў гэтым пытанні не было.
Уладзімір Зяленскі не прыбыў на саміт, а выступіў перад кіраўнікамі дзяржаў і ўрадаў 27 краін-членаў Еўрасаюза анлайн. Паводле дадных СМІ, яго хацелі запрасіць, аднак некаторыя хваляваліся, што яго прысутнасць прымусіць прэм'ера Венгрыі Віктара Орбана «закрыцца» яшчэ больш.
У сваім звароце ўкраінскі прэзідэнт адзначыў, што краіна ўжо выканала ўсе свае абавязацельствы, таму чакае, што яе народу «не здрадзяць».
Раней Еўракамісія рэкамендавала пачаць такія перамовы ў сваім дакладзе, але супраць гэтай пастановы выступаў Будапешт.
Як заявіў прэм'ер Венгрыі Віктар Орбан, яго краіна не
супраць уступлення Украіны ў ЕС, але пытанне аб пачатку перамоў варта
перанесці на паўгода.