«Мне падаецца, ужо нічога нікому не дапаможа»

Сонечным восеньскім днём мы сустракаемся з Марыяй на балтыйскім узбярэжжы, у Гданьску. Я заўважыла яе здалёк, бо яе нельга не заўважыць: капа хвалістых рудых валасоў, прывабная ўсмешка, вялізны жоўты заплечнік з прадуктамі для сям’і, набытымі перад нашай сустрэчай. Гармонія, радасць, супакой — вось словы, якія ўзгадваюцца, калі глядзіш як на мастачку Марыю Радзько, так і на яе выбітныя працы.

Марыя Радзько. Фота Паўла Хадзінскага

Марыя Радзько. Фота Паўла Хадзінскага

Але ж у апошнія гады і сама Марыя, і яе творы набылі новую эмацыйную палітру. Цяпер у ёй ёсць месца страху, вайне і адчаю. У адной з гданьскіх кавярняў па адрасе вуліца Лавандавая, 2/3 Марыя прадставіла камерную і вельмі шчырую выставу эскізаў, прысвечаных эвакуацыі яе сям’і з-пад Кіева. Калі лёс у гэтым месяцы не занёс вас на захад Польшчы, запрашаем на выставу наўпрост у гэтым артыкуле.


— Марыя, давайце адновім храналогію падзей: калі і ў якім складзе вы прыехалі ў Кіеў?

— У Кіеў мы прыехалі ўсёй сям’ёй у 2021 годзе: я, муж і двое нашых дзетак (аднаму два з паловай гады, а другому — чатыры). Муж знайшоў у Кіеве працу, мы пасяліліся ў вясковым доміку і былі там вельмі шчаслівымі. Той дом быў вельмі старым, але ж мы зрабілі там сучасны рамонт, усё пад сябе падладзілі, бо планавалі заставацца там надоўга.

Першыя паўгода я нават не сумавала па родным Брэсце — так добра было ў новым месцы. Але пачалася восень, і неяк моцна захацелася ў родныя мясціны. Тым не менш, я вельмі звыкла да нашага новага дома, вельмі яго палюбіла. Страта гэтага дома, кожнай яго дэталькі, усіх нашых дробязяў была, напэўна, самай для мяне складанай. Па Брэсце я так моцна не сумавала. Але ж там заставалася мая сястра-блізнятка (сястра Марыі — мастачка Ганна Радзько заўв. «НЧ»), таму было адчуванне, нібы частка мяне самой заставалася там.

— Ці былі нейкія прадвеснікі гэтай вайны?

— Да вайны я ўвогуле не чытала навіны, але сітуацыю цалкам кантраляваў муж. Ён абараняў мяне ад залішняй інфармацыі, таму мы жылі даволі спакойна. Але за месяц да ўварвання я прысніла два сны — вельмі страшныя, рэалістычныя. Распавяла мужу, і тады ўжо ён мне сказаў, што так, сапраўды, выглядае на тое, што будзе вайна.

Потым усе, з кім мы ў нашай вёсцы размаўлялі, запэўнівалі, што аніякай вайны быць не можа. Казалі, што гэта такая звычайная тактыка дзяржавы: калі хочуць узняць кошты на газ, камуналку, звычайна пужаюць нейкімі жахамі. Таму ўсе паводзілі сябе вельмі спакойна, нават пасмейваліся з тых, хто збіраў сабе трывожную валізку.

had_4926_logo.jpg

— Як мы зараз пасмейваемся з тымх, хто купляе ёд.

— Так, сапраўды. Дык вось, нягледзячы на ўпэўненасць суседзяў, мы перапужаліся і яшчэ да вайны паехалі ў Кішынёў. Аналітыкі называлі меркаваную дату пачатку вайсковых дзеянняў, якраз да гэтай даты мы і пераехалі. Але там нешта не заладзілася. Спачатку дзеці захварэлі, потым мы, і неяк усё было так дрэнна, што мы вырашылі вярнуцца ва Украіну. А праз тыдзень пачалася вайна.

Усе, хто ляцеў з намі, па прылёце ў Кіеў пайшлі на транзітныя стойкі. Мы былі адзінай сям’ёй з гэтага самалёта, якая прыляцела ў Кіеў, каб тут застацца.

