Адвакатаў сем'яў ахвяр MH17 запалохваюць

Некалькім адвакатам па справе авіякатастрофы MH17 прапанаваныя меры па абароне, паведаміў галандскі тэлеканал RTL. Антытэрарыстычнае агенцтва NCTV інфармавала адвакатаў, што за спробамі запалохвання, імаверна, стаіць Расія.

Фота www.abc.net.au

Фота www.abc.net.au

Адвакатаў, якія прадстаўляюць інтарэсы сем'яў 298 чалавек, што загінулі ў выніку знішчэння малайзійскага авіялайнера MH17 над Украінай у 2014 годзе, запалохваюць. Таму ім прапанавалі меры па абароне, паведаміў нідэрландскі тэлеканал RTL.

Паводле звестак тэлеканала, некалькі чальцоў адвакацкай групы, якая прадстаўляе сем'і ахвяр на судовым працэсе ў Нідэрландах, паведамілі, што за імі сачылі, калі тыя вярталіся дадому з будынка суда, ці яны бачылі падазроных мужчын, што цікавіліся іх хатнімі адрасамі.

Прадстаўніца нідэрландскага агенцтва па барацьбе з тэрарызмам NCTV у інтэрв'ю «Reuters» заявіла, што «ў прынцыпе, усе бакі, якія ўдзельнічаюць у працэсе па справе MH17, усведамляюць фізічныя і лічбавыя пагрозы», але падкрэсліла, што яе ведамства ніколі не каментуе канкрэтныя меры, якія прымаюцца ў сферы бяспекі. Таму NTCV адмовілася каментаваць паведамленне RTL.

 

Расія пад падазрэннем

Паводле звестак RTL, у канцы верасня агенцтва NTCV правяло брыфінг для адвакатаў сем'яў ахвяр MH17, дзе праінфармавала іх, што за спробамі запалохвання, верагодна, стаіць Расія, і прапанавала ім меры па абароне. Адвакаты таксама адмовіліся ад каментароў.

Самалёт, які рухаўся рэйсам MH17 з Амстэрдама ў Куала-Лумпур, быў збіты над Данбасам ракетай «зямля-паветра», якая, на думку міжнароднай следчай групы, была выпушчаная прарасійскімі сепаратыстамі. Расія адмаўляе любую датычнасць да таго, што здарылася.

Суд у Нідэрландах разглядае справу ў дачыненні да траіх расіян і аднаго грамадзяніна Украіны. У верасні суд на працягу трох тыдняў заслухоўваў паказанні 90 сваякоў ахвяр з васьмі краін. Яны распавядалі суддзям пра цяжкія наступствы страты блізкіх і выказвалі надзею на справядлівасць.

Паводле www.dw.com