«Украіна — адзіная на постсавецкай прасторы, дзе вынік выбараў непрадказальны (фотарэпартаж)
«Новы Час» наведаў два выбарчыя ўчасткі ў сталіцы Украіны: той, дзе галасаваў прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка, і выбарчы ўчастак у Кіева-пячорскім ліцэі. Пра тое, як ва Украіне праходзіў першы тур выбараў, глядзіце ў нашым фотарэпартажы.
У нядзелю, 31 сакавіка, прайшоў першы тур выбараў прэзідэнта Украіны. Украінцы выбіралі новага кіраўніка дзяржавы сярод 39 кандыдатаў. Таму выбаршчыкі на ўчастках атрымліваюць рэкордна доўгі бюлетэнь — 0,8 метра.
Па дадзеных Нацыянальнага экзіт-полу National Exit Poll'2019 на выбарах прэзідэнта Украіны, у другі тур выйшлі шоўмэн Уладзімір Зяленскі і дзеючы прэзідэнт Пётр Парашэнка. Другі тур галасавання, у выпадку, калі ні адзін з кандыдатаў не набярэ больш за 50% галасоў, мусіць адбыцца 21 красавіка.
Цэнтральная выбарчая камісія Украіны апрацавалі больш за 65% пратаколаў. Вынікі павінны быць абвешчаны да 10 красавіка. ТУТ можна азнаёміцца з працэнтам ужо апрацаваных пратаколаў па Украіне.
Самі ўкраінцы называюць гэтыя выбары ледзь не самімі непрадказальнымі. “Украіна — гэта адзіная на постсавецкай прасторы краіна, дзе вынік выбараў непрадказальны”, — падзяліўся ўражаннямі выбаршчык.
Яўка на выбарах была высокай: на ўчасткі прыйшлі больш за 60% грамадзян Украіны, якія маюць права голасу.
Дарэчы, за выбарамі ва Украіне назірала старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Рэспублікі Беларусь Лідзія Ярмошына.
“Новы Час” наведаў два выбарчыя ўчасткі ў сталіцы Украіны: той, дзе галасаваў прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка, — выбарчы ўчастак №800588 у Цэнтральным доме афіцэраў Узброеных сіл Украіны недалёка ад Вярхоўнай Рады, і выбарчы ўчастак №800595 у Кіева-пячорскім ліцэі.
Па дадзеных ЦВК, на падрыхтоўку і правядзенне выбараў ва Украіне выдаткавана 1,95 мільярда грыўняў. Толькі на друкаванне выбарчых бюлетэняў з дзяржаўнага бюджэту сышло каля 165,6 мільёна грыўняў.