Не ведаю, чаму мы былі такімі легкадумнымі. Проста сапраўды немагчыма паверыць, што такое можа здарыцца.

had_4944_logo.jpg

— Зараз, падаецца, ва ўсіх ёсць свая гісторыя раніцы 24 лютага. Якой была ваша?

— Мы прачнуліся а 4-й гадзіне раніцы. Падалося, што нехта моцна грукае ў нашы драўляныя дзверы. Потым стала зразумела, што гэта не стук. Адкрылі чат вёскі і ўбачылі, што ўсё пачалося. Вядома, было страшна, але ўвогуле гэта быў нейкі новы для мяне, даволі дзіўны стан. Усё пачуцці застылі, уключылася толькі логіка, у галаве адно пытанне – што трэба рабіць? Сапраўдныя нашы пачуцці пачалі праяўляцца толькі тады, калі мы прыехалі ў Польшчу. Толькі тут мне стала балюча і дрэнна.

— Да эвакуацыі ў сакавіку вы 10 дзён пражылі сярод вайны. Якім быў ваш побыт?

— Насамрэч даволі спакойным. На адну гадзіну ў дзень мы нават выходзілі ў двор дома, каб пагуляць з дзецьмі. Чыталі навіны пра паветраную трывогу, хаваліся ў адмысловы калідорчык, паставілі ў ім дзіцячыя ложкі. Абсталявалі сутарэнне, праўда, яно было вельмі сырым, непрыдатным. Правялі туды святло, паставілі палатку, прынеслі дзіцячых кніжак. Дзецям спакойна распавялі, што пачалася вайна, што калі выходзім на шпацыры, трэба ўважліва глядзець на неба, а калі ўбачаць дрон — трэба адразу хавацца.

«Два заплечнікі. Нас было 4 чалавекі і гэтыя 2 заплечнікі, у іх трэба было змясціць усё наша жыццё».

«Два заплечнікі. Нас было 4 чалавекі і гэтыя 2 заплечнікі, у іх трэба было змясціць усё наша жыццё».

— Што ў выніку прымусіла вас з'ехаць?

— Адразу з пачаткам вайны з’язджаць мы не думалі. Па-першае, на мяжы былі неверагодныя чэргі. Па-другое, мы планавалі перачакаць яшчэ 14 дзён, каб забраць свой падоўжаны від на жыхарства. Але потым у крамы перасталі завозіць прадукты, у аптэку — лекі, памперсаў ужо нідзе не было… І вось праз гэтыя побытавыя нязручнасці мы і з’ехалі.

А ў прынцыпе ў вёсцы была нармальная атмасфера. Толькі выбухі былі чутны. Тым больш усе вясковыя хлопцы адразу ўступілі ў тэрабарону. Ад іх сапраўды было адчуванне абароненасці і спакою. У месца, дзе базір аваўся іх атрад, з суседніх вёсак прывозілі малако і хлеб — яго раздавалі ў рукі кожнаму, па буханцы раз на некалькі дзён.

— Якім быў далейшы лёс гэтай вёскі?

— Зараз з ёй усё больш-менш добра. Мясцовыя ходзяць на манікюр, рамантуюць вокны, здымаюць ураджай. Людзі проста займаюцца звычайнымі справамі, каб не звар’яцець. Я ўжо не падтрымліваю кантакт з мясцовымі, таму што першы час гэта было вельмі балюча. Усё ж там застаўся дом, у які мы ўжо не вернемся.

«Лыжачка. Гэта адзіны прадмет, які застаўся ў нас ад нашага дома пад Кіевам».

«Лыжачка. Гэта адзіны прадмет, які застаўся ў нас ад нашага дома пад Кіевам».

— Распавядзіце, калі ласка, пра шлях да Польшчы.

