Вынікі года. Спорт у 2023-м: допуск да Алімпіяды, Сабаленка — першая ў свеце
Пачынаем падводзіць вынікі года! Беларускі спорт сёлета — гэта паступовы выхад з міжнароднай ізаляцыі, стагнацыя ў футболе і рэдкія індывідуальныя поспехі.
Беларусы будуць на Алімпіядзе, але ў нейтральным статусе
Калі 2022 год беларускія спартсмены пражылі амаль у суцэльнай міжнароднай ізаляцыі, то ў 2023-м бар’еры памалу сталі здымаць. Вайна ва Украіне працягваецца, расійцы па-ранейшаму здзяйсняюць ваенныя злачынствы, а рэжым Лукашэнкі ім усяляк дапамагае. Але да кровапраліцця многія прызвычаіліся — у тым ліку Міжнародны алімпійскі камітэт, які раптам устурбаваўся правамі расійскіх і беларускіх атлетаў.
У выніку пад лозунгам «Спартсмен не мусіць адказваць за дзеянні ўрада» прадстаўнікоў дзвюх дзяржаў-суагрэсараў спачатку пачалі дапускаць да міжнародных спаборніцтваў, а потым далі зялёнае святло і на Алімпійскія гульні.
Пры гэтым, як вядома, беларусы змогуць удзельнічаць у турнірах у нейтральным статусе. То-бок без аніякіх прыкмет дзяржаўнай прыналежнасці — гімна, сцяга і г.д. Беларускі НАК нешта там плявузгаў у адказ на такое рашэнне, маўляў, гэта прыніжальна, але выбіраць не даводзіцца. Нікуды лукашэнкаўскія спартыўныя чыноўнікі не падзенуцца — атлеты паедуць на Гульні ў тым статусе, які вызначыў МАК.
Адметная падрабязнасць у тым, што ў камандных відах бан захаваецца. Але гэта больш тычыцца расійцаў, бо беларусы ў калектыўных дысцыплінах і так не вытрымліваюць канкурэнцыі. Яны б і так на Алімпіяду не кваліфікаваліся.
Важна і тое, што сярод крытэраў допуску да Алімпіяды МАК пазначыў патрабаванне, каб кандыдаты ад Беларусі і РФ не былі заўважаны ў падтрымцы вайны, а таксама не мелі дзейных кантрактаў з сілавымі ведамствамі сваіх краін. Наконт другога ў лукашэнкаўскай сістэме ўсё складана — да шэрагу федэрацый рэпрэсіўныя структуры маюць спонсарскае дачыненне. Але, верагодна, да моманту праверкі на адпаведнасць крытэрам гэта нюанс неяк бюракратычна вырашаць, а МАК дыпламатычна закрые на гэты вочы.
Ну і наконт падтрымкі вайны праблем не прадбачыцца. Ці тое беларускія спартсмены сапраўды не хворыя на пуцінізм галаўнога мозгу (і лукашызм заадно), ці проста паводзяць сябе прагматычна, але публічных адэптаў расійскай агрэсіі сярод іх амаль няма. За выключэннем некалькіх гарадскіх вар’ятаў, дый тыя ўжо даўно схаваліся ў бульбу і маўчаць.
Сабаленка стала першай ракеткай свету, але ненадоўга
Праз ізаляцыю і агульную стагнацыю беларускія спартсмены сёлета рэдка ўражвалі заўзятараў на міжнароднай арэне. У футболе годна выглядаў нападаючы Ілля Шкурын, які ў 2020 годзе падтрымаў пратэсты і адцураўся ад зборнай, пакуль ва ўладзе Лукашэнка. У складзе клуба «Сталь» з Мелеца ён забіў шмат галоў і стаў адным з лепшых бамбардзіраў першынства Польшчы. У хакеі добра паказаў сябе Ягор Шаранговіч — ён лепшы бамбардзір каманды НХЛ «Калгары Флэймз».
Але, канешне, ні пра каго не гаварылі так шмат, як пра тэнісістку Арыну Сабаленка. У верасні яна змагла стаць першай ракеткай свету, пра што напісалі ўсе спартыўныя медыя планеты. Праўда, доўга на вяршыні беларуска не пратрымалася. Ужо ў лістападзе на вяршыню вярнулася геніяльная полька Іга Свёнтэк. Пры гэтым Сабаленка па выніках года была сімвалічна прызнана Міжнароднай федэрацыяй тэніса чэмпіёнкай свету.
