«З асаблівай жорсткасцю». У Казахстане судзяць міністра, які забіў сваю жонку

У Казахстане ўжо некалькі месяцаў не сціхаюць дыскусіі па рэзананснай справе забойства ў рэстаране 31-гадовай Салтанат Нукенавай. На лаве падсудных — былы міністр эканомікі.

Куандык Бішымбаеў і Салтанат Нукенава. Калаж: kursiv.kz

Куандык Бішымбаеў і Салтанат Нукенава. Калаж: kursiv.kz

У судзе Астаны разглядаюць справу супраць экс-міністра эканомікі Куандыка Бішымбаева. Паводле версіі следства, былы чыноўнік з асаблівай жорсткасцю забіў сваю жонку Салтанат Нукенаву ў VIP-кабінцы рэстарана. Сам Бішымбаеў адмаўляе сваю віну. Ён настойвае, што жонка ў той вечар выпіла алкаголь і «справакавала» яго сваёй «агрэсіяй». Выказванні былога міністра выклікалі грамадскі рэзананс не толькі ў Казахстане, але і ў суседніх краінах, піша «Бі-бі-сі».

На лаве падсудных у Астанінскім судзе знаходзяцца 43-гадовы былы міністр нацыянальнай эканомікі Куандык Бішымбаеў і яго стрыечны брат Бахытжан Байжанаў.

Суд праходзіць з удзелам прысяжных засядацеляў, пра гэта прасіў сам Бішымбаеў. Яго абвінавачваюць у забойстве з асаблівай жорсткасцю і катаваннях 31-гадовай Салтанат Нукенавай, з якой ён знаходзіўся ў неафіцыйным (грамадзянскім) шлюбе.

Паводле версіі следства, у ноч на 9 лістапада мінулага года Бішымбаеў збіў жонку ў рэстаране і пакінуў яе паміраць на працягу 6-8 гадзін на падлозе VIP-кабінкі.

Брату экс-міністра прад'яўлена абвінавачанне ва ўкрывальніцтве і неданясенні аб злачынстве — па яго даручэнні была выдаленая частка запісаў з відэакамер назірання.


Глядзіце таксама

«Патэлефанаваў варажбітцы замест хуткай дапамогі»

3 і 4 красавіка на судзе дапытвалі Бішымбаева. Ён расказаў сваю версію падзей у дзень смерці Нукенавай. Паводле яго слоў, у той вечар жонка выпіла з ім тры бутэлькі пеністага віна і «высвятляла з ім стасункі».

У ходзе сваркі Нукенава, сцвярджае абвінавачаны, справакавала яго тым, што «абражала яго трохпавярховым матам» і змыла ва ўнітаз падораныя ім «дарагія» аксэсуары.

«Яна стаяла тварам да ўнітаза і спінай да мяне. Яна, мабыць, думала, што я буду трымаць, і рэзка тузанула, а я адпусціў яе, і яна страціла раўнавагу і [...] тварам звалілася на ўнітаз. Вельмі моцна», — расказаў Бішымбаеў, спрабуючы растлумачыць паходжанне ран на твары дзяўчыны.

Паводле яго, яна «ўпала на кафляную падлогу прыбіральн»і пры спробе падняцца. Былы міністр прызнае, што ён чатыры-пяць разоў штурхнуў жонку, каб прывесці яе ў прытомнасць. Аднак ён запэўнівае, што пры ўдарах «ніякі жыццёва важны орган не пацярпеў».

У ходзе допыту стала вядома, што Бішымбаеў патэлефанаваў варажбітцы пасля таго, як жонка страціла прытомнасць і не прыходзіла ў сябе.


Глядзіце таксама

«Я моцна захваляваўся і патэлефанаваў знаёмай празорцы. Кажу: "Яна не прачнулася, у яе такі сіняк [на твары]". Яна сказала: "Яна проста стамілася, апрытомнее, пойдзеце дадому". У мяне ад сэрца адлягло», — падзяліўся былы міністр.

У выніку Бішымбаеў не стаў выклікаць «хуткую дапамогу». Ён патэлефанаваў стрыечнаму брату Бахытжану Байжанаву і папрасіў яго прывезці аспірын з кетанолам.

На судзе стала вядома, што Бішымбаеў таксама папрасіў сваяка выдаліць запісы з відэакамер, каб відэа іх канфлікту не трапіла ў тэлеграм-каналы. Экс-міністр аддаў брату тэлефон Нукенавай і загадаў адвезці яго дадому, каб схаваць яе геалакацыю ад родных.