— Мы выехалі праз 10 дзён ад пачатку вайны. Пятага і шостага сакавіка якраз быў пік загружанасці мяжы. Да таго моманту нашмат больш людзей зразумелі, што проста так гэта ўсё не скончыцца, і да меж хлынула вялізная хваля людзей. Мы збіраліся перачакаць крыху ў Львове, каб потым вярнуцца ў Кіеў за відам на жыхарства. Сярод ночы прыехалі ў Львоў на эвакуацыйным аўтобусе. На мясцовым вакзале было літаральна няма куды ўпасці яблыку. Людзі ламіліся ў гэты аўтобус, хацелі выехаць з Украіны. Мы зразумелі, што не, у Львове з двума маленькімі дзецьмі не выйдзем, паедзем далей, да мяжы. Але ж мы не збіраліся ў Польшчу, не было аніякіх падобных планаў. І вось уявіце: ноч, цемра, аўтобус едзе кудысьці да мяжы з Польшчай.

На мяжы было складана, хоць аўтобус прыехаў проста пад пераход. Але ж там было некалькі тысяч людзей, усе з сумкамі, дзецьмі, сабакамі, усе спяшаюцца, усе бягуць. Да таго ж было вельмі халодна.

«Чаравікі. У нас двое дзяцей, але на карціне я намалявала толькі адну пару ботаў, другую пару мы пакінулі ў хостэле ў Вялічках. Яны былі ўжо сапсаваныя. Увесь пераход мяжы і шлях да Кракава быў вельмі доўгі і знясільваючы. Мы не мелі магчымасці нават памяняць памперс малодшаму сыну. Ён намачыў увесь зімовы камбінезон і чаравікі. І гэтыя чаравікі прыйшлося выкінуць».

«Чаравікі. У нас двое дзяцей, але на карціне я намалявала толькі адну пару ботаў, другую пару мы пакінулі ў хостэле ў Вялічках. Яны былі ўжо сапсаваныя. Увесь пераход мяжы і шлях да Кракава быў вельмі доўгі і знясільваючы. Мы не мелі магчымасці нават памяняць памперс малодшаму сыну. Ён намачыў увесь зімовы камбінезон і чаравікі. І гэтыя чаравікі прыйшлося выкінуць».

Але польскія валанцёры неверагодна крутыя. Яны падрыхтавалі коўдры для дзяцей, былі нават каляскі на выпадак, калі хтосьці не паспеў узяць яе з дома, былі розныя булачкі, канапкі, гарачая гарбата, кава, для дзяцей — малачко… Я была вельмі ўражаная. Яны ж не ведаюць усіх гэтых людзей, якія бягуць у іх краіну, а іх так цёпла прымаюць, частуюць. Я вельмі ўдзячная палякам.

«Рука з талеркай.

«Рука з талеркай.

З польскай мяжы бежанцаў партыямі забіралі аўтобусы і везлі ў лагер бежанцаў у мястэчка паблізу. Мяне вельмі ўразіў гэты велізарны ангар, пасярэдзіне ўсяго — кушэткі і людзі. І ўсе-ўсе ў разгубленасці і шукаюць, як з'ехаць адсюль. Побач з ангарам бясплатныя фуд-корты. Калі я стаяла ў чарзе па ежу для сям'і, якраз на мне скончылася бульбачка і мяса.

І я стаяла так доўга з працягнутай рукой.

Вельмі цяжкія ўспаміны».


«Я намалявала свайго малодшага сына (яму амаль 2 гады), захутанага ў невялікі плед.

«Я намалявала свайго малодшага сына (яму амаль 2 гады), захутанага ў невялікі плед.

Уначы 5 сакавіка было вельмі холадна, калі мы прыехалі на эвакуацыйным аўтобусе, які выехаў з Кіева, на мяжу з Польшчай. Мы праходзілі мяжу пешшу. Нам было вельмі цяжка бегчы з дзецьмі на руках, з цяжкімі заплечнікамі на спіне некалькі кіламетраў у цемры. Вельмі доўга афармлялі дакументы дзвюм тысячам чалавек, таму ўсю ноч мы з дзецьмі прабылі на вуліцы на мяжы ў холадзе, яны моцна мерзлі, мы хуталі дзяцей у коўдры, якія прынеслі польскія валанцёры. Адну коўдру (якая аказалася потым проста вялікім рушніком) мой сын ніяк не хацеў аддаваць, мы забралі яе з сабой. Ён перажыў наймацнейшы стрэс і не расстаецца да гэтага часу з гэтай коўдрай, спіць з ёй і бліжэй да сну заўсёды пытаецца: 

— А дзе мая пухнатая коўдра?

