Адабралі ліцэнзію ў Яўгена Пыльчанкі, апошняга адваката Віктара Бабарыкі
28 кастрычніка ўвечары адбылося пасяджэнне дысцыплінарнай камісіі Мінскай гарадской калегіі адвакатаў, на якім разглядалася справа Яўгена Пыльчанкі, апошняга абаронцы Віктара Бабарыкі, піша «Свабода».
![84aa4ec3_3968_4030_bd8c_b2fdc2735515_w1023_r1_s.jpg 84aa4ec3_3968_4030_bd8c_b2fdc2735515_w1023_r1_s.jpg](/img/v1/images/84aa4ec3_3968_4030_bd8c_b2fdc2735515_w1023_r1_s.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Камісія прыняла рашэнне выключыць з адвакатуры Пыльчанку-малодшага — нібыта за сістэматычныя парушэнні заканадаўства аб адвакатуры.
Раней, 19 кастрычніка, паводле загада міністра юстыцыі ў
дачыненні да Яўгена Пыльчанкі была распачатая дысцыплінарная вытворчасць і
яго адхілілі ад працы.
У чацвер на пасяджэнне з'явіліся 7 чальцоў камісіі,
старшыняваў Аляксандар Пятровіч. Пасяджэнне доўжылася паўтары гадзіны. Як
галасавалі, невядома, бо рабілася гэта ў адмысловым пакоі для нарад, у
адсутнасць Пыльчанкі, расказаў сам Яўген.
«Камісія вынесла даволі вялікую пастанову на 7 альбо 8
аркушах — яны не пранумараваныя. Асноўных прэтэнзій дзве.
Першая — нібыта я ў рэпліках падчас судовых спрэчак па
справе Віктара Бабарыкі даў ацэнку выступленням іншых адвакатаў. То-бок за
тое самае, за што выключылі Дзмітрыя Лаеўскага.
А другое — за тое, што я абараняў адначасова Віктара
Бабарыку і Святлану Купрэеву, сяброўку яго сям’і. І нібыта ў іх быў
канфлікт інтарэсаў: КДБ даслаў ліст, што ёсць канфлікт інтарэсаў — без
абгрунтаванняў і прадастаўлення дакументаў. Насамрэч ніякага канфлікту
інтарэсаў там няма. Ні следства, ні суд цягам 1,5 года ніякіх мне прэтэнзій не
выказвалі. І няма ніякіх дакументаў, якія б пацвярджалі, што канфлікт інтарэсаў
ёсць. Дысцыплінарная камісія паверыла КДБ, а не мне. І вырашыла, што я парушыў
прафесійную этыку», — распавёў Яўген Пыльчанка.
Адвакатам Яўген Пыльчанка працуе з 2012 года, з 2018 — у
адвакацкім бюро «Лаеўскі і партнёры».
Пыльчанка абараняў экс-банкіра Віктара Бабарыку, сяброўку
сям’і Бабарыкаў Святлану Купрэеву, свайго калегу Максіма Знака.
Цяпер у Віктара Бабарыкі няма аніводнага з шасцярых
адвакатаў. Максім Знак асуджаны на 10 гадоў, Ілля Салей з'ехаў з Беларусі,
Аляксандра Пыльчанку пазбавілі ліцэнзіі яшчэ больш за год таму, Дзмітрыя
Лаеўскага — у ліпені 2021 года, Наталлю Мацкевіч адхілілі ад працы 13
кастрычніка, а 25 кастрычніка выключылі з калегіі. І вось цяпер пазбаўлены
ліцэнзіі апошні адвакат Бабарыкі Яўген Пыльчанка.
Паводле непацверджанай афіцыйна інфармацыі з дасведчанай крыніцы, страціў адну са сваіх адвакатак і сын Віктара Бабарыкі Эдуард, якога ўжо амаль паўтара года трымаюць у так званай «амерыканцы» — СІЗА КДБ. Абаронца Эдуарда 28 кастрычніка была выклікана ў Міністэрства юстыцыі на пазачарговую атэстацыю, якую нібыта не прайшла. У Бабарыкі-малодшага засталася яшчэ адна адвакатка.