Дачка Юліі Чарняўскай: Мы чакалі, што за мамай прыйдуць
Расійскае выданне «Медуза» паразмаўляла пра тое, што адбываецца з Юліяй Чарняўскай, з яе дачкой Яўгеніяй.
— У жніўні 2020-га ваша мама ўвайшла ў першы склад
Каардынацыйнай рады апазіцыі Беларусі. Магчыма, з-за гэтага да яе з'явілася
дадатковая цікавасць з боку ўладаў?
— Мы чакалі, што за ёй прыйдуць. Але тады ніхто не прыйшоў.
З таго моманту прайшло дзевяць месяцаў, таму, на мой погляд, гэта не звязана з Каардынацыйнай радай.
Яна вельмі кароткі перыяд была ў Радзе. Яе ўключылі ў яе,
калі яна не асабліва разумела, што гэта.
А калі даведалася, сказала: «Ой-ой-ой. Гэта ж такая
пагроза. Улады адразу падумаюць, што гэта неяк звязана з Tut.by., лепш я выйду».
І выйшла. Як раз каб выратаваць Tut.by — каб гэта не нашкодзіла яму.
— Які стан было ў вашай мамы апошні год?
— Тата вельмі доўга хварэў і памёр вельмі цяжка. У мамы, як
і ў мяне, і ў многіх супрацоўнікаў Tut.by да гэтага часу вельмі суровы
стан — маральна мы раздушаныя. Тата — ідэальны чалавек. Неверагодныя ўспаміны аб
ім. Адзін з лепшых людзей, якія наогул былі ў Беларусі. Я кажу так не таму, што
я яго дачка. Мільён людзей гэта могуць сказаць.
У мамы сышло вельмі шмат часу, каб навучыцца жыць самой. У
яе дэпрэсіўны стан. У яе праблемы з хрыбетнікам, спіной, ціскам, сэрцам. І
пастаянны страх. Усе беларусы жывуць цяпер у бясконцым страху. А яна вельмі
ўражлівы эмацыйны чалавек. Яна вельмі баялася каронавіруса, толькі нядаўна
прышчапілася.
Яшчэ я амаль год не з'яўлялася ў Беларусі (Яўгенія
Чарняўская жыве ў Ізраілі — заўв.).
Калі ў тым годзе ўсё пачало адбывацца [пратэсты пасля
выбараў], я зразумела, што на мяне будуць ціснуць і я апынуся ў лапах органаў.
У мяне трохгадовая дачка — я не гатовая да гэтага. Фактычна мы не бачыліся з
мамай год.
Яе стан вельмі дрэнны. [18 траўня] яна знаходзіцца
незразумела дзе. У яе быў гіпертанічны крыз. Гэта ўсё на сумленні ўлады і
ўскосна, і прама.
— Да яе прыйшлі, каб аказаць дадатковы ціск на выданне?
— Я лічу, што гэта звязана выключна з жаданнем націснуць на
партал. Але я не разумею, на што яшчэ ціснуць. Партал заблакавалі, супрацоўнікаў
затрымалі. І вось яны забралі маму. Не разумею, што яны хочуць высветліць у
58-гадовай жанчыны, якая сядзіць дома са сваёй маленькай сабачкай, чытае кнігі
і выкладае лекцыі.
Усё гэта абсалютнае трызненне. У яе вельмі дрэнна з фінансамі
і эканомікай — яна не магла быць звязаная са справай аб ухіленні ад падаткаў,
якое прад'яўляецца Tut.by. Нават смешна, што яна можа выступаць нават сведкам
па гэтай справе.
— Калі да яе прыйшлі, яна напісала вам?
— Мама напісала: «Сяджу на балконе, слухаю цудоўныя спевы
птушак». На яе паведамленне пра птушак я даслала скрыншот з чаціка з
топ-менеджарамі выдання, што быццам хтосьці прыйшоў [да супрацоўнікаў
Tut.by]. Потым спытала: «Чаго ты не адказваеш?» Больш дыялогу з ёй не
было. Яна не выходзіла на сувязь.
Я адразу зразумела, у чым справа. Стала тэлефанаваць усім,
хто яе атачаў. Наша хатняя прыслужніца, мой стрыечны брат. Ніхто не браў
трубкі. Я зразумела, што справа дрэнна. Я бачыла, што яна перыядычна ўзнікае ў
сетцы, і разумела, што гэта можа быць «таварыш маёр», які гартае
паведамленні.
З ёй ніхто не змог звязацца. Але ёсць сіла фэйсбука. У мамы
вельмі вялікая аўдыторыя. Я стала ўсюды тэгаць маму. Пісаць, што яна знікла.
Людзі пачалі прыязджаць да яе дома, правяраць, што там, ці апячатаная кватэра,
куды дзелі сабаку. Іншыя людзі прыехалі да бальніцы і хутка зарыентаваліся, што
яна там (жанчыну даставілі ў бальніцу з дома пад канвоем, — заўв.).
— А што з сабакам?
— Сабаку забралі таварышы, у якіх апынуўся ключ ад нашага
дома. Спадзяюся, што з ёй усё ў парадку.
— Як вы даведаліся, што мама сапраўды ў бальніцы?
— У нас ёсць Праваабарончы цэнтр «Вясна». Яны
напісалі, што мама ў бальніцы. Хтосьці прыехаў і змог убачыць яе там. Мне нават
даслалі яе фота. Але ніхто не казаў пра гэта афіцыйна — таму што ў нас усе вельмі
баяцца.
— Адкуль інфармацыя, што яе маглі павезці ў СІЗА КДБ?
— Калі ў жніўні [2020-га] у Беларусі пачалася рэвалюцыя,
з'явілася шмат самаарганізаваных валанцёраў і чатаў. Ёсць телеграм-канал, і
хтосьці напісаў, што яна ў СІЗА. Але калі адвакат прыйшла ў СІЗА КДБ, ёй
сказалі, што ёй не могуць даць інфармацыю.
[20 мая] мамчын адвакат атрымаў званок ад супрацоўнікаў ДФР,
што цяпер над мамай будуць адбывацца следчыя дзеянні — верагодна, допыт. Адвакат
зайшоў на сустрэчу. Дзе менавіта яна адбываецца, я не ведаю.
— Як вы самі сябе адчуваеце цяпер?
— Агідна. У нас у Тэль-Авіве зараз ваенныя аперацыі і
ракетныя абстрэлы. Гэта начныя ўздымы, трывога, ты не ведаеш, колькі разоў цябе
падымуць. Садкі не працуюць, у мяне трохгадовая дачка, і цяпер я з ёй на руках
хаджу па бамбасховішчах. Я з'ехала на іншы канец краіны — гэта адзінае месца,
куды не дацягваюцца ракеты. Я пазбаўленая глебы пад нагамі фізічна і маральна.
Беларусь мой дом, і мне страшна туды прыехаць. Ізраіль — мой
дом, але