Вынікі года. Чым жыў сьвет у 2023-м

Замест адной вайны мы атрымалі дзьве. Кітай больш ня самая населеная краіна сьвету, а Карабах ужо не армянскі. Якія асноўныя падзеі хвалявалі нас у 2023 годзе?

Хаўер Мілей, новы прэзыдэнт Аргентыны. Анарха-капіталіст, як апісвае сам сябе

Хаўер Мілей, новы прэзыдэнт Аргентыны. Анарха-капіталіст, як апісвае сам сябе

Азэрбайджан захапіў Нагорны Карабах

У верасьні Азэрбайджан зноў напаў на населены армянамі Нагорны Карабах. Празь некалькі дзён ён захапіў тэрыторыю, якую яшчэ не кантраляваў з 2020 года. Прэзідэнт Аліеў паведаміў, што пачне «рэінтэграцыю» анклава. За адзін тыдзень больш за сто тысячаў армянаў, або прыкладна 85% насельніцтва Нагорнага Карабаха, уцяклі ў Армэнію.

Гэта выклікала пратэсты ў самой Армэніі з-за няздольнасьці яе ўрада абараніць сваіх суайчыньнікаў. Гэта выклікала зразумелыя пытаньні аб тым, чаму Расея не змагла прадухіліць гібель анклава. АДКБ у дзеяньні, як кажуць. З таго часу Армэнія даволі красамоўна ігнаруе паседжаньні іншых панявольных у ваенным маскоўскім блёку.

Ільхам Аліеў цалуе азэрбайджанскі сьцяг у захопленым ім Карабаху

Ільхам Аліеў цалуе азэрбайджанскі сьцяг у захопленым ім Карабаху

Аднак бясьпека армянаў, якія засталіся ў Нагорным Карабаху, можа быць пастаяннай кропкай узгараньня паміж Армэніяй і Азэрбайджанам. Гэтаксама ёй можа быць і Зангезурскі калідор, невялікі кавалачак тэрыторыі Армэніі, які злучае Азэрбайджан з Нахчыванам, азэрбайджанскім анклавам, які мяжуе з Армэніяй, Іранам і Турэччынай. Верагодна, у 2024 годзе можна чакаць новых агрэсіўных дзеяньняў ад азэрбайджанцаў.

Індыя абышла Кітай па насельніцтву

За апошняе стагодзьдзе, калі не даўжэй, Кітай валодаў самым вялікім насельніцтвам у сьвеце. Гэтая эра скончылася ў 2023 годзе. Зараз такой дзяржавай зьяўляецца Індыя. Яе насельніцтва ацэньваецца ў 1,43 мільярды чалавек. Індыя, верагодна, застанецца самай густанаселенай краінай на наступныя дзесяцігоддзі.

Жыхары Індыі

Жыхары Індыі

Насельніцтва Кітая адначасова скарачаецца і старэе. Дэмографы прагназуюць, што да сярэдзіны стагодзьдзя насельніцтва Кітая скароціцца на 100 мільёнаў чалавек, а гэта больш, чым насельніцтва любой сучаснай краіны сьвету, акрамя пятнаццаці самых густанаселеных.

За гэты ж перыяд сярэдні ўзрост у Кітаі вырасьце з трыццаці дзевяці гадоў да пяцідзесяці аднаго. Тым часам насельніцтва Індыі павінна дасягнуць амаль 1,7 мільярда чалавек да сярэдзіны ХХІ стагодзьдзя з сярэднім узростам у трыццаць дзевяць гадоў. Нас чакае сур’ёзнае пераразьмеркаваньне рознага кшталту рэсурсаў у далейшым.

Перавароты

Арганізацыя Freedom House напачатку гэтага года абвесьціла, што 2022 год стаў сямнаццатым запар годам заняпаду глябальнай свабоды і дэмакратыі. Як працяг і доказ небясьпечнага сьвету, у якім мы жывем, працягнулася эпідэмія дзяржаўных пераваротаў у адной толькі Афрыцы.

