Віктар Януковіч гатовы правесці датэрміновыя выбары, заявіў прэм'ер-міністр Польшчы

Прэм'ер-міністр Польшчы Дональд Туск заяўляе, што прэзідэнт Украіны Віктар Януковіч падчас перамоў з прадстаўнікамі ЕС выказаў гатоўнасць правесці датэрміновыя выбары сёлета, паведамляе вечарам РИА Новости са спасылкай на Reuters



383493369.jpg

Дональд Туск і Віктар Януковіч
Раней у чацвер кіраўнікі МЗС Францыі, Германіі і Польшчы Ларан Фабіус, Франк-Вальтэр Штайнмаер і Радаслаў Сікорскі сустрэліся ў Кіеве з Януковічам, пасля чаго адправіліся на сустрэчу з прадстаўнікамі ўкраінскай апазіцыі. 
Тым часам BBC News паведамляе, што міністры замежных спраў Еўрасаюза дамовіліся ўвесці санкцыі ў дачыненні да ўкраінскіх чыноўнікаў, "адказных за насілле і празмерную сілу". 
 
Пасля экстраннай сустрэчы кіраўнікоў МЗС вярхоўны прадстаўнік ЕС Кэтрын Эштан заявіла, што Еўрасаюз "прыпыняе ліцэнзіі на экспарт абсталявання, якое могуць выкарыстоўваць для ўнутраных рэпрэсій". 
 
Супраць вінаватых у насіллі ва Украіне чыноўнікаў будуць прыменены таксама візавыя санкцыі і замарожванне актываў. 
 
Міністр замежных спраў Швецыі Карл Більт заявіў, што замарожванне актываў і забарону на ўезд "правядуць у тэрміновым парадку". 
 
Эштан таксама заявіла, што ўся адказнасць за наладжванне дыялогу і спыненне насілля ва Украіне ляжыць на Віктары Януковічы. 
 
Як паведамляў БелаПАН, Міністэрства аховы здароўя Украіны пацвердзіла пагібель 67 чалавек (з іх 11 у медыцынскіх установах Украіны) падчас сутыкненняў у Кіеве 18—20 лютага. Паводле даных Міністэрства аховы здароўя, з 10 раніцы 18 лютага да 18.00 20 лютага па медыцынскую дапамогу звярнуўся 551 пацярпелы ў сутыкненнях мітынгоўцаў і сілавікоў. З іх 332 чалавекі шпіталяваны. 
 
У той жа час на старонцы групы "ЕвроМайдан — EuroMaydan" у сацыяльнай сетцы Facebook са спасылкай на каардынатара медслужбы Майдана паведамляецца, што сёння ў Кіеве было забіта больш за 100 чалавек, а больш за 500 — шпіталяваныя. 
 
Сітуацыя ў Кіеве абвастрылася 18 лютага пасля таго, як прыхільнікі апазіцыі накіраваліся да Вярхоўнай рады з патрабаваннем вярнуць Канстытуцыю 2004 года, якая прадугледжвае больш абмежаваныя паўнамоцтвы прэзідэнта. Мірнае шэсце перарасло ва ўзброеныя сутыкненні. 
 
Сталіца краіны фактычна пераведзена на асаднае становішча: не працуе метро, перакрыты ўезды ў горад, затрымліваюцца цягнікі, якія ідуць у Кіеў. У магазінах скуплены тавары першай неабходнасці.
Аляксей Арэшка, БелаПАН