Замежныя СМІ пра Беларусь: 6–12 верасня

Беларусь — аўтакратычная дзяржава Еўропы — не страціла шанцаў на інтэграцыю з ЕС. Але Крэмль усё адно мае зуб за іншае. Па-першае, Расію раздражняе, што Мінск шукае фінансавай дапамогі ў Кітаі, а па-другое, што Лукашэнка не выказвае належнай павагі да Пуціна, хаця Пуцін лічыць яго проста сваім васалам. У цэлым жа апошні канфлікт паказвае, што магчымасці ўплыву Расіі нават на славянскія рэспублікі былога СССР абмежаваныя, а прывабнасць расійскай мадэлі — нізкая. «Financial Times» (Вялікабрытанія)



smi4.jpg

Бяда толькі ў тым, што ў нашай улады існуе нейкі страх. Ён заключаецца ў тым, што, страціўшы лаяльную, але пры гэтым таталітарную Беларусь, мы страцім нейкі кардон паміж намі і ЕС. Іншы элемент страху: калі не Лукашэнка, дык заўтра NАТО будзе пад Смаленскам. І спадар Лукашэнка на гэтым страху актыўна гуляе, атрымліваючы ў той ці іншай форме чарговую порцыю грошай ад Расіі. Менавіта нашы ўласныя страхі дазваляюць Аляксандру Рыгоравічу шантажаваць Расію ў самых розных формах. Дык, можа, каб нашых грамадзян больш не арыштоўвалі ў Мінску, час пазбавіцца ад гэтых страхаў? Хвост можа віляць сабакам толькі тады, калі сабака сам гэта дазваляе. Можа, час пачаць будаваць канструктыўныя адносіны не толькі з кіраўніцтвам гэтай краіны, але і з апазіцыяй? Таму што рана ці позна такая эканоміка абрынецца. І як бы тады ні разваліліся і Мытны саюз, і Саюзная дзяржава…

«Итоги» (Расія)

За кошт эскалацыі канфлікту Мінск дэманстратыўна здзекуецца з Масквы і ўсяляк робіць выгляд, што не баіцца далейшага ўскладнення адносінаў з расійскім урадам. Інтрыга развязкі чарговага «саюзніцкага» скандалу заключаецца ў тым, ці знойдзе Уладзімір Пуцін у сваім шчыльным графіку час для асабістай сустрэчы з беларускім кіраўніком. На гэта відавочна разлічвае Аляксандр Лукашэнка ў перыяд правядзення на беларускіх палігонах стратэгічных вучэнняў «Захад–2013» 20–26 верасня. Пакуль жа Мінск робіць усё магчымае, каб да перамоў кіраўнікоў адзін на адзін пагроза эканамічных санкцый з боку Расіі стала рэальнасцю.

«Deutche Welle» (Германія)

Многіх здзівіла нязладжанасць хору галасоў у падтрымку Уладзіслава Баўмгертнера. Здавалася б, фактычны захоп у закладнікі кіраўніка буйнога расійскага прадпрыемства павінен выклікаць больш жорсткую рэакцыю, чым мы назіраем сёння. Адказ тут, магчыма, такі: быццам бы спантаннае эмацыйны рашэнне Лукашэнкі на самай справе было пралічана на некалькі крокаў наперад. Беларускі кіраўнік улічыў стаўленне да асобы Сулеймана Керымава і ў расійскім грамадстве (на яго публічнай абароне ні адзін палітык не зможа зарабіць балы, а хутчэй нават страціць), і ўласна ва ўладнай эліце, якая раздзіраецца кланавымі канфліктамі. Не выключана, што Уладзіслаў Баўмгертнер правядзе ў беларускай турме досыць шмат часу — пакуль у двухбаковых адносінах не з’явіцца важкая падстава для ўзаемавыгаднага абмену.

«Русский репортер» (Расія)

Можна толькі здагадвацца, які велізарны ўрон панясе беларуская эканоміка, калі Крэмль уключыць усе магчымыя механізмы супраць Лукашэнкі. Напрыклад, пакуль Мінфін РФ не адмаўляецца ад прадстаўлення Беларусі чарговага крэдыту ў 440 мільёнаў долараў, але ж можа і адмовіцца: бо знешні доўг Беларусі ўжо дасягнуў 16 мільярдаў долараў і наўрад краіна ў стане гэтыя грошы аддаць ... Пасля ўсіх «мер ціску» з боку Расіі яшчэ больш павялічыцца і без таго вялікі дэфіцыт гандлёвага балансу Беларусі. А за ім услед непазбежна адбудзецца і новы абвал беларускага рубля і, як следства, новае збядненне насельніцтва Беларусі, якое прывядзе да падзення рэйтынгу Лукашэнкі да новага гістарычнага мінімуму ў 10–15%, пасля якога яму будзе ўжо не падняцца вышэй за 25% да выбараў прэзідэнта 2015 года а гэта будзе азначаць непазбежную паразу.

«Аргументы и факты» (Расія)