Сёньня дзень народзінаў Янкі Пазьняка — лідара БХД і дзеда Зянона
Янка Пазьняк — адзін зь лідараў Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі, рэдактар «Крыніцы», старшыня Прэзідыюму Беларускага Народнага Аб’яднаньня — і дзед лідара беларускага нацыянальнага руху Зянона Пазьняка.
Нарадзіўся Ян Пазьняк 19 лютага 1887 года там жа, дзе праз 57
гадоў з’явіцца на свет і будучы кіраўнік легендарнага Беларускага Народнага
Фронту — у мястэчку Суботнікі Івейскага раёна.
З сялянскай каталіцкай сям’і, Янка з ранніх гадоў цікавіўся
музыкай ды словам. У 1909–1912 гадах ён ужо быў актыўным удзельнікам беларускіх
хрысціянска-асветніцкіх гурткоў, а ў 1913-м разам з Баляславам Пачопкам і
Антонам Лявіцкім (Ядзвігін Ш.) узяўся за выданне першай беларускай хрысціянскай
газеты — “Беларус”.
У 1917-м Янка Пазьняк стварае аматарскі беларускі тэатральны
гурток, а ў 1917–1919 гадах працуе настаўнікам у беларускай гімназіі ў
Будславе. У 1918–1920 гадах служыў арганістам у касцёле сьвятога Яна ў Вільні.
“Ад 1919-га ён працуе ў
павеце Ашмянскім. Тут за беларускую працу польскія ўлады арыштавалі яго і
пасадзілі ў вастрог, а звольніўшы, трымалі пад надзорам жандармэрыі 8 месяцаў.
У 1920 г.,
калі ў край наш былі прыйшоўшы бальшавікі, на зьездзе сялянскім у Ашмяне Я.
Пазьняк дамагаецца выхаду бальшавікоў, каб даць магчымасьць беларусам узяць
свой лёс у свае ўласныя рукі”, — піша “Крыніца”.
Затым, з 1925-га Ян Пазьняк працуе ў Міцкунскай гміне пад
Вільняй, складае па-беларуску брашуру пра гмінны самаўрад і атрымлівае званьне
ганаровага грамадзяніна гміны.
Cябрам Беларускай хрысьціянскай дэмакратычнай злучнасьці Ян
Пазьняк стаў ад самага моманту яе заснаваньня ў траўні 1917 года. Начытаны,
прынцыповы, упарты, у віры рэвалюцыяў, войнаў і акупацыяў ён стаў адным з
галоўных рухавікоў хрысьціянска-дэмакратычнага руху ў краіне. У 1920-х актыўна
друкаваўся ў “Крыніцы” ды “Хрысьціянскай думцы”.
На з’ездзе 1928 года Пазьняк быў абраны сакратаром ЦК БХД. З
пачатку 1930-х узначаліў галоўны каардынацыйны цэнтр усяго беларускага руху —
віленскі Беларускі Нацыянальны Камітэт. У 1936 годзе, з ператварэньнем БХД у
Беларускае Народнае Аб’яднаньне, быў выбраны старшынём Прэзідыюму ЦК БНА.
Асобная старонка ў дзейнасці Яна Пазьняка — праца рэдактара
сьпярша “Беларускай Крыніцы”, а потым і “Хрысьціянскай думкі”, галоўных медыяў
БХД. За адзін толькі 1936 год, напрыклад, польскія ўлады 11 разоў канфіскоўвалі
нумары “Крыніцы”. Супраць Пазьняка ўзбудзілі больш за 30 судовых справаў,
прысудзілі вялізныя штрафы, і ўрэшце некалькі месяцаў Ян Пазьняк быў вымушаны
адседзець у астрозе.
Ян Пазьняк увесь час выступаў у прэсе, абараняючы беларусаў.
Арганізоўваў беларускія школы. Гуртаваў мастацкія калектывы ў заходнебеларускіх
вёсках.
Увосень 1939 года, калі Саветы занялі Вільню, Яна Пазьняка
НКВД арыштавала адным з першых. Паводле абрывістых звестак, лідара БНА вывезлі
ў турму ў Старой Вілейцы пад Маладэчна, затым, імаверна, у Ігумен і Менск, і
расстралялі.
Месца пахавання Яна Пазьняка невядомае дагэтуль. Магчыма,
гэта Курапаты — якія для ўсяго сьвету праз паўстагоддзя адкрыў ягоны ўнук Зянон
Пазьняк.
Павел Севярынец, bchd.info