Літва не будзе купляць беларускую электраэнергію
Сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі і старшыня Хрысціянска-дэмакратычнага руху Вольга Кавалькова прынялі ўдзел у слуханнях у Сейме Літвы, арганізаваных групай «За дэмакратычную Беларусь», у якую ўваходзяць прадстаўнікі ўсіх палітычных партый літоўскага парламента.
Тэмай было абмеркаванне сітуацыі ў Беларусі ў сувязі са стасункамі з Расіяй, а таксама будаўніцтва Астравецкай АЭС.
«Нам паведамілі, што падпісанае пагадненне паміж палітычнымі партыямі Літвы і рыхтуецца законапраект аб забароне імпарту ўсіх відаў электраэнергіі з Беларусі. Для эканомікі Беларусі гэта можа быць досыць небяспечна, бо літоўцы будуць працаваць над тым, каб да гэтага рашэння далучыліся і іншыя краіны, якія мяжуюць з Беларуссю. Лічу, што за гэта адказныя перш за ўсё беларускія ўлады, якія ад пачатку праводзілі такую бяздарную палітыку, не далучалі да экспертыз прадстаўнікоў Літвы і не праводзілі падобных слуханняў з літоўскімі палітыкамі і экспертамі, а таксама беларускай грамадскасцю ў Менску. За такую бяздарную палітыку будуць расплачвацца нашы нашчадкі», — адзначыў Віталь Рымашэўскі, выказаўшы занепакоенасць і пытаннем бяспекі БелАЭС.
Апроч таго, паведаміў сустаршыня БХД, паводле прадстаўніка кіруючай партыі, вучэнні «Захад 2017», якія плануюць Беларусь і Расея, літоўскі бок разглядае як варожую акцыю ў дачыненні да Літвы і ЕС у сувязі з агрэсіяй Расіі ва Украіне. «Гэта таксама вельмі негатыўны сігнал, бо вучэнні праводзяцца на тэрыторыі Беларусі, што дыскрэдытуе Беларусь у вачах міжнароднай супольнасці», — падкрэсліў Віталь Рымашэўскі.
Паводле bchd.info