Страляніна на выбарах у Турцыі: ёсць ахвяры
Ва ўсходнетурэцкай правінцыі Малацья на выбарчым участку адбылася страляніна. Загінулі двое назіральнікаў ад апазіцыйнай партыі.
У правінцыі Малацья на ўсходзе Турцыі ў нядзелю, 31 сакавіка, на выбарчым участку застрэлілі двух чалавек. Як паведамляе агенцтва DHA, гэта былі назіральнікі ад невялікай апазіцыйнай партыі «Саадет». Па словах старшыні партыі Тэмэля Карамоллаоглу, яны пратэставалі супраць адкрытага галасавання на ўчастку, і за гэта іх застрэліў прадстаўнік іншай партыі. Зламыснік затрыманы.
Нагадаем, 31 сакавіка ў Турцыі адбываюцца муніцыпальныя выбары. Больш 57000000 выбаршчыкаў краіны выбіраюць у 81 правінцыі Турцыі мэраў, кіраўнікоў муніцыпалітэтаў, мясцовыя саветы і іншых мясцовых чыноўнікаў.
Гэтыя выбары называюць тэстам для прэзідэнта Турцыі Рэджэпа Таіпа Эрдагана і кіруючай Партыі справядлівасці і развіцця (ПСР), якую ён узначальвае. З 2002 года, калі ПСР прыйшла да ўлады, яна атрымлівала перамогу на ўсіх мясцовых выбарах у краіне.
Зрэшты, згодна з апошнімі сацапытаннямі, у такіх буйных гарадах, як Стамбул і Анкара, кіруючая партыя ПСР можа страціць уладу і саступіць прадстаўнікам апазіцыйнай Народна-рэспубліканскай партыі (НРП). Палітолагі надаюць гэтаму адмысловае сімвалічнае значэнне, бо менавіта ў Стамбуле некалі пачалося палітычнае ўзыходжанне Эрдагана.
Гэтыя выбары — першыя пасля перамогі Эрдагана на прэзідэнцкіх выбарах у мінулым годзе і ўвядзення новай палітычнай сістэмы ў Турцыі, якая ператварыла яе ў прэзідэнцкую рэспубліку з вельмі шырокімі паўнамоцтвамі прэзідэнта. Сам Эрдаган падчас выбарчай кампаніі актыўна агітаваў за кандыдатаў ад ПСР, адзначаючы, што гэтыя выбары з'яўляюцца пытаннем «нацыянальнага выжывання».
dw.com