Выратаваць Юлію

Дзесяць працэнтаў склаў разрыў паміж Януковічам і Цімашэнка па выніках першага тура выбараў прэзідэнта Украіны. Ці ўсё страчана для жанчыны з касой? Пра гэта, а таксама іншыя аспекты цяперашняй выбарчай кампаніі журналіст “НЧ Алег Новікаў размаўляе з кіеўскім журналістам Уладзімірам Задзіракам.

— Такім чынам, па выніках ЦВК, Януковіч атрымаў у першым туры 35 працэнтаў галасоў, Цімашэнка — 25. Аднак, здаецца, інтрыга выбараў захоўваецца?



fb8feff253bb6c834deb61ec76baa893.jpg

Дзесяць працэнтаў склаў разрыў паміж Януковічам і Цімашэнка па выніках першага тура выбараў прэзідэнта Украіны. Ці ўсё страчана для жанчыны з касой? Пра гэта, а таксама іншыя аспекты цяперашняй выбарчай кампаніі журналіст “НЧ Алег Новікаў размаўляе з кіеўскім журналістам Уладзімірам Задзіракам.
— Такім чынам, па выніках ЦВК, Януковіч атрымаў у першым туры 35 працэнтаў галасоў, Цімашэнка — 25. Аднак, здаецца, інтрыга выбараў захоўваецца?
— Так. Адрыў не крытычны. Шансы ў Цімашэнка застаюцца. Для гэтага патрэбна аператыўна перацягнуць на свой бок расколаты паміж кандыдатурамі Юшчанкі, Яцэнюка і Цімашэнка электарат Заходняй Украіны. Мабілізаваць яго. Другое і самае важнае — заахвоціць галасаваць за сябе выбаршчыкаў Цыгіпкі (гэта прамысловы цэнтр і поўдзень краіны). Цімашэнка менавіта гэтым і займаецца: галасаваць у другім туры яна хоча ў Днепрапятроўску — менавіта там знаходзіцца штаб каманды Цыгіпкі.
— Поспех днепрапятроўскага банкіра Сяргея Цыгіпкі, які атрымаў 13 працэнтаў і заняў трэцяе месца, стаў сенсацыяй. Як паводзіць сябе бронзавы прызёр напярэдадні другога туру?
— Пакуль Цыгіпка катэгарычна кажа, што не падтрымае ў другім туры ні Цімашэнка, ні Януковіча. Аднак ёсць чуткі пра перамовы паміж яго штабам і БЮТ. Разглядаецца варыянт здзелкі — Цыгіпка заклікае галасаваць за Юлію, а ў выпадку яе перамогі атрымлівае партфель прэм’ер-міністра. Аднак нават калі бакі і хочуць такога сцэнару, яны не паспеюць па часе. Простага абяцання мала. Банкіру патрэбна не толькі пасада прэм’ера. Цыгіпку неабходныя датэрміновыя выбары ў Раду, на якіх ён на хвалі апошняга поспеху можа сарваць добры куш. Плюс — карт-бланш на рэформу складу кабінета міністраў. Тут трэба размаўляць па персаналіях. За час, які застаўся да галасавання, нават пры ўсім жаданні, гэта зрабіць немагчыма. Акрамя таго, падобныя перамовы паставяць на кар’еры Цыгіпкі, які пазіцыянуе сябе як праціўнік Цімашэнка, вялікі крыж. Цыгіпка будзе выбудоўваць больш асцярожную стратэгію.
— Што ўяўляе сабой сярэдні выбаршчык Цыгіпкі?
— Увогуле, я хацеў бы сказаць, што галасаванне за Цыгіпку або іншых кандыдатур другога ўзроўню, па вялікаму рахунку, тлумачыцца прымітыўным жаданнем чагосьці новага. Вы звярнулі ўвагу, што ва Украіне фармат сатырычнай эстрады абсалютна іншы, чым у Расіі? У Расіі пануе побытавы гумар. Усякія там новыя рускія бабкі і г.