Выбары і смех

Першы тур украінскіх прэзідэнцкіх выбараў–2019 прайшоў напярэдадні Міжнароднага дня смеху. З гэтай нагоды варта ўзгадаць самыя вялікія кур’ёзы і скандалы цяперашняй кампаніі.

Фота novosti-n.org

Фота novosti-n.org

Украінскія выбары традыцыйна багатыя на незвычайныя здарэнні. Дастаткова прыгадаць, як на прэзідэнцкія выбары 1999 года лідарка Прагрэсіўнай сацыялістычнай партыі Наталля Вітрэнка вылучылася пад лозунгам «За нашу і вашу Наташу!». Ці, напрыклад, як Партыя рэабілітацыі цяжкахворых Украіны (была і такая!) у 2002-м абяцала ў выпадку перамогі знайсці ў краіне радовішча тапазаў і выдаць кожнаму ўкраінцу дыямент коштам 500 у.а.

У гэтым сезоне больш за ўсё адзначыліся выбарчыя штабы кандыдатаў. Так, у штабе Парашэнкі на новы ўзровень вывелі практыку выкарыстання тэхнічных кандыдатаў — тых, хто павінен быў адцягнуць частку галасоў у апанентаў. Каб спыніць Юлію Цімашэнка, у кандыдаты пайшоў Юрый Уладзіміравіч Цімашэнка, чые ініцыялы цалкам супадаюць з ініцыяламі лідаркі апазіцыі. Стаўка была зробленая на тое, што падслепаватыя пенсіянеры проста пераблытаюць прозвішчы ў кабінцы для галасавання. Але і гэтага аказалася мала. Напярэдадні выбараў у рэгіёнах з’явіліся плакаты з відавочна непапулярнымі лозунгамі — «За візавы рэжым з РФ», «Правесці ўсеагульную мабілізацыю», «Пакінуць рынкавую (цяперашнюю) цану на газ». Пад усімі было напісана «Ю.В. Цімашэнка». Плакаты, відавочна, замовіў Юрый Цімашэнка, а вось пэўную колькасць галасоў яўна не атрымала Юлія Цімашэнка.

Юрый Цімашэнка. Фота politeka.net

Юрый Цімашэнка. Фота politeka.net


Зрэшты, ад штабу Цімашэнка таксама хапала прыколаў. Напярэдадні выбараў яе партыя атрымала рэкордную суму ахвяраванняў ад фізічных і юрыдычных асобаў — больш чым 150 мільёнаў грыўняў (прыкладна 3 мільёны долараў). Пераважнай большасцю «донараў» апынуліся шараговыя ўкраінцы, якія не ведалі, што іх персанальныя дадзеныя выкарыстоўвалі для правядзення такіх плацяжоў. Напрыклад, адным са «спонсараў» аказалася звычайная касірка супермаркета ў прыгарадзе Кіева. За год яна нібыта пералічыла партыі Юліі амаль 1,5 мільёна грыўняў (каля 30 тысяч долараў), хаця ў жыцці ніколі такіх грошай не бачыла.

Юлія Цімашэнка

Юлія Цімашэнка

Усе межы перайшоў канал «1 + 1» Ігара Каламойскага. 23 сакавіка тут выйшла праграма, прысвечаная цэлай серыі афераў дзеючага прэзідэнта краіны. Найбольш рэзананснымі сталі абвінавачванні Парашэнкі ў магчымай датычнасці да гвалтоўнай смерці яго роднага брата. Трэба аддаць належнае прафесіяналізму журналістаў праўладных медыя. Яны іранічна заявілі, што Парашэнка не толькі забіў брата, але таксама яго з’еў і закапаў. Гэты мем сапраўды добра зайшоў.

Напярэдадні выбараў выявілася яшчэ адна магчымая тэхналогія фальсіфікацыі. Пры праверцы выбарчых спісаў у адным з раёнаў Кіева знайшлі кватэры, у якіх былі зарэгістраваныя больш за 500 патэнцыйных выбаршчыкаў. Гэта палова тых, хто галасуе на адным участку (!). Але тое былі яшчэ кветачкі. На партале Дзяржаўнага рэестра выбаршчыкаў выявілі каля 200 тысяч «мёртвых душаў». Сярод іх — лідары данецкіх сепаратыстаў, якія былі забітыя.Так, у рэестры ёсць экс-кіраўнік ДНР Аляксандр Захарчанка. Паколькі ЦВК кантралююць людзі Парашэнкі, няма сумневаў, што Захарчанка і іншыя сепары «аддалі свой голас» цяперашняму прэзідэнту.

Па меры набліжэння да выбараў кур’ёзы займелі побытавы характар. Так, у Нікапольскім раёне на Днепрапятроўшчыне не хапіла сейфаў для бюлетэняў. Таму замест сейфаў выкарыстоўвалі... халадзільнік і звычайны посуд. А ў паліцыю Чарнавіцкай вобласці патэлефанаваў 40-гадовы мясцовы жыхар і паскардзіўся на сястру, якая адабрала ў яго пашпарт. І таму ён не можа прагаласаваць. Паліцыя хутка прыехала на месца — так і ёсць, жанчына не аддавала дакументы, паколькі брат ёй не вярнуў пазычаныя грошы. Паліцыя пераканала жанчыну аддаць пашпарт, хоць, паводле меркавання ў сацсетках, лепш бы яны пераканалі мужчыну вярнуць доўг.

У дзень выбараў не абышлося без рамантыкі. У Адэскай вобласці жонка збіла мужа-паліцэйскага, які дзяжурыў на выбарчым участку. Жанчына прыраўнавала мужа да напарніцы, з якой той дзяжурыў. Паводле МУС, давялося выклікаць «хуткую». Вось такія жарсці!  

Уладзімір Зяленскі

Уладзімір Зяленскі


Аднак самае вясёлае было наперадзе. Пераможцам першага туру аказаўся комік Уладзімір Зяленскі. У гэтым плане 1 красавіка — яго прафесійнае свята — набыло новыя яскравыя канатацыі. Для многіх украінцаў першага красавіка 2019 года — дзень надзеі на лепшае. А для іншых — дзень абсурду, які імкліва падпарадкоўвае рэальнасць. Хутка пабачым, хто з іх меў рацыю.

Уладзімір Зяленскі

Уладзімір Зяленскі