СБУ назвала Беларусь патэнцыйным саюзнікам РФ у выпадку ўварвання ва Украіну

Кіраўнік Службы бяспекі Украіны Іван Баканаў заклікаў не забываць пра Беларусь у кантэксце магчымага ўварвання Расіі на тэрыторыю Украіны. Аб гэтым ён заявіў сёння на Усеўкраінскім форуме «Украіна 30. Бяспека краіны», піша выданне reform.by.

Расійскія дэсантнікі на вакзале ў Мінску. Фота Мінабароны

Расійскія дэсантнікі на вакзале ў Мінску. Фота Мінабароны

Паводле Баканава, існуе пяць асноўных аператыўных напрамкаў уварвання. «Але не варта забываць і аб Беларусі, якая з'яўляецца патэнцыйным саюзнікам Расійскай Федэрацыі ў выпадку, калі РФ будзе рэалізоўваць план уварвання ва Украіну», – заявіў Іван Баканаў.
На думку кіраўніка СБУ, доказам гэтаму з'яўляюцца апошнія сумесныя вучэнні Беларусі і Расіі.
Баканаў нагадаў, што Расія павялічыла канцэнтрацыю сваіх войскаў ля межаў з Украінай, і звярнуў увагу, што была адведзена толькі частка войскаў. «Так, сёння сітуацыя крыху стабілізавалася. Але мы павінны ўсведамляць: хоць Расія і адвяла частку сваіх войскаў — пагроза нікуды не дзелася», — заявіў Баканаў. На сёння баявы і колькасны склад групоўкі расійскіх войскаў на ўкраінскай мяжы складае больш за 100 тысяч.
На мінулым тыдні кіраўнік Дзяржаўнай памежнай службы Украіны Сяргей Дэйнека заявіў, што Украіна не лічыць Беларусь нейтральнай дзяржавай. «Цяпер яна фактычна цалкам пад пратэктаратам РФ», — мяркуе ён. Дэйнека дадаў, што ахова ўкраінска-беларускай мяжы ўзмоцненая, але цяпер ДПСУ не бачыць пагроз на гэтым участку.