У ліпені вайскоўцы Нігера зрынулі дэмакратычна абранага прэзідэнта краіны. Суседнія дзяржавы пагражалі ўмяшацца, але ваенныя хунты, якія кіруюць Малі і Буркіна-Фасо, пагражалі вайной у адказ. У жніўні вайскоўцы Габона захапілі ўладу і далі расплывістыя абяцаньні калі-небудзь правесьці выбары.

Космас усё ж блізкі

І краіны, і карпарацыі робяць вялікую стаўку на космас. Расейскія намаганьні адносна засвойваньня Месяца скончыліся расчараваньнем у жніўні, калі іх пасадачны апарат урэзаўся ў паверхню Месяца і пайшоў усьлед за расейскім ваенным караблём.

Праз некалькі дзён Індыя стала чацьвёртай краінай, якая пасадзіла беспілётны апарат на Месяц, і першай, якая зрабіла гэта каля паўднёвага палярнага рэгіёна Месяца.

india_2.webp

Праз два тыдні пасьля гэтага Індыя запусьціла місію па вывучэньні сонца. Кітай і Злучаныя Штаты таксама маюць амбіцыйныя праграмы на Месяц, і НАСА імкнецца вярнуць амэрыканскіх астранаўтаў на Месяц да 2025 года. Гэтыя і іншыя намаганьні, зьвязаныя з космасам, выклікаюць асьцярогі, што геапалітычнае суперніцтва прывядзе да мілітарызацыі космасу.

А там і Зорныя войны.

Грамадзянская вайна ў Судане

Судан разьдзірае грамадзянская вайна, хаця на 2023 год ускладаліся вялікія спадзяваньні адносна міру і дэмакратыі. Напрыканцы 2022 года два бакі, якія канфліктуюць у гэтай дзяржаве, дамовіліся аб двухгадовым пэрыядзе падрыхтоўкі да дэмакратычных выбараў.

15 красавіка 2023 адзін з бакоў атакаваў базы другога па ўсёй краіне. Намаганьні дамовіцца аб спыненьні агню ні да чаго не прывялі. Да восені адзін бок кантраляваў большую частку Хартума, сталіцы Судана, у той час як іншы бок канфлікту кантраляваў Порт-Судан, галоўны марскі порт краіны.

Напрыканцы 2023 года можна казаць, што ў выніку баявых дзеяньняў загінулі больш за 10 тысячаў чалавек, а яшчэ 5,6 мільёны былі вымушаныя перасяліцца — што складае амаль 15% насельніцтва Судана.

Украіна

Нашая суседка працягвае быць самым істотным месцам для ўсяго сьвету вось ужо другі год, і канца не бачна. У пачатку 2023 года былі вялікія надзеі на тое, што ўкраінскі контрнаступ можа зьнішчыць акупацыю Расеі над Усходняй Украінай і, магчыма, Крымам. У пачатку чэрвеня ён нарэшце пачаўся.

ukraina_14.jpg

Нягледзячы на велізарныя страты расейскіх войскаў, баявыя лініі амаль не рухаліся. Акупанты выкарысталі зіму і вясну для падрыхтоўкі магутнай абароны. У пачатку лістапада генэрал Залужны назваў баі «тупіком» і прызнаў, што «глыбокага і прыгожага прарыву, хутчэй за ўсё, ня будзе».

Тым часам на Захадзе, асабліва ў ЗША, пачала выяўляцца «стомленасьць ад Украіны». На колькі стаміліся асобы, ад якіх залежаць аб’ёмы паставак фінансаваньня і зброі ва Ўкраіну, мы ўбачым ужо ў наступным годзе.

