Дачка зніклай Юліі Чарняўскай: Маму ўтрымліваюць як закладніка
Яўгенія Чарняўская, дачка заснавальніка TUT.BY Юрыя Зісера і культуролага Юліі Чарняўскай, паведаміла, што да гэтай пары не ведае, дзе знаходзіцца яе маці, якая знікла ўчора пасля таго, як пачалася атака на партал.
На сваёй старонцы ў Фэйсбуку Яўгенія Чарняўская напісала, што ў яе па-ранейшаму няма ніякай інфармацыі з нагоды знікнення маці.
«Ёсць здагадка, што яна ў СІЗА КДБ, але адвакату адмовілі даць інфармацыю, ці там яе падабаронная. Сказалі, што яны самі могуць "перадаць інфармацыю". Усе, хто бачыў маму ў апошнія суткі, на сувязь не выходзяць. Відавочна, нешта падпісалі і не маюць права даваць ніякіх дэталей і вельмі запалоханыя, таму што акрамя "мама ў парадку", ніякай інфармацыі мне ці бабулі не паступала.
Дзе яна правяла ноч, у якім стане здароўя яна — невядома. Мама інвалід, і апошнія 10 гадоў мучыцца пякельна моцнымі болямі ў пазваночніку і нагах. Большую частку дня яна праводзіць лежачы ў ложку, працуе таксама лежачы за ноўтбукам, бо сядзець і хадзіць ёй вельмі балюча. Таксама ў яе сур'ёзныя праблемы з сэрцам, і паводле сведчанняў відавочцаў, учора яна перанесла гіпертанічны крыз, пасля чаго была дастаўлена ў бальніцу пад канвоем. І пад канвоем жа была выпісана.
І галоўнае: у мамы няма ніякай інфармацыі пра дзейнасць TUT.BY. Яна даведвалася заўсёды навіны пасля публікацыі, гэтак жа, як і мой тата. Яна не з'яўляецца акцыянерам TUT.BY, не ведае ніякіх унутраных працэсаў, і ўжо дакладна нічога не ведае аб фармальнай прэтэнзіі, якую выкарыстоўвала пракуратура, каб зладзіць маскі-шоу ў "ТУТ БАЙ МЕДЫЯ" — "выкарыстанне ПВТ для ўхілення ад падаткаў".
Мне відавочна, што маму выкарыстоўваюць сілавыя органы, каб ціснуць на TUT.BY. Больш за тое, апошнія месяцы быў ціск на акцыянераў партала і нашу сям'ю з мэтай атрымання кантролю над дзейнасцю TUT.BY — дзіўныя паведамленні з розных каналаў сувязі мне і маім калегам. Сёння маму ўтрымліваюць як закладніка, запалохваюць яе і аказваюць ціск. Ладзяць інфармацыйную блакаду, каб дэзарыентаваць, прымусіць адчуваць сябе разгубленай і не пускаюць да яе адваката».