Заўтра вынесуць прысуд па справе катастрофы рэйса MH17
Праз восем гадоў пасля катастрофы стануць вядомыя імёны вінаватых.
На збор інфармацыі і разгляд справы збітага малазійскага «Boeing 777» рэйса MH17 сышло ні многа ні мала 8 гадоў. У зале суда дэталёва разбіралі дакументы, развенчвалі тэорыі змовы, даследавалі альтэрнатыўныя сцэнары, праслухоўвалі перахопленыя тэлефонныя размовы і давалі слова сведкам, піша «Бі-бі-сі»
У датычнасці да катастрофы самалёта абвінавачваюцца:
- Ігар Гіркін (Стралкоў) — грамадзянін Расіі, «міністр абароны» так званай «ДНР», адстаўны афіцэр ФСБ.
- Сяргей Дубінскі — грамадзянін Расіі, старшы афіцэр ГРУ арміі РФ у адстаўцы.
- Алег Пулатаў — грамадзянін Расіі, падпалкоўнік запасу ПДВ арміі РФ.
- Леанід Харчанка — грамадзянін Украіны, камандзір выведнай часткі ГРУ «ДНР».
Пракуратура Нідэрландаў запрасіла для кожнага з іх пажыццёвы тэрмін, але падкрэслівае, што ніхто з абвінавачаных асабіста не ўдзельнічаў у пуску ракеты па «Боінгу».
У першыя ж дні суда над датычнымі да катастрофы самалёта высветлілася, што ў 2014 годзе з Расіі на тэрыторыю, якую кантралявалі сепаратысты, накіраваліся як мінімум два зенітна-ракетныя комплексы (ЗРК) «Бук».
Пракуратура Нідэрландаў упэўненая, што за транспарціроўку першага «Бука» адказваў афіцэр ГРУ Алег Іваннікаў. Але яго калона не даехала да так званай «ДНР»: «Бук» зламаўся па дарозе. Устанавілі гэта з дапамогай тэлефонных праслухоўванняў, а таксама на падставе фота- і відэаматэрыялаў, якія атрымалі следчыя.
За перасоўванне другога «Бука» адказваў адстаўны афіцэр ГРУ Генштаба Расіі Сяргей Дубінскі, устанавіла нідэрландская пракуратура. Гэты «Бук» паспяхова дабраўся да Данецка, а потым паехаў у бок горада Снежнае, што пацвярджаецца шматлікімі фота і відэа.
Следства па справе MH17 атрымала шматлікія перахопы тэлефонных размоў, з якіх высветлілася, што камандзіры вайсковых фарміраванняў самаабвешчанай «ДНР» неаднаразова прасілі расійскіх чыноўнікаў і генералаў даставіць ім «Бук», каб супрацьстаяць авіяцыі Украіны.
Усяго праз паўгадзіны пасля крушэння «Боінга» чалавек з голасам Харчанкі далажыў чалавеку з голасам Дубінскага:
— Мы на месцы, адну ўжо «сушку» збілі (маецца на ўвазе знішчальнік «Су»).
— Малайцы, ай, малайцы! Адну «сушку» збілі, малайцы! — адказвае суразмоўца.
Прыбыўшы на месца падзення абломкаў самалёта, сепаратысты выявілі, што збіты борт аказаўся грамадзянскім, а не вайсковым. У размовах паміж сабой афіцэры вайсковых падраздзяленняў так званай «ДНР» пачалі абмяркоўваць версію, што рэйс МН17 быў збіты ўкраінскім вайсковым самалётам. А «Бук», дасланы з Расіі, нібыта збіў не грамадзянскі лайнер, а менавіта гэты ўкраінскі штурмавік.
Аднак ні ў дзень катастрофы, ні цягам наступных васьмі гадоў аж да сённяшняга дня ні Расія, ні самаабвешчаная «ДНР» не паказалі свету абломкі ўкраінскага вайсковага самалёта, які нібыта мог збіць «Боінг».
Заўтра нарэшце стане вядома, хто насамрэч вінаваты ў гэтай трагедыі над Данбасам.
«Я ўпэўнены, што гэтыя чацвёра падазраваных не трапяць турму пасля прысуду», — сказаў тэлеканалу «Euronews» старшыня Фонду сваякоў ахвяр Піт Плуг.
«Правасуддзе не будзе завершаным, калі ў выніку зламыснікі не апынуцца ў турме. Тым не менш, для нас мае вялікае значэнне пачуць бок абвінавачання, які прадставіць грамадскасці ўсе наяўныя доказы і абвесціць сваё рашэнне», — кажа асістэнт факультэта міжнароднага крымінальнага права ўніверсітэта Амстэрдама Мар'еке дэ Хун.
У Крамлі сцвярджаюць, што міжнародныя следчыя адхілілі Расію ад паўнавартаснага ўдзелу ў сумеснай следчай групе. Расія сваю датычнасць да катастрофы адмаўляе.