А ў мяне, калі гляджу на ​​гэтую коўдру, сэрца крывёю абліваецца».


— Дзе зараз тая коўдрачка з вашых эскізаў?

Зараз ляжыць дома, але я, па шчырасці, жадаю яе спаліць. Бо навошта ж гэта захоўваць? Гэта вельмі цяжка. Толькі калі нейкі музей вайны пажадае ўзяць. Перад выставай у Познані я вышыла на ёй фразу «дзе мая пухнатая коўдра?». Эскізы, якія сёння выстаўляюцца ў Гданьску, дарэчы, таксама хочацца потым спаліць. Але сённяшняя з вамі размова — гэта мой трэці этап тэрапіі. Першы — выстава ў Познані, другі — выстава ў Гданьску і трэці — наша сённяшняя размова.

Зараз у мяне ўжо няма таго жудаснага болю, які быў напачатку. Як аднойчы сказаў мой муж, калі мы перажылі адну вайну, перажывём і іншую. Гэта вельмі мяне супакоіла.   

Марыя Радзько. «Дзень Волі»

Марыя Радзько. «Дзень Волі»

Як увогуле ў вас узнікла патрэба зноў вярнуцца ў той дзень эвакуацыі і зноў перажыць той боль у эскізах?

— Гэта для мяне насамрэч вельмі нехарактэрна — фіксаваць цяжкія моманты майго жыцця. Я думаю, у кожнага чалавека іх шмат, і кожны сам іх пражывае. А мая місія заўжды была ў тым, каб напоўніць чалавека, прыадчыніць яму акно ў дабро. Гэтая выстава нарадзілася таму, што мяне запрасілі паўдзельнічаць у Malta Festival (міжнародны тэатральны фестываль, які кожны год адбываецца ў Познані. Адна з істотнейшых мастацкіх падзей у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе. — заўв. «НЧ»). Да моманту выставы ў мяне быў толькі адзін эскіз, таму давялося намаляваць яшчэ, зрабіць такі цыкл. Таму сапраўды прыйшлося зноў усё гэта перажыць у малюнках, хоць і часу маляваць зусім не было. Няня выходзіла на шпацыр з дзецьмі, і я хуценька, за гадзіну-другую, замалёўвала свае ўспаміны. Калі б не гэтыя абставіны, я ні за што б гэта не зрабіла, не дакранулася б да гэтай тэмы.

— Як вы лічыце, наколькі гэты траўматычны досвед адлюструецца ў вашых будучых працах?

— Зараз, на жаль, у мяне не так шмат часу, каб пра гэта глыбока падумаць. Скажам так. Раны, якія ў мяне ёсць, яшчэ недастаткова зашытыя, каб я ўбачыла малюнак з вышыні, паглядзела, што там вышылася з гэтых ран. Калі скончыцца вайна, мы ўсе выдыхнем, і гэта будзе перапрацаваны досвед. А зараз пакуль не.

had_4887_logo.jpg

Але ж нейкага спецыфічнага драматызму не будзе дакладна. Бо гэта высмоктвае сілы, не дае энергіі. Навошта мне ствараць такую карціну, якая больш забярэ, чым дасць? Мне балюча рабіць тое, што зробіць балюча іншым.


Марыя Радзько. «Засохіш»

Марыя Радзько. «Засохіш»


— Тым не менш, на маю думку, вашыя працы ўсё ж прасякнутыя немінучым драматызмам штодзённасці. Нават калі вы малюеце кволую кветачку ў стакане, за ёй стаіць цэлае агромністае жыццё, углядацца ў яе нават страшна. Таму, як бы не імкнуліся да святла, калі жыццё раскрывае перад намі такую прорву, напэўна, будзе складана яе абысці.
Так, усё, што адбылося, значна пашырыла маю эмацыйную палітру. Магчыма, раней падобныя рэчы я ў сябе не ўпускала, каб не было так балюча. Магчыма, я проста яшчэ не пасябравала са сваім цёмным бокам, і ўсё гэта наперадзе.

— Ці атрымалася ў Гданьску зноў перабудаваць сваё жыццё, наладзіць новы побыт?

— Яшчэ ў працэсе, хаця і прайшло 8 месяцаў. На жаль, сёння гэты побыт не такі, які я жадала б. Напэўна, вы мяне зразумееце, бо жанчыне ж вельмі істотна, каб усё было на сваім месцы, як яна любіць, каб дома ўсе добра сябе адчувалі. Пакуль гэтая мая фантазія разбіваецца аб рэчаіснасць. Тым не менш, нам вельмі пашчасціла, бо дапамаглі знайсці даволі добрыя апартаменты. Але да Гданьска я стаўлюся як да горада нашай эвакуацыі. Гэта горад, у якім я знаходжуся вымушана. Калі я сама абяру для нас нейкі новы горад, тады, пэўна, ужо супакоюся. Увогуле, калі б мы з мужам былі толькі ўдваіх, я б дзе заўгодна змагла жыць, да ўсяго б адаптавалася. Але ж з дзецьмі гэта нашмат складаней.

«Нарцыс. Другі накід пасля вайны. Пачынае з'яўляцца надзея на глебу пад нагамі, вочы паступова звыкаюць да прыгажосці вакол. Сын сарваў гэты нарцыс пад акном нашага новага дома ў Польшчы. Мы паставілі яго ў шкляначку, і ён адзін, маленькі, пах на ўвесь дом салодка і заспакойліва».

«Нарцыс. Другі накід пасля вайны. Пачынае з'яўляцца надзея на глебу пад нагамі, вочы паступова звыкаюць да прыгажосці вакол. Сын сарваў гэты нарцыс пад акном нашага новага дома ў Польшчы. Мы паставілі яго ў шкляначку, і ён адзін, маленькі, пах на ўвесь дом салодка і заспакойліва».

— Ці хапае вам зараз прасторы і часу ў жыцці для творчасці?

— Вельмі не хапае. Напэўна, гэты час з’явіцца, калі дзеці пойдуць ва ўніверсітэт ці, прынамсі, у садок. Пакуль жыццё — звыклае, зразумелае, у якім я адчуваю глебу пад нагамі і ўпэўненасць — пачынаецца тады, калі я выходжу з дому (у краму, на сустрэчу з вамі, на выставу…). Напэўна, я ўсё ніяк не звыкну да таго, што гэта для мяне ўжо раскоша. Калі б я была ў Брэсце, вядома, было б прасцей: там наша няня, сябры, мама побач. І мастацтва было б нашмат больш.

had_4901_logo.jpg


— Які водгук вы атрымалі ад выставы ў Гданьску, ці натхніў ён вас?

— Я пачула вельмі незвычайную фразу — сказалі, што гэтая выстава павінна дапамагчы іншым людзям. Я не зразумела, як і чым яна можа дапамагчы. Мне падаецца, ужо нічога нікому не дапаможа. Гэта такая кропелька ў моры вар’яцтва і жорсткасці, не ведаю, каму яна здольная дапамагчы.

Я пакуль гляджу на ўсё вельмі песімістычна. Вядома, водгукі добрыя і кранальныя. Але ж мастак — заўжды эгаіст. Яму істотна выказацца. А што яму скажуць — зусім не так істотна. Так што я выказалася, і мне стала нашмат лепш. Нават ангіна прайшла. Цікава, але сапраўды тое, што людзі гэта ўбачылі, мяне вылечыла. 

Напрыканцы нашай размовы Марыя сказала, што скончыць абавязкова варта чымсьці жыццесцвярджальным і дадала:

— Галоўнае — мы ўсе жывыя. Мы ўсяго толькі страцілі арандаваны дом. Нам вельмі пашчасціла захаваць у бяспецы сям'ю і нават забраць з сабой у новае жыццё самыя любімыя, важныя рэчы. Я знаёмлюся з Польшчай, захапляюся мясцовай культурай, радуюся, калі бачу вясёлымі дзетак. Да таго ж тут у мяне з'явілася магчымасць часцей бачыцца з сябрамі, якія з'ехалі з Брэста ў Польшчу. А самае вялікае шчасце ў тым, што цяпер у Гданьск з сям'ёй пераехала мая сястра Ганна. Зараз я не адна. 

had_4911_1_logo.jpg


Фота Паўла Хадзінскага