«Збіраліся дабіць дэпутатаў і прэзідэнта…»
Гучная справа пра замах на беларускага гаранта шмат у каго ва Украіне выклікала асацыяцыі са скандальнай аферай Надзеі Саўчанка.
Увогуле, такая з’ява, як замах на лідара дзяржавы, з’явілася ва Украіне яшчэ да афіцыйнага абвяшчэння незалежнасці. Падчас прэзідэнцкай выбарчай кампаніі 1991 года тагачасны кіраўнік краіны, будучы прэзідэнт Украіны Леанід Краўчук наведваў рынак у Харкаве. Тады мужчына з натоўпу паспрабаваў ударыць палітыка нажом. Адзін з ахоўнікаў падставіўся пад удар — і атрымаў рану глыбінёй у 18 сантыметраў, але ў выніку, на шчасце, застаўся жывы. Нападніка так і не знайшлі, а сам Краўчук успрыняў сітуацыю як выхадку нейкага вар’ята.
Да канца не зразумелая гісторыя замаху на наступнага прэзідэнта, Леаніда Кучму. У лютым 2004-га Кучма зрабіў сенсацыйную заяву, што падчас студзеньскага адпачынку ў Бадэн-Бадэне чальцамі нейкай крымінальнай групоўкі на яго рыхтаваўся замах. Былі аператыўна арыштаваныя два кілеры, якія павінны былі гэты замах здзейсніць. Нягледзячы на такі паспяховы старт следства, справа ў выніку заглухла. Для беларускага чытача цікавы той нюанс, што раскрыць змову дапамог ліст добразычліўца ва ўкраінскае пасольства ў ФРГ, які нагадвае вядомую гісторыю пра «фрау А».
Аднак самым вядомым «замахам» на палітыка ва Украіне доўгі час заставалася траплянне яйкам у Віктара Януковіча ў Івана-Франкоўску падчас прэзідэнцкай кампаніі 2004 года. Януковіч тэатральна ўпаў, каб імгненна стаць героем жартаў.
Больш рэзанансным за замах на Януковіча аказалася толькі справа Надзеі Саўчанка, што выбухнула ўвесну 2018-га. Нагадаем, Саўчанка — украінская ваеннаслужачая, якая трапіла ў расійскі палон у час канфлікту на Данбасе. Трымала галадоўкі пратэсту, была асуджаная расійскім судом. У траўні 2016 года была памілаваная — і вярнулася ў Кіеў у статусе куміра нацыі. Пакуль Саўчанка сядзела ў турме, яе абралі ў парламент, назвалі ў яе гонар шэраг плошчаў і вуліц, пісалі пра яе кнігі і вершы, а па вяртанні далі яшчэ і зорку Героя Украіны.
Спачатку імя Надзеі Саўчанка не сыходзіла з навінавых рэсурсаў. Прэса нават падрабязна пісала, як яна з сяброўкай выпіла два літры гарэлкі. Эйфарыя вакол Надзеі пачала сціхаць па ходзе таго, як публіка бліжэй пазнаёмілася са сваім кумірам. Тая не толькі з голымі нагамі залазіла ў крэсла дэпутата і мацюкалася на ток-шоу. Яе імпульсіўны характар і прага справядлівасці хутка прывялі яе ў лагер крытыкаў улады. Акрамя таго, Саўчанка паспрабавала наладзіць прамы дыялог з Данецкам і Луганскам, неаднаразова наведвала лідараў сепаратыстаў.
Развязка канфрантацыі Саўчанка і Парашэнкі аказалася фантастычнай. 15 сакавіка 2018-га генпракурор асабіста абвінаваціў яе і яе знаёмага Уладзіміра Рубана ў падрыхтоўцы замаху на ўсю эліту краіны. Пры гэтым план Саўчанка – Рубана, калі верыць пракурору, выглядаў не горш за сцэнар самага крутога галівудскага баевіка.
Паводле генпракурора, Рубан планаваў падчас знаходжання Пятра Парашэнкі на пасяджэнні Вярхоўнай Рады абстраляць з мінамётаў будынак парламента з баржы, што знаходзілася на Дняпры. У якасці мішэні павінен быць выкарыстаны купал будынка Вярхоўнай Рады. Абстраляўшы парламент, змоўшчык збіраўся дабрацца да іншага берага горада на катэры і схавацца ў дняпроўскіх затоках.
Пасля гэтага на сцэну павінна была выйсці Надзея Саўчанка са сваёй жудаснай місіяй. Лётчыца і яе сябры-ветэраны па АТА мусілі ўварвацца ў залу Вярхоўнай Рады і дабіць дэпутатаў і прэзідэнта з аўтаматаў Калашнікава. Пасля крывавай лазні Саўчанка і Рубан, нібыта, планавалі сустрэцца і здзейсніць рэйд па месцы пражывання дзяржаўных дзеячаў і палітычных лідараў з мэтай іх бязлітаснага забойства.
Галоўным доказам у справе стаў відэазапіс размовы Саўчанка і Рубана з украінскімі спецназаўцамі, якія, як высветлілася потым, супрацоўнічалі з СБУ. Відэазапіс генпракурор прадэманстраваў у Вярхоўнай Радзе. Таксама ў справе фігуравалі кадры цэлага арсенала, які, калі верыць сілавікам, знайшлі ў машыне Рубана на мяжы з ДНР.
Крыху пазней у справе з’явіліся новыя дэталі. Пётр Парашэнка заявіў, што Саўчанка працавала ў звязцы з расійскімі спецслужбамі, якія хацелі ў рамках перавароту «пасеяць хаос і знішчыць Украіну». Адзін з блізкіх да прэзідэнта палітыкаў заявіў, што Саўчанка збіралася ўжыць для забойства прэзідэнта дзве гранаты. У планах Надзеі было абрынуць у сесійнай зале гіганцкую жырандолю, каб яе аскепкі зрабілі эфект выбуху фугаса.
Саўчанка адрэагавала на абвінавачванні ў сваім фірмовым стылі. «Абвінавачванні ў падрыхтоўцы ваеннага дзяржаўнага перавароту і таксама ў замаху на ўладу — гэта добрыя абвінавачванні... Добрыя тым, што я афіцэр Узброеных сіл Украіны. Як афіцэр Узброеных сіл Украіны я давала клятву ўкраінскаму народу абараняць украінскую зямлю», — сказала яна.
Пазней Надзея сцвярджала, што стала ахвярай правакацыі ўкраінскіх спецслужбаў. Паводле яе слоў, яна ведала, што за ёй сочыць СБУ, і ўсе гэтыя размовы на самай справе — палітычны тролінг з яе боку.
Што да грамадскасці, то яна не паверыла словам генпракурора. Як жартавалі на форумах, жаданне падарваць купал і перастраляць дэпутатаў ёсць амаль ва ўсіх украінцаў. Увогуле, публіка хутчэй спачувала Надзеі, якая стала ахвярай правакацыі.
Аднак у прынцыпе ўсё скончылася для яе не так і кепска. У ноч на 16 красавіка 2019-га скончылася мера стрымання Надзеі Саўчанка і Уладзіміра Рубана пад вартай. Вязні былі вызваленыя ў судовай залі, але засталіся ў якасці абвінавачаных. Праўда, адказу на галоўнае пытанне пра тое, хто прыдумаў вар’яцкую гісторыю пра замах, мінамёты, і жырандолю-фугас, — украінцы дасюль не дачакаліся.