А вось каго не ўбачым дакладна, дык гэта Яўгена Прыгожына. Ваенны злачынца, кіраўнік групы Вагнэра доўга пакутаваў на камэру ад недахопу рэсурсаў, каб забіваць украінцаў. У выніку распачаў драматычны (ці тэатральны) паход на Маскву. Не дайшоўшы крыху, разгарнуўся і пайшоў назад. Галоўнае наступства: баевікі-«вагнэраўцы» трапілі ў Беларусь, зь якой потым распаўзліся хто-куды, а сам Прыгожын быў забіты падчас так званай авіякатастрофы 23 жніўня, калі яго гелікоптэр разьбіўся на тэрыторыі Расеі.

Тэрарысты з ХАМАС атакавалі Ізраіль

Восень 2023 года магла стаць гістарычнай для ізраільска-арабскіх адносінаў, але зусім з іншай пэрспэктывы. Было шмат здагадак, што Саўдаўская Арабія неўзабаве можа ўсталяваць дыпляматычныя адносіны з Ізраілем. Акрамя таго спыненьне агню ў грамадзянскай вайне ў Емене трымалася.

Дзіўна чытаць сёньня, але 30 верасьня гэтыя тэндэнцыі падштурхнулі дарадцу па нацыянальнай бясьпецы ЗША Джэйка Салівана заявіць: «У рэгіёне Блізкага Ўсходу сёньня спакайней, чым было за два дзесяцігоддзі».

Тэрарысты ХАМАС захапілі ізраільскі танк. Ненадоўга

Тэрарысты ХАМАС захапілі ізраільскі танк. Ненадоўга

Усё каардынальна зьмянілася праз восем дзён, 7 кастрычніка, калі ХАМАС напаў на Ізраіль. Каля 1200 мірных ізраільцянаў былі забітыя, што стала самым сьмяротным днём у гісторыі Ізраіля. Каля 240 чалавек былі ўзятыя ў закладнікі. Ізраіль паабяцаў зьнішчыць ХАМАС і нанёс авіяўдары па Газе, а затым распачаў наземную апэрацыю ў захопленай тэрарыстамі тэрыторыі.

Прыпыненьне баявых дзеяньняў у выніку перамоваў напрыканцы лістапада забясьпечыла вызваленьне каля ста закладнікаў. Але неўзабаве баі аднавіліся. Прэм’ер-міністар Ізраіля Біньямін Нэтаньяху абвесьціў тры галоўныя мэты: вызваленьне захопленых тэрарыстамі, поўнае зьнішчэньне ХАМАС, а таксама стварэньне ўмоваў, пры якіх з Газы больш ніколі не будзе магчымасьці пагражаць Ізраілю і ізраільцянам.

Гучыць як плян.

Землятрус у Турэччыне і Сірыі

У лютым у гэтых краінах адбыліся моцныя землятрусы. Першапачатковы землятрус магнітудай 7,8 адбыўся а 4:15 раніцы, за ім рушыў усьлед другі магнітудай 7,5 у 13:24, які суправаджаўся шматлікімі моцнымі штуршкамі, якія прывялі да абвальваньня будынкаў. У выніку разбуральнага ўзьдзеяньня загінулі прынамсі 59 тысячаў чалавек у Турэччыне і 8 тысячаў чалавек у Сірыі.

Ахвярамі землятрусу сталі каля 70 тысячаў чалавек, у тым ліку беларусы

Ахвярамі землятрусу сталі каля 70 тысячаў чалавек, у тым ліку беларусы

Каранацыя Карла ІІІ у Вялікай Брытаніі

Падзеі такога кшталту сьвет не бачыў з 1952 года, калі каранавалі маці Карла ІІІ Элізабэту ІІ. Фэнаменальная цікавасьць да ўрачыстасьці суправаджала доўгія этапы падрыхтоўкі і саму цырымонію. Новы кароль нарэшце дачакаўся моманту свайго трыюмфу.

karl.png

Польшча, Аргентына зьмяняюць курс, туркі зноў падтрымалі Эрдагана

У 2023 годзе адбыліся шэраг выбараў у дэмакратычных краінах, якія маглі альбо змаглі скіраваць палітыку сваёй дзяржавы ў іншы бок.