А яшчэ беларускую тэнісістку шмат крытыкавалі за няўцямную грамадзянскую пазіцыю адносна падзей ва Украіне і сітуацыі на радзіме. І ўрэшце ў чэрвені яна зрабіла заяву: сказала, што не падтрымлівае ні вайну, ні Лукашэнку. Колькі ў гэтым шчырасці, невядома, але відавочна: Сабаленка ў апошні час усяляк дыстанцуецца ад рэжыму. Жыве ў ЗША, у праўладных актыўнасцях не заўважана, на прапаганду беларускай дыктатуры не працуе. То добра, што хаця б так.
Футбольную зборную ўзначаліў іспанец
Беларуская зборная па футболе няблага завяршыла год, атрымаўшы перамогі над Косава і Андорай, а таксама згуляўшы ўнічыю са Швейцарыяй. Гэтага хапіла, каб, паводле старой звычкі, загаварыць пра нейкі пад’ём у адным з самых нямоглых для беларусаў відзе спорту. Насамрэч, ніякага пад’ёму, вядома, няма. Тыя матчы для супернікаў ужо нічога не вырашалі — а вось беларусы былі гранічна матываваныя, хаця датэрмінова страцілі ўсе шанцы на выхад з адборачнай групы. Так заўсёды бывае, калі ў каманду прыходзіць новы трэнер.
Па запрашэнні новага кіраўніцтва федэрацыі футбола іспанец Карлас Авас узначаліў зборную Беларусі ў жніўні. Цікавы персанаж ужо тым, што да той пары працаваў з камандай у іншай дыктатуры — Руандзе, дзе мясцовы «лідар нацыі» кіруе чвэрць стагоддзя, кожны раз набіраючы на «выбарах» больш за 90% галасоў. Але грошы недзе зарабляць трэба. Калі ў Еўропе ты незапатрабаваны, то хай будзе Афрыка. А цяпер і Беларусь.
Прызначэнне новага трэнера, канешне, надало зборнай пэўны імпульс, тым больш пры папярэднім — Георгіі Кандрацьеве — справы ішлі спрэс гаротна. На гэтым імпульсе футбалісты сапраўды нешта на полі прадэманстравалі, іншая справа, што ў адзін момант лепей гуляць яны не сталі. Таму перспектывы ў айчынным футболе ад гэтага аніяк не зменяцца — як былі беларусы еўрапейскімі аўтсайдарамі, так імі і застануцца.
У беларускім баскетболе з’явіўся клуб-мем
У сённяшнім беларускім спорце шмат карыкатурнага, а ў авангардзе тут, бадай, баскетбол. Больш канкрэтна — вядучы мужчынскі клуб, якога ўсе крыўдзяць.
БК «Мінск» — гэта прадстаўнік Беларусі ў расійскай Лізе ВТБ. І па сумяшчальніцтве — сімвал тупіковага шляху ў бок Расіі. У гэтым кірунку рухаецца і хакей, дзе мінскае «Дынама» штогод марыць аб адным — каб толькі ўпаўзці ў плэй-оф КХЛ і там хуценька прайграць, і валейбол, дзе беларусы расійцам таксама не супернікі. Але найбольш выразна нямогласць такой інтэграцыі выяўляецца ў баскетболе.
Сваіх баскетбалістаў высокага ўзроўню ў Беларусі даўно няма. Каб сабраць моцны пул легіянераў, патрэбны вялікія гроша, а іх таксама няма. Таму «Мінск» абсалютна неканкурэнтаздольны ў Расіі, і сам пра гэта ведае.
У Расіі мінчане выступаюць з 2010 года і ніколі не ведалі поспехаў. Некалькі перамог за сезон і месца ўнізе турнірнай табліцы — тыповы сцэнар для беларускага клуба. Пры гэтым чым далей, тым усё больш бездапаможнымі выглядалі мінскія баскетбалісты ў ВТБ-лізе. Пакуль не надышоў 2023 год.
Сёлета «Мінск» пераўзышоў сябе. У першай палове сезона — ніводнай перамогі, адны паражэнні. На гэтай глебе клуб пераўтварыўся ў мем, пра які пачалі іранічна пісаць нават неспартыўныя незалежныя медыя.
Цікава, што раней каманда мела пэўную спагаду заўзятараў праз сваю нацыянальную скіраванасць. У 2012-2022 гадах клуб насіў назву «Цмокі», меў выразную беларускую айдэнтыку, на сайце і ў сацсетках было шмат беларускай мовы. Але пасля сфальсіфікаваных у 2020-м выбараў лукашэнкаўскі рэжым узяў курс на татальную русіфікацыю, ахвярай якой аднойчы сталі і «Цмокі». Іх перайменавалі ў «Мінск», а беларуская мова ў клубных пабліках больш не выкарыстоўваецца. Дагадзіць Маскве і Лукашэнку дагадзілі, але перамагаць ад гэтага больш не сталі.