Экспертыза і відэазапісы абвяргаюць паказанні Бішымбаева

Паводле заключэння судова-медыцынскай экспертызы, Нукенава памерла ў выніку закрытай чэрапна-мазгавой траўмы. У яе быў зламаны нос, на галаве былі выяўлены множныя сінякі і пашкоджанні.

Экспертыза заключыла, што такія траўмы Нукенава не магла атрымаць ад падзення, як сцвярджае абвінавачаны.

Больш за тое, дзяржабвінавачанне паказала ў судзе відэазапіс з камер назірання. «Бішымбаеў бярэ за валасы Нукенаву, штурхае нагамі, затым б'е па твары. Далей спрабуе завесці яе ў VIP-кабінку», — пракаментаваў відэа пракурор.


Глядзіце таксама

На першым пасяджэнні суда, 29 сакавіка, стала вядома, што супрацоўнікі рэстарана выдалілі частку запісаў з відэакамер — па просьбе Байжанава, стрыечнага брата Бішымбаева.

Тады ж дзяржабвінавачанне зачытала паказанні бармэна. Ён расказаў, што перад прыездам паліцыі Бішымбаеў хадзіў з нажом у руках.

«Калі мы яго трымалі, Бішымбаеў казаў, што ён забіў сваю жонку і што яна ляжыць у кабінцы. Праз гэта, хутчэй за ўсё, ён хацеў сябе забіць таксама», — агучыла пракурорка паказанні сведкі.

Чаму справа выклікала грамадскі рэзананс?

Паказанні Бішымбаева, як і яго непрызнанне віны, выклікалі грамадскі рэзананс у Казахстане і іншых краінах. У сацыяльных сетках з'явіўся хэштэг #заСалтанат у падтрымку забітай. Бішымбаева абвінавачваюць у вікцімблэймінгу і маніпуляцыі інфармацыяй.

Праціўнікі Бішымбаева патрабуюць пажыццёвага пакарання для экс-міністра.

Кіраўніцак «Саюза крызісных цэнтраў» Зульфія Байсакава расказала «Бі-бі-сі», што правядзенне судовага працэсу ў анлайн-фармаце толькі ўзмацніла грамадскае абурэнне.

Відэатрансляцыя судовага пасяджэння вядзецца на ютуб-канале Вярхоўнага суда Казахстана.

«Цікавасць павышаная асабіста да Бішымбаева, таму што гэта рэцыдыў. Ён і раней прыцягваўся да крымінальнай адказнасці, але па іншым артыкуле, за карупцыйныя махінацыі. Прэзідэнт вызваліў яго датэрмінова [па УДВ], і ён зноў парушыў [закон]. І гэта прайшло з асаблівай жорсткасцю», — расказала праваабаронца.

Больш за тое, гэта першая справа аб хатнім гвалце, якая разглядаецца з удзелам прысяжных, адзначыла Байсакава.

Як караюць у Казахстане хатніх аб'юзэраў

Паводле даных Генеральнай пракуратуры Казахстана, у паліцыю штодня паступаюць прыкладна 300 заяў па фактах хатняга гвалту. За год гінуць не менш за 80 жанчын.


Глядзіце таксама

Згодна з Законам «Аб прафілактыцы бытавога гвалту», паліцыя можа выпісаць аб'юзэру ахоўнае прадпісанне, якое забараняе кантактаваць з ахвярай 30 дзён. Агрэсару пагражае адміністрацыйны арышт да 10 сутак пры парушэнні ахоўнага прадпісання.

У Казахстане цяпер таксама пераглядаецца пакаранне для сямейных агрэсараў. Улады краіны вырашылі крыміналізаваць артыкулы «Наўмыснае прычыненне лёгкай шкоды здароўю» і «Пабоі», па якіх хатніх аб'юзэраў прыцягваюць да адказнасці.

У лютым 2024 года законапраект быў прыняты ў Мажылісе (ніжняя палата парламента Казахстана) і накіраваны на разгляд у Сенат (верхняя палата парламента).

Хоць артыкулы і пераносяцца ў Крымінальны кодэкс, аднак віды пакарання застаюцца ранейшымі — штраф і арышт, толькі павялічваюцца іх памеры. Так, за нанясенне пабояў плануецца павялічыць памер штрафу з 36 тысяч да 295 тысяч тэнге (з 80 да 650 долараў).