У Аргентыне да ўлады прыйшоў чалавек, які сваімі экстравагантнымі ўчынкамі будзе прыцягваць сусьветную ўвагу яшчэ прынамсі год. Хаўер Мілей прапаведуе анарха-капіталізм, але што гэта будзе азначаць на практыцы, нам яшчэ прыйдзецца даведацца.

У Польшчы пасьля чарговым парлямэнцкіх выбараў адбылася зьмена ўраду. Замест Матэвуша Маравецкага з «Права і Справядлівасьці», весьці нашую заходнюю суседку да лепшай будучыні будзе чалавек, які 10 гадоў таму ўжо спрабаваў гэта рабіць – Дональд Туск. Ён узначаліў кааліцыю з кааліцый польскіх партыяў, што дазволіла атрымаць у парлямэнце больш месцаў, чым раней кіроўная партыя Маравецкага і прэзідэнта Анджэя Дуды.

Ці будзе другі заход Туска больш пасьпяховым за папярэдні – пакажа толькі час і паказчыкі польскай эканомікі.

А вось туркі на прэзідэнцкіх выбарах, якія адбыліся непасрэдна пасьля катастрафічнага землятрусу, праявілі адсутнасьць дастатковага імпэту да зьменаў на палітычным алімпе, і 69-гадовы Эрдаган чарговы раз атрымаў перамогу 28 траўня. Яго супернік меў, як здавалася, неблагія шанцы на перамогу, але на фінішы гонкі праявіў сябе блякла і няўпэўнена.

Прэзідэнт Турэччыны Эрдаган

Прэзідэнт Турэччыны Эрдаган

Тым часам у Бразыліі, пасьля мінулагодніх выбараў да ўлады 1 студзеня прыйшоў сацыяліст Лулу да Сільва. А ўжо 8 студзеня па ўсёй краіне ўспыхнулі беспарадкі, справакаваныя нежаданьнем прыхільнікаў пераможанага прэзідэнта Балсанару прызнаць паразу. Маніфэстанты атакавалі дзяржаўныя будынкі, у тым ліку прэзідэнцкі палац і Вярхоўны суд. Па выніках былі арыштаваныя каля 1500 чалавек.

Шматлікія ўдзельнікі беспарадкаў казалі, што іх мэта складалася ў тым, каб падштурхнуць вайскоўцаў зьдзейсьніць дзяржаўны пераварот і сарваць дэмакратычны пераход улады.

Паўднёвая Амэрыка ў 2023 годзе вырашыла сур’ёзна пазнаёміць сьвет са сваімі дзіўнымі манэўрамі, апошняй на сёньня адзначылася Вэнэсуэла з левым прэзідэнтам Мадурам на чале. Яны правялі рэферэндум, на якім большасьць тых, хто прыняў удзел, выказаліся за неабходнасьць далучэньня дзьвюх трацінаў суседняй дзяржавы Гаяны. Там акурат нядаўна знайшлі фантастычныя запасы нафты.

Глядзіце таксама

У Кітаі пераабралі Сі

Нягледзячы на пэўныя спадзяваньні, на чарговым выбарчым зьезьдзе камуністычнага Кітая, сярод кандыдатаў на пасаду галоўнага камуніста прысутнічала толькі імя Сі. З прысутных 2952 дэлегатаў за яго прагаласавалі 2952 чалавекі.

Акрамя гэтага за год у Кітаі зьніклі, а таксама былі забітыя некаторыя вядомыя дзеячы, яшчэ нядаўна паплечнікі Сі.

Не забудзем і пра тое, што Фінляндыя ўвайшла ў NATO, а Харватыя ў зону эўра і шэнген, улічвайце пры падарожжах.

finland.jpg