Жарсці па апошнім маскалі
Уся Украіна падзялілася на прыхільнікаў і крытыкаў камедыйнага серыяла «Останній москаль». «Апошні маскаль» давёў, што мясцовая масавая культура — цалкам рэальная рэч.
Скандальныя сітком (рэжысёр Сямён Гораў) стартаваў 14 красавіка на канале «1+1» і, здавалася, заслугоўвае толькі пазітыўных водгукаў. Хаця б таму, што ва Украіне даўно кажуць пра неабходнасць стварэння аналагаў расійскага «мыла». «Апошні маскаль» давёў, што мясцовая масавая культура — цалкам рэальная рэч. Прэм’ерную серыю серыялу пра прыгоды маскоўскага мажора Валеры ў глухой карпацкай вёсцы паглядзелі 3 мільёны 268 тысяч гледачоў. Гэта складае 36,4% усіх украінскіх тэлегледачоў ва ўзросце 18–54 гадоў.
Не дзіўна, што ў серыяла імкліва сфармавалася свая армія фанатаў, а артыст Юрый Гарбуноў, што выканаў ролю хітрага гуцула, стаў ледзь не эталонам сапраўднага мужчыны. Прадукцыя «1+1» спадабалася таксама і гледачам у рускамоўных рэгіёнах, хаця серыял фактычна будуецца на анекдотах з цыклу «Прыязджае ў Карпаты маскаль. «Апошні маскаль» — добрая, бліскучая і каларытная камедыя пра чалавечыя адносіны. Аб’ектам сатыры ў праекце з’яўляюцца культурныя стэрэатыпы», — піша адно з выданняў Запарожжа.
Аднак паралельна фільм выклікаў і жорсткую крытыку. Самая незвычайная прэтэнзія заключаецца ў тым, што ўкраінцы на экране выглядаюць анекдатычна, а вось «маскаль» атрымаўся занадта пазітыўным персанажам. На інтэрнэт-форумах сустракаюцца каментары накшталт «людзі, якія знялі гэты недасерыял, ненавідзяць украінцаў».
«Інтуіцыя ў чарговы раз не падвяла: украінскія тэлеканалы здольныя паказваць серыялы пра ўкраінцаў выключна ў аспекце «шараваршчыны» — пацешнай і абмежаванай. Украінская мова належыць толькі тым, хто ў шараварах і не можа без самагонкі і сала. Не глядзіце — брыдасць. Беражыце свае нервы», — напісаў на сваёй старонцы ў Facebook намеснік старшыні ЦВК Андрэй Магера.
«Апошні маскаль» апынуўся, як па мне, вельмі няўдалай спробай стварыць... нават не ведаю, што... Гэта не камедыя, таму што не смешна... Я ўжо не кажу пра тое, што аўтары пайшлі рызыкоўным шляхам насмешкі з братоў-гуцулаў, не маючы ніякага ўяўлення пра іх традыцыі, звычкі, гісторыю і, урэшце, рэчаіснасць...» — так ацаніў фільм дарадчык главы Службы Бяспекі Украіны Маркіян Лубкоўскі.
Некаторыя гуцулы і этнографы, сапраўды, лічаць пабачанае ў серыяле пасквілем на гуцульскую культуру. Так, львоўскі пісьменнік Юры Віннічук адзначае: «Гэтыя дэбілы хоць раз у Карпатах былі? Хоць бы раз чулі, як гуцулы размаўляюць?»
Цікавая пазіцыя Юрыя Шэўчука, дырэктара ўкраінскага кінаклубу ў Нью-Ёрку. Ён крытыкуе твор Горава за тое, што ён зняты паводле расійскіх міфаў пра Украіну: «Серыял прапануе нам погляд на ўкраінцаў, які тыпова ўласцівы носьбітам рускага расісцкага менталітэту. Па-першае, у фільме ўкраінцы намаляваны як цёмныя мужыкі, таму ніводны разумны чалавек не пажадае быць украінцам. Па-другое, украінцы дэбільныя, але ў сваім дэбілізме цалкам бяскрыўдныя і для шмат каго нават трохі сімпатычныя. Па-трэцяе, украінцы размаўляюць на мове, на якой у рэальным жыцці размаўляюць толькі рускамоўныя. Чацвёрты фактар — гумар серыяла імперскі, бо ўсё ўкраінскае — смешнае па вызначэнні». Усё гэта, лічыць амерыканскі эксперт, у выніку нявечыць тысячы душаў маладых украінцаў.
Стваральнікі серыяла, у сваю чаргу, прынялі выклік крытыкаў, выступіўшы ў абарону свайго прадукту. Гэта выклікала цікавую культуралагічную баталію вакол ролі гумару ў цяперашняй Украіне, месца масавай культуры ў грамадстве, задачах кіно ў постмайданавай Украіне.
«Народ, які не можа пасмяяцца з сябе, — слабы народ. Луі дэ Фюнеса, які высмейваў французскіх жандараў, ненавідзелі ўсе жандары. Але гэта ж не значыць, што ён жадаў кагосьці пакрыўдзіць. Наш серыял — як анекдот, і хтосьці яго разумее, а хтосьці — не. Маркіян Лубкоўскі, напрыклад, не зразумеў гэты анекдот», — кажа актор Гарбуноў.
Стваральнікі карціны аспрэчваюць тэзіс пра тое, што яны хацелі пакрыўдзіць гуцульскую спадчыну. Больш за тое, па іх словах, фрагментарна сцэнар пісалі самі гуцулы, якія прысутнічалі на здымачнай пляцоўцы. «То самагонка не такога колеру, то акцёры на дыялекце не кажуць, то ў гарнітурах «штосьці не тое»… А вось калі б акцёры загаварылі як сапраўдныя гуцулы, тут жа «ўдзячныя гледачы» закрычалі б: «Што такое? Не разумеем!» — піша адзін кінакрытык.
На думку некаторых культуролагаў, такія фільмы, як «Апошні маскаль» — лепшая зброя супраць расійскай прапаганды, якая малюе ўкраінцаў як фашыстаў. «У серыяле ўкраінцы не дурныя, а мілыя і лагодныя. Ну ніяк на фашыстаў, пра якіх любіць гаварыць Кісялёў, не падобныя», — адзначае адзін з блогераў. Другі блогер піша, што гэты фільм зроблены для ўкраінскага грамадства, якое жыве парадыгмай вайны. Ён піша: «Сам факт выхаду такога шоў на ўкраінскім тэлебачанні — ужо подзвіг сам па сабе. Хоць бы таму, што сярод бясконцых блокаў навінаў, якія прапануюць крывавыя і трывожныя сюжэты, нам вельмі моцна бракавала чаго-небудзь тэрапеўтычнага, надзённага, але пры гэтым таго, што вылечвае».
У гэтай спрэчцы вакол серыялу паступова выдзеліўся трэці лагер. Гэта тыя, хто прымае крытыку наконт карціны, аднак даруе яе аўтарам усе правалы. На іх думку, увесь негатыў пераважвае тое, што зроблены першы крок у развіцці ўкраінскага маскульта. «Каму смешна, а каму — не: справа асабістага пачуцця гумару і густу. Але чым больш будуць здымаць украінскіх фільмаў, тым будзе больш якаснага кіно», — піша журналіст Юлія Яравая.
Памятаючы выраз «пра густы не спрачаюцца», будзе лагічна прапанаваць кожнаму самому зрабіць выснову наконт «Апошняга маскаля». Усе серыі ўкраінскага сіткома можна абсалютна бясплатна паглядзець на канале youtube.