Украінскага палітыка Медвядчука, які ёсць кумам Пуціна, падазраюць у дзяржздрадзе, у яго прайшоў ператрус
У Кіеве ў доме ўкраінскага апазіцыйнага палітыка Віктара Медвядчука, якога называюць кумам прэзідэнта Расіі Ўладзіміра Пуціна, 11 мая прайшлі ператрусы.
Генеральная пракурорка Ўкраіны Ірына Венядзіктава
паведаміла, што ў дачыненні да палітыка вылучылі падазрэнне ў дзяржаўнай
здрадзе. Месцазнаходжаньне Медвядчука невядомае, распавядае «Свабода».
Генпракурорка не назвала прозвішчы Медвядчука, пазначыўшы яго як «народнага дэпутата М». — аднак з яе
запісу відавочна, што гаворка ідзе менавіта пра аднаго з лідараў партыі
«Апазіцыйная платформа — За жыццё». Тое, што крымінальная справа распачатая
менавіта супраць Медвядчука, пацвярджаюць таксама крыніцы выдання «Ўкраінская
праўда». Падазраваным з'яўляецца таксама яшчэ адзін дэпутат Вярхоўнай Рады —
Тарас Казак.
Як піша генпракурорка, падазраваным ставіцца ў віну, у
прыватнасці, замах на разрабаванне нацыянальных багаццяў у анэксаваным
Крыме, у тым ліку «перадача каштоўных дакументаў, якія тычацца рэсурсаў
ўкраінскіх нетраў» і прызнанне Крыму «часткай замежнай дзяржавы».
Ператрусы ў кіеўскім доме Медвядчука праводзяцца Службай
бяспекі Ўкраіны пры ўдзеле спецназу «Альфа». Як паведамляецца, у гэтым доме
палітык жыве з сям’ёй на час рамонту яго загараднага дому.
Віктар Медвядчук — кіраўнік грамадзкага руху «Ўкраінскі
выбар — права народу», старшыня палітычнай рады партыі «Апазіцыйная плятформа —
За жыцьцё», лідар фракцыі партыі ў Вярхоўнай Радзе Ўкраіны.
У лютым сёлета ўкраінскія ўлады ўвялі санкцыі адносна
маёмасці Медвядчука.
У сакавіку Служба бяспекі Ўкраіны правяла ператрусы ў
офісах руху «Ўкраінскі выбар — права народу», кіраваным Медвядчуком
Медвядчук — адзін з нешматлікіх украінскіх палітыкаў, які
пасля 2014 году неаднаразова сустракаўся з Пуціным.