Юлія Чарняўская: Наша краіна падымецца дзякуючы грамадзянскай супольнасці

Учора стала вядома, што прафесар, культуролаг Юлія Чарняўская знаходзіцца пад хатнім арыштам. Спадзяёмся, што спадарыня Юлія годна вытрымае гэты чарговы віток лёсу — а іх у яе жыцці было нямала. У 2017 годзе Юлія Чарняўская ў інтэрв'ю «Новаму Часу» распавяла пра сваё дзяцінства, сям'ю і жыццёвыя перыпетыі, праз якія давялося прайсці. 

Юліі Чарняўскай 15 гадоў

Юліі Чарняўскай 15 гадоў

Незвычайны радавод

Прынцыпова ніколі не хаваю дату свайго нараджэння. Я з’явілася на свет у знакамітым радзільным доме №1 на Валадарцы 5 жніўня 1962 года.
Калі ў мамы пачаліся «схваткі», бацькі ўсю ноч сядзелі на кухні кватэры на вуліцы Карла Маркса і распавядалі анекдоты, а раніцай разам пешкі пайшлі ў раддом. Пра тое, каб выклікаць таксі, нават ніхто і не падумаў… Ісці было недалёка, але зрабіць гэта са схваткамі было нялёгка…

Юлія Чарняўская ў дзяцінстве

Юлія Чарняўская ў дзяцінстве

Як расказвалі, я нарадзілася каля дзясятай вечара. Цікава, што праз чвэрць стагоддзя гэтак жа зрабіла мая дачка Жэня. Як спяваюць у адной папулярнай песні — «у тым жа месцы, у тую ж гадзіну». Толькі я ў жніўні, а яна — 24 лістапада.
Мама — Аляксандра Рыгораўна, а бацька — Вісарыён Цімафеевіч. Абодва дактары.
Маці паходзіць з даволі своеасаблівай сям’і, у тым сэнсе, што яе бацька меў звычку шмат разоў жаніцца і кожнай жонцы пакідаць дзяцей… Пра многіх сваякоў я даведалася толькі ў 48 гадоў праз праграму «Чакай мяне».

Бацька Вісарыён

Бацька Вісарыён

У мяне шмат родных, але, каб нікога не заблытаць, пачну з таго, што пасля заканчэння вайны бабуля па кудзелі Эда апынулася ў Кёнігсбергу, які ў 1946 годзе стаў Калінінградам і дзе, па вядомых прычынах, вызвалілася шмат жытла. Туды хутка прыехаў з вайны яе муж, але яны літаральна з парога разышліся.
У Калінінградзе бабуля кіравала дзіцячым домам. Дарэчы, Эдай яе назваў бацька — мастак, рамантык — у гонар Эды Габлер з п’есы Ібсэна.
На жаль, у 37 гадоў яна памерла ад раку. Маці тады было 18. Яна вырашыла паступаць у медінстытут Смаленска, але, нягледзячы на тое, што раней вучылася на медсястру, не паступіла. Але праз год паступіла ў Мінскі медінстытут, дзе і пазнаёміліся з маім бацькам.
Па бацькавай лініі сітуацыя склалася кардынальна інакш.
У дзеда Цімафея Васільевіча было двое братоў і дзве сястры. Ён быў старэйшым. Вырас ён у вёсцы Еўлічы, што пад Слуцкам. У школе да сваёй беларускай мовы ён цудоўна вывучыў і рускую. Скончыў Бабруйскую прафтэхшколу. Вышэйшай адукацыі ён, вядомы пісьменнік, так і не атрымаў: ён усё браў самаадукацыяй. Падчас вучобы ў Бабруйску пачаў пісаць вершы, на паэтычнай глебе знайшоў аднадумцаў. Вершы пачалі друкаваць у бабруйскай шматтыражцы.