д. У нас дамінуе палітычны. Як правіла, жартуюць з палітыкаў. Але старыя клоуны ўжо надакучылі. Хочацца чагосьці свежага. Хаця, натуральна, гэта толькі адзін са шматлікіх матываў паводзін выбаршчыкаў. Вяртаючыся да электарату Цыгіпкі. Гэта жыхары індустрыяльна развітых паўднёвых рэгіёнаў Украіны: Запарожская, Днепрапятроўская, Харкаўская, Мікалаеўская вобласці. Калі справа дойдзе да таго, каб выбіраць паміж Цімашэнка і Януковічам, яны, хутчэй за ўсё, будуць галасаваць за лідэра Партыі рэгіёнаў. Адпаведна апытанням, расклад сімпатый электарату Цыгіпкі прыкладна наступны: за Януковіча — 57 працэнтаў, за Цімашэнка — 43. Як бачым, пры такім раскладзе Цімашэнка часткова скароціць разрыў, аднак Януковіч усё роўна мае ў запасе 5–6 працэнтаў. Мяркую, што галоўны чыннік тут — пратэстнае галасаванне. Людзі галасуюць за апазіцыю, а апазіцыя зараз — гэта Партыя рэгіёнаў.
— Дапусцім, што за 2–3 дні да выбараў Цімашэнка зразумее, што вярнуць давер да сябе ўжо немагчыма. Застаецца адзіны варыянт: новы Майдан. Такая развязка магчымая?
— Цімашэнка быццам паводзіць сябе гэтак жа рашуча, як і 2004-м. Яна нават паклялася, што не дапусціць, каб злачынца (маецца на ўвазе Януковіч) прыняў прысягу прэзідэнта. Кіеў, без падтрымкі жыхароў якога ніякі Майдан немагчымы, сапраўды ў большасці падтрымаў лэдзі Ю. Яна атрымала тут прыкладна 35 працэнтаў. Аднак параўноўваць сітуацыю з 2004 годам немагчыма. Адсутнічае вельмі важны момант: ідэалагізацыя выбараў. Януковіч больш не выступае як прамаскоўскі палітык, а наадварот, робіць усё магчымае, каб пазбавіцца іміджу пяцігадовай даўніны. Ён выступае за ўступленне краіны ў ЕС. Яго тактыка ў тым, каб папросту не рэагаваць на абвінавачанні і правакацыі з боку Цімашэнка, не даць уцягнуць сябе ў бойку, надаць выбарам глабальны характар. Хаця гэта цяжка. Юлія даўно перайшла ўсе межы: адкрыта называе канкурэнта зэкам, баязліўцам і г. д. Зараз для яго важна не дапусціць фатальнай памылкі, якая можа даць шанс Цімашэнка ў другім туры. Я б сказаў, што значна больш рэальны сцэнар — правакацыі падчас другога тура, якія дазволяць Цімашэнка патрабаваць перагляду вынікаў выбару, правядзенне новага галасавання і г.д. Праўда, на такія акцыі могуць пайсці ўсе вядучыя палітычныя сілы. Напрыклад, зрыў выбараў мог бы выратаваць Юшчанку ад сыходу на палітычную пенсію. Дый Партыя рэгіёнаў, нягледзячы на тое, што перамога ў іх амаль у кішэні, паверце, далёка не анёлы.
— Што чакае Украіну ў выпадку перамогі Януковіча?
— Парадокс у тым, што ніякіх вялікіх катаклізмаў і радыкальных зменаў не будзе. Па-першае, Цімашэнка пакідае за сабой пасаду кіраўніка ўраду, які па Канстытуцыі мае значна больш паўнамоцтваў, чым прэзідэнт. Будзе гарачая інфармацыйная вайна паміж Кабмінам і прэзідэнтам. Аднак, каб сапраўды змяніць нешта, Януковічу будзе патрэбна дэпутацкая большасць у Радзе, якую зараз маюць аранжавыя. Значыць, новыя выбары. Аднак і ў гэтым ёсць небяспека. Відавочна, што выбаршчыкі таго ж Цыгіпкі — гэта былыя прыхільнікі Партыі рэгіёнаў. Электарат бела-сініх ужо не такі кансалідаваны. Шансы атрымаць большасць у Радзе і свайго прэм’ера ў Януковіча ілюзорныя. І ўвогуле, нашто яму свой урад, які асуджаны на агульнацыянальную нянавісць. Краіна знаходзіцца на мяжы дэфолту. Доўг дзяржавы — больш за гадавы УВП. Трэба рэзаць бюджэт, уздымаць кошты на камунальныя паслугі. Лепш, каб за такія непапулярныя крокі адказваў нехта іншы. Дарэчы, досвед паказвае, што чым больш Юлія знаходзіцца на пасадзе прэм’ера, тым менш за яе галасуюць.