Дзядуля Цімафей (Васіль ВІтка)

Дзядуля Цімафей (Васіль ВІтка)

Потым быў пераезд у Мінск, дзе ў маладога паэта Цімафея Крысько (вядомы псеўданім Васіль Вітка з’явіўся ў 1943 годзе) выйшлі дзве першыя кнігі. У 1935 годзе адбылося яго знаёмства з будучай жонкай Вольгай Рыгораўнай Лерман. Так пачаўся яўрэйскі складнік майго радавода.
Тады многія беларускія пісьменнікі жаніліся з яўрэйкамі: Міхась Лынькоў, Мікола Федаровіч, Кузьма Чорны, Рыгор Суніца-Лынькоў, які быў жанаты з малодшай сястрой маёй бабулі — і не толькі яны..

Жыццёвыя катаклізмы

Дачка шаўца Вольга (Эльке) Лерман пераехала з Гомеля (выступала ў мастацкай самадзейнасці) у Мінск і пайшла ў тэатр працоўнай моладзі «ТРАМ», адкуль выйшла шмат прафесійных актораў. Яна выконвала характарныя ролі.

17._babulja_volha_logo_1.jpg

Бабуля Вольга

Аднойчы ў іх быў канцэрт. Бабуля выбегла на сцэну і надзвычай эмацыйна пачала чытаць вершы Купалы і Маякоўскага. Вельмі прыгожая, стройная, чорныя кудзеры. Дзеда гэта ўразіла — і ў іх пачаўся раман. У 1936 годзе яны пабраліся шлюбам, а ў 1937-м на свет з’явіўся мой бацька. Дзед Цімафей даў яму імя Вісарыён, бо вельмі любіў Бялінскага.
Усё жыццё бацька адчуваў складанасці з імем… А я — з імем па бацьку.
У 1937 годзе дзед быў адказным сакратаром адной з газет, сябраваў з тым, каго потым назвалі «ворагам народа» і забралі. На партыйным сходзе дзеда сур’ёзна прапясочылі за тое, што не данёс. Звычайна, такое заканчвалася хуткім арыштам.
Мая бабуля заўсёды была ценем мужа. Дзед — галоўны, гаспадар, а яна, як і належыць яўрэйскай жонцы, «на доме, кухні і дзецях». Але ў экстрэмальных сітуацыях бабуля імгненна ператваралася ў надзвычай валявую жанчыну і выратоўвала ўсіх. Тады яна цвёрда сказала: «Мы з’язджаем з Мінска і будзем недзе хавацца».
Так яны апынуліся ў Пухавічах, дзе дзед два гады працаваў вартаўніком мясцовага Дома культуры. Потым (у нашым доме пра гэта ніколі не расказвалі — я даведалася пра ўсё толькі з дзедавых успамінаў і лістоў) няміласць была знятая і нехта прыгадаў пра маладога таленавітага журналіста.
Дзеда накіравалі ў Беласток працаваць сакратаром Беластоцкага аддзялення Саюза пісьменнікаў. Там іх сям'ю і застала вайна.
Яны хутка паехалі ў Гомель, дзед пабег у ваенкамат, каб стаць дабраахвотнікам, але яго не прапусцілі па зроку і адразу ж накіравалі ў Маскву працаваць у беларускіх выданнях. Яны з бабуляй тады размінуліся і сустрэліся толькі напрыканцы вайны…
Бабуля пешкі (з двума маленькімі дзецьмі на руках) пайшла з Гомеля ў Оршу, а потым — дабралася да Смаленска, дзе ёй удалося сесці ў цягнік. Так яна апынулася ў Кургане, у эвакуацыі.

Першыя крокі

У доме на Карла Маркса, 36 галоўным заўсёды было ўтульнае асяроддзе, камфортнае атачэнне, атмасфера. У нашым пад’ездзе жыў толькі адзін нейкі генерал збоку, астатнія — пісьменнікі. У кватэры пад намі жылі Клімковічы, над — Гілевічы, насупраць іх — Навуменкі, насупраць нас — Глебчыха з дачкой Ларысай, мужам і двума сынамі. А вышэй (змяняючы адно аднаго) — Шамякіны, Скрыганы, Брылі і дзядзя Уладзя Караткевіч, якога я любіла больш за ўсіх. У суседнім пад’ездзе жыў Янка Маўр.

7._perszyja_sustreczy_z_dzedam__logo_1.jpg

Першая сустрэча з дзедам
У 1962 годзе беларускіх пісьменнікаў «выпусцілі» ў замежную камандзіроўку, у Парыж. Там — дзіўна і страшна — загінуў яго сябар пісьменнік Усевалад Краўчанка. Мне было тры месяцы, дзед вярнуўся ў вельмі прыгнечаным стане, стаў побач з маім ложкам у спальні бацькоў — і так адтуль і не выйшаў (у пераносным сэнсе). Так і быў галоўным чалавекам у маім жыцці да самай яго смерці…
З тых часоў ён праводзіў са мной гадзіны, нават дні напралёт. Літаральна забіраў і нёс у свой пакой. Маці нават крыўдзілася, што аддаваў ёй дзіця толькі пакарміць…
Бацькоў размеркавалі ў горад Завіцінск. Гэта чыгуначная станцыя Завітая, што паміж Чытой і Благавешчанскам, Амурскі край. Мне было два гады.

404d6db4_10c9_4708_a9ad_c3a3af05e886.tmp

Юлія Чарняўская ў дзяцінстве

Дзіцячыя ўспаміны таго часу вельмі сціплыя.
Памятаю: горы вугалю, шмат гасцей у нашым доме, бо туды размеркавалі шмат маладых дактароў, бацька на плячах нясе мяне з дзіцячага садка і спявае франтавую песню пра агарачак свячы. Я і сёння яе люблю.
Пастаянныя ангіны і ўрэшце рэўматызм сталі прычынай таго, што мяне ў трохгадовым узросце давялося адвезці ў Беларусь. А бацькі вярнуліся ў Завіцінск адпрацоўваць размеркаванне.
У дзеда Цімафея і бабулі Вольгі я вывучыла на памяць процьму вершаў на беларускай і рускай мовах і нават цалкам «Казку пра цара Салтана», каб паказаць сваім бацькам, калі яны вернуцца, якая добрая ў іх расце дачка.

f780fbfc_ed70_42b2_9fe1_5f76ec6938fd.tmp

Юлія Чарняўская ў дзяцінстве
Канешне, у гэтым заслуга перш за ўсё дзеда, бо літаратура, пісьменніцкае асяроддзе для мяне было такім жа натуральным, як паветра.
Першыя вершы Барыса Пастэрнака, якога ён вельмі любіў, я пачула ў тры гады і памятаю па наш дзень.

Выбар шляху

Дзякуючы дзеду я вырасла з абвостраным пачуццём справядлівасці і адчуваннем далучанасці да чужой бяды. Напрыклад, я магла заплакаць перад сном ад таго, што «галадаюць дзеці ў Мазамбіку», і бабулі даводзілася супакойваць тым, што так адбываецца далёка не паўсюль, што мы абавязкова дашлём ім пасылку.

1f4a56c8_ef6a_46f4_b8c0_cc16894b1b31.tmp

Юлія Чарняўская ў дзяцінстве
Па прыездзе бацькі вельмі хутка пачалі разводзіцца. Калі гэта адбылося, маці паспрабавала забраць мяне на здымную кватэру, але высветлілася, што гэта вельмі складана (яе праца на паўтары стаўкі і мае частыя хваробы кепска суадносіліся), і ёй давялося вярнуць мяне да дзеда з бабуляй.
У сем гадоў я пайшла ў школу №2 і адвучылася там два класы. Потым школу расфармавалі і працягваць вучобу я была павінна ў чацвёртай школе, аднак тут мама атрымала кватэру і забрала мяне ў Серабранку.
Надышлі цяжкія часы. Раён толькі-толькі будаваўся. Школы раслі як грыбы пасля дажджу, і таму вучні ўвесь час мяняліся. Да таго ж, кантынгент там быў зусім не такі, як у цэнтры горада. Настаўніца літаратуры Марыя Міхайлаўна Субач раіла: «Будзь прасцей». «Быць прасцей» не атрымлівалася, таму часта мяне ў школе цкавалі. Я наогул не разумела гэтых слоў. Разумела толькі, што хачу сябраваць з дзецьмі, а яны са мною — часцей не. Доўга потым выбівала з сябе жаданне падабацца людзям. Выбіла толькі бліжэй да сарака гадоў.

5c9519b2_ddfe_4065_ad81_e3f060b13036.tmp

Васіль Вітка з унучкай Юліяй
З дзевяці год я мела шмат публікацый у «Зорцы», «Знамени юности», «Парусе», «Комсомольской правде». Збіралася паступаць на журфак (потым з'явілася думка пра Літінстытут), але паступіла на філфак, і вельмі рада гэтаму. На журфаку ж была нейкі час толькі ў якасці выкладчыцы. У мамы не было дзіцячай бібліятэкі. Толькі дарослая. Яе я і чытала. Напрыклад, у 9 год я ўжо прачытала Рэмарка, Стругацкіх.
З кнігамі тады і значна пазней было вельмі цяжка. Акрамя самвыдату мне нешта трапляла з «тамвыдату». Успаміны Надзеі Якаўлеўны Мандэльштам праз мяжу знаёмыя правезлі, прабачце, у майтках.
Увогуле, з кнігамі адбываліся дзіўныя рэчы. Некаторыя з іх траплялі ў Мінск «праездам».
Памятаю, у 12 гадзін ночы прывезлі Платонава. Я прыехала на вакзал, каб забраць. А аддаваць кнігу трэба было ўжо праз чатыры гадзіны, у гэты час яе зноў звозілі на іншым цягніку. Давялося дадому ісці пешку.
Ноч. Мінск. Мне 18 гадоў. Іду — а душа пяе! Я прачытала «Катлаван»!

6.dzjacinstva_logo.jpg.crdownload

Юлія Чарняўская ў дзяцінстве

Шлях у сучаснае

Пра тое, чаму ўрэшце я трапіла не на журфак і не ў Літінстытут, а на філфак — асобная гісторыя. Зараз проста канстатую факт: восенню 1979 года я стала студэнткай філалагічнага факультэта БДУ. Скажу шчыра, што, нягледзячы на тое, што вучылася добра, я была не самай узорнай студэнткай.
У мяне было сваё асяроддзе. Перш за ўсё — аўтарская песня. Спачатку — клуб «Купалінка», які хутка разваліўся, потым — кватэра знакамітай дысідэнткі Надзі Круп, удавы барда Арыка Крупа, затым мы паўпадпольна збіраліся ў нейкім падвальчыку на вуліцы Альшэўскага — спявалі, чыталі вершы, сумесна працавалі над словам.
Дарэчы, голас у мяне быў хаця і не самы моцны, але прыгожы. На ўсіх фестывалях я не заставалася без прызоў. Часцей за ўсё імі адзначаліся тэксты маіх песень і сімпатыі слухачоў. Грала я дрэнна, а музыка была хоць і прыемная, але прымітыўная.

20_z_maci_aljaksandraj_logo.jpg.crdownload

Юлія Чарняўская з маці Аляксандрай

На другім курсе філфака я першы раз выскачыла замуж. Міша вучыўся ў Наргасе, які тады не быў прэстыжным вузам. Наадварот.
Міша шмат вандраваў. Захапляўся альпінізмам. У адным з паходаў мы і пазнаёміліся. З часам я ўбачыла ў ім сапраўднага мужчыну, джэнтльмена, культурнага, далікатнага, добра выхаванага. Дзед у яго быў прафесарам, а маці, Таццяна Рыгораўна (цётка Таня), — кандыдатам хімічных навук. Яна была цудоўная жанчына!
З Мішам мы пражылі разам чатыры з паловай гады. Потым я ад яго сышла, бо зразумела, што гэта трэба зрабіць. Нельга не зрабіць...
Пасля разводу мы захавалі прыязныя адносіны. Я б нават сказала — сваяцкія.
Парадокс, але свайго другога мужа Юру я паказала найперш менавіта сваёй былой свякроўцы, і цётка Таня яго ўхваліла. Мы з ёй сябравалі да самай яе смерці і хавалі разам з Мішам і яго другой жонкай Ларысай.
Аднак вернемся да філфака БДУ.
Пасля заканчэння вучобы (1984 год) мяне размеркавалі ў звычайную школу, чаго ўсе астатнія баяліся і чаму я была рада.
Гэта была 91-я школа, якая знаходзілася фактычна ў цэнтры Мінска, але ўсе іншыя школы таго раёна былі спецыялізаванымі, а яна — не. Таму там вучыліся шмат дзяцей з сем’яў, якім было «ўсё роўна». І дзеці там былі вельмі розныя… Але мне даволі хутка ўдалося наладзіць кантакты з няпростымі вучнямі. У школе я прапрацавала два гады, арганізавала хор, тэатр. Але мая актыўнасць шмат каму не падабалася. Мяне вельмі любілі дзеці і іх бацькі, а вось некаторыя калегі — не. Тады я ўпершыню даведалася, што значыць калектыўная зайздрасць. Акрамя таго, нюхам адчувалася, што я «няправільная», «несавецкая». І мяне пачалі цкаваць. Цкаванне было параўнальным з дзіцячымі гадамі. Мне давялося сысці. Як жыць без вучняў — гэта было зусім незразумела. Адчуванне, што ў цябе вынялі душу.
Некалькі месяцаў я была беспрацоўнай. Пачалася дэпрэсія. Каб не перарываць працоўны стаж, часова ўладкавалася ў кінатэатр «Перамога», які чакаў хуткага рамонту. Якраз у гэты час у маім жыцці з’явіўся Юра.
З Юрам мы пазнаёміліся 2 мая 1986 года. Я прыехала ў Львоў з сябрамі на «майскія» святы. Паехалі ў лес на пікнік пагаманіць, паспяваць. Юра не захапляўся бардаўскай песняй, а ў нашу тусоўку трапіў дзякуючы свайму сябру. Амаль выпадкова. Страшна падумаць, што мог бы і не паехаць...
Ён больш любіў джаз. Што не перашкодзіла яму падысці да мяне і спытаць: «Дзе ты навучылася так спяваць?» Гэта і стала нагодай для знаёмства. А потым ён навучыў мяне любіць джаз.

Імгненні лёсу

Майго дзеда не стала 7 ліпеня 1996 года, практычна праз год пасля сумна вядомага рэферэндума аб змене нацыянальнай сімволікі. Добра памятаю дзень, калі над будынкам прэзідэнцкай адміністрацыі мяняўся сцяг. Калі я ішла да дзеда, яшчэ лунаў адзін, а вярталася — вісеў іншы.

9._na_prahulcy_z_dzedam_logo.jpg.crdownload

На прагулцы з дзедам
Пра гэта дзед напісаў верш. І яго імгненна перасталі друкаваць. Больш за тое, калі дзед памёр, нават месца на могілках раптам «не стала», а беларускае тэлебачанне не сказала пра сумную падзею ні слова. Я доўга не магла зразумець прычыну, а потым мне патлумачылі, што яна — якраз у тым вершы.
Спрабавалі прабіць мемарыяльную дошку на яго доме: усё ж класік беларускай дзіцячай літаратуры, стваральнік першага ў нас дзіцячага часопіса «Вясёлка», аўтар «Роднага слова», па якім мове і літаратуры вучыліся некалькі генерацый беларусаў. Але, відаць, памяць пра верш для кагосьці аказалася доўгай і больш значнай. Можа, з нейкага Божага погляду, так і патрэбна: каб памяць пра вершы трымалася столькі гадоў. Але ўсё роўна крыўдна і неяк непрыстойна. Такая дробная помста нябожчыку…
Дзень пахавання дзеда супаў з юбілеем Уладзіміра Някляева. Як бы там ні было, я заўсёды буду ўдзячная Уладзіміру Пракопавічу за тое, што ў дзень свайго пяцідзесяцігоддзя ён разам з Васілём Уладзіміравічам Быкавым стаяў каля труны майго дзеда…
У часы юнацтва я часта ездзіла ў Маскву, сустракалася з літаратарамі, чытала ім свае вершы. Аднойчы мне пашанцавала ўсю ноч прагаманіць з Бэлай Ахмадулінай. Мне тады было толькі 16 гадоў, я заканчвала школу, і Бэла Ахатаўна адгаварыла мяне ад паступлення ў літаратурны інстытут.
Яна звярталася да мяне на «вы». Другая ў маім жыцці. Першым быў у Кактэбелі Веніямін Аляксандравіч Каверын, з чыімі ўнучкамі Кацяй і Ірышай я сябравала. Мне тады ўвогуле было чатырнаццаць.
Ахмадуліна сказала: «Юленька, не варта вучыцца ў літінстытуце. Я вучылася. Паверце, вам гэта не трэба… Вы — паэт. Лепш, чым вы пішаце, вас там пісаць не навучаць. А любоў да паэзіі — не прафесія». Я ехала ў электрычцы, і душа спявала: «Я паэт! Я — паэт!»
…Са Святланай Аляксандраўнай Алексіевіч мы знаёмыя вельмі даўно, яшчэ ў тыя часы, калі яна не магла надрукаваць сваю знакамітую кнігу «У вайны не жаночы твар», і з гэтай нагоды з ёй сустракаўся мой дзед. Ён заўсёды ахвотна дапамагаў маладым творцам. У нас былі першыя кнігі Законнікава, Някляева, Разанава, і вось сярод іх з’явіўся рукапіс, які прынесла маладая журналістка. Я тады для яе стала Юляй, яна для мяне — Светай.
Дзеду рукапіс вельмі спадабаўся. Памятаю, як ён тады сказаў: «Света — падзвіжніца».
Потым яна стала вядомай пісьменніцай, потым знакамітай, потым яе пачалі перакладаць на іншыя мовы. А наша знаёмства ўзяло паўзу на некалькі дзесяцігоддзяў.
Ведаеце, я не вельмі ўмею камунікаваць са знакамітасцямі. Мне няёмка навязваць сябе людзям, якія дасягнулі пэўных вяршынь. Тым больш я ніколі не буду выкарыстоўваць асабістае знаёмства ў нейкіх сваіх мэтах.
Другі этап нашага знаёмства адбыўся, калі TUT.BY існаваў ужо дзевяць гадоў і займеў сваё тэлебачанне. Я вяла перадачу «Без адказаў». Чарговы выпуск быў прысвечаны інтэлігенцыі. Маўляў, патрэбна яна Беларусі ці не? Адразу вырашыла, што адным з удзельнікаў будзе Валянцін Акудовіч. Юрый Дракахруст параіў мне Святлану Алексіевіч, якая на той час была ў Мінску. Патэлефанавала, прадставілася, сказала, пра што будзе праграма. Святлана Аляксандраўна пагадзілася. Мы дамовіліся, што я заеду за ёй на таксі. І тады нечакана для мяне яна пазнала ўва мне, дарослай жанчыне, тую самую дзяўчынку, унучку Васіля Віткі.

Жонка TUT.BY

…Мой Юра вучыўся спачатку ў Львоўскім палітэху. Паступаў было ў МДУ, але там яго, медаліста, пракінулі па так званым «пятым пункце». А давучваўся ён ужо ў Ленінградзе, на факультэце біямедыцынскай кібернетыкі. Падчас чарговай паездкі на сесію на некалькі дзён прыехаў у Мінск і спыніўся ў нашага сябра Вадзіма Казначэева.
Дарэчы, менавіта з ім праз некалькі гадоў у Маскве я трапіла на разагнаны пікет Валерыі Навадворскай, і мы разам — Валерыя Ільінічна, Вадзім і я — спрабавалі спыніць міліцэйскую «газель», куды запхнулі актывістаў Дэмакратычнага Саюза. Нічога не атрымалася, але дубінкай па нырках атрымала.
Ну вось, пасяліўся Юра ў Вадзіма і пачаў мяне ўгаворваць пабрацца з ім шлюбам. І ўгаварыў, праўда не на шлюб, а толькі прыехаць да яго ў Львоў на летні адпачынак. Там высветлілася, што я ўжо ўладкаваная на працу адразу ў два тэхнікумы, што для нас зняты пакой у невялікай кватэры, што мяне кахаюць больш за жыццё. Так і атрымалася, што той «летні адпачынак» цягнецца трыццаць другі год…

14._julija_czanjauskaja_i_jae_muz_juryj_ziser_z_daczkoj_zenjaj_1.jpg

Юлія Чарняўская з мужам Юрыем Зісерам і дачкой
Львоў — цудоўны горад. У мяне там было шмат сяброў па аўтарскай песні. Мне было там добра. Але такога антысемітызму, як у тым савецкім Львове, я не бачыла нідзе… Я не магла чуць, як майго мужа і яго бацькоў абражаюць проста на вуліцы ці суседзі. Мне ўсё больш хацелася ў Мінск, і праз год мы вярнуліся — ён, я і дачка Жэня ў маім жываце.
Як сказаў тады Юра, у Беларусі ён трапіў у рай, бо «жыдоўскай мордай» тут амаль не называлі.
Жэня нарадзілася вельмі хваравітым дзіцём, а аднойчы і ўвогуле ледзь не памерла, пра што, дарэчы, ёсць фрагмент у кнізе Святланы Алексіевіч «Час сэканд хэнд». Спачатку па гэтай прычыне я не магла працаваць.
Першыя сем гадоў жыцця дачкі я выкладала вельмі мала. Той, хто ведае, што такое «ліхія дзевяностыя», добра памятае, як тады жылі людзі. Мы былі такім ж беднымі, як усе. Здымалі «хрушчоўку» на Залатой горцы, з якой нас перыядычна спрабавалі выгнаць, але абмяжоўваліся павышэннем платы. Муж працаваў у Бараўлянах праграмістам, атрымліваў 160 рублёў плюс мае 35 рублёў дэкрэтных, мінус 45 за жытло. Каляска, крамы, купоны… Адно слова — галеча…

13._juryj_ziser_z_daczkoj_zenjaj_1.jpg

Юрый Зісер з дачкой

Потым Юра «вахтавым метадам» уладкаваўся працаваць на Поўнач, у кааператыў горада Лангепаса, што знаходзіцца ў Ханты-Мансійскай аўтаномнай акрузе. Гэта Цюменская вобласць, недалёка ад Ніжнявартаўска.
Ён з’язджаў на некалькі месяцаў. Я заставалася з дзіцём адна. Хапалася за любую працу. Памятаю, клеіла аплікатуры для векаў, распісвала месцы на канцэртных квітках (тады гэта рабілі ўручную) і г. д. Але па начах пачала пісаць прозу. Вельмі хацелася пісаць! Прычым пра дзяцінства і юнацтва.
Майго заробку не хапала нават на ежу, аднак Юра, дзякуй Богу, пачаў нармальна зарабляць. Потым стварыў сваю фірму — «Надзейныя праграмы», якая спецыялізавалася на праграме для банкаў, якую ён напісаў яшчэ ў Лангепасе. І праз два гады (з матэрыяльнай дапамогай усіх сваякоў) мы набылі першую ўласную кватэру. Заводскі раён, вуліца Васняцова, 42 квадратныя метры. Як кажуць, жыццё пачало наладжвацца.

12_julija_czarnjauskaja_z_daczkoj_zenjaj_1.jpg

Юлія Чарняўская з дачкой
У пэўным сэнсе «Надзейныя праграмы» — няўдалы папярэднік партала TUT.BY.
Фірма, якая пачыналася з маленькага пакою нашай кватэры, дзе сядзеў кампутаршчык Дзіма, а Юра са сваім кампутарам сыходзіў да маіх дзядулі і бабулі. Фірма, дзе акрамя іх дваіх быў яшчэ толькі бухгалтар — дастаткова хутка ператварылася ў калектыў з пяцідзесяці супрацоўнікаў.
У 1996-м усё гэта рухнула з пачаткам банкаўскага крызісу. Жыццё зноў ператварылася ў паўтара года пекла.
Мы былі вінныя ўсім. Здавалася, усё вакол складаецца толькі з пазык. Людзі не могуць працаваць без заробкаў, і фірма зноў «скукожылася» да некалькіх чалавек.
Я круцілася як магла. Працавала ў дзвюх ВНУ, раз на тыдзень выкладала ў школе, пісала артыкулы для часопіса «Здароўе і поспех». А ўлетку займалася звычайным каміваяжорствам, гандлявала касметыкай «Swiss Formula».
Потым нам пашанцавала: нечакана паступіў заказ, які пакрыў усе запазычанасці. А праз некалькі гадоў узнікла ідэя стварэння TUT.BY.
Калі парталу споўнілася два гады і мы «выйшлі на самаакупнасць», журналісты пачалі пытацца пра стартавы капітал. Гэты былі грошы, сабраныя на набыццё большай кватэры. Юра ўклаў іх у новую рызыковую справу, і мы яшчэ сем гадоў жылі ў старой кватэры.

vasil_vitka_z_praunuczkaj_zenjaj_1.jpg

Васіль Вітка з праўнучкай Жэняй
Удалую назву TUT.BY прыдумаў мой сябар Мікола Раманоўскі — рэдактар, перакладчык і паэт, унук нашага класіка Кузьмы Чорнага.
На мой погляд, жанчына не павінна станавіцца вядомай проста як «другая палова» свайго мужа. Адна знаёмая мяне некалі цікава прадставіла свайму спадарожніку. Кажа: «А гэта жонка TUT.BY». Быць «жонкай шэфа» мне заўсёды было і будзе агідна. Таму я доўга і свядома дыстанцыявалася ад партала, займаючыся сваімі справамі: кнігамі, п'есамі, артыкуламі, дысертацыямі, выкладаннем. А цяпер і літаратурным клубам «GRAPHO».
На партале я пачала з’яўляцца, калі TUT.BY існаваў ужо дзевяць гадоў. І раблю я гэта вельмі рэдка. Я там мала каго ведаю. Пішу артыкул, дасылаю рэдактару. Калі рабіла перадачы — з'яўлялася менавіта на здымкі. Вось, хіба што, раз на месяц на літаратурны клуб «GRAPHO» прыходжу, таму што менавіта ў галерэі TUT.BY яго і праводжу.

16._vesjalle_daczki__1.jpg

Вяселле дачкі
Даволі часта пытаюцца, навошта мне ўсё гэта трэба, навошта пры такім загрузе «за капейкі» выкладаць ва Універсітэце культуры?
Адказваю — мне цікава быць патрэбнай. Упэўненая, наша краіна падымецца не дзякуючы некім апазіцыйным асобам, а дзякуючы ўсёй грамадзянскай супольнасці. Яна ўжо ёсць, але пакуль маленькая. Людзей трэба вучыць дэмакратыі, а значыць, мысленню і адказнасці. А дзе гэта можна зрабіць лепш, чым ва ўніверсітэце? (У снежні 2020 года стала вядома, што Юлія Чарняўская ўсё ж звольнілася з Універсітэта культуры. — НЧ).
Сёння грамадзянская супольнасць існуе сярод тых, хто займаецца дабрачыннасцю, хто адважваецца на стартапы, рызыку і г. д. Мне падабаецца дапамагаць такім людзям, быць ім карыснай. Падабаецца быць мостам паміж АСОБАМІ, плакаць з-за «галодных дзяцей у Мазамбіку». Гэта мой лёс. Хоць цяпер гэта часцей беларускія сіроты, жабракі-пенсіянеры, людзі з абмежаванымі магчымасцямі — і наогул, як сфармуляваў Дастаеўскі, «зняважаныя і абражаныя». Мне падабаецца вучыць студэнтаў і перадаваць ім не толькі веды, але і служыць мастком паміж пакаленнямі і людзьмі. Гэтаму калісьці навучыў мяне дзед. І недзе там, далёка-высока, яго і маё пакліканні аб'ядналіся...
Фота з сямейнага архіва Юліі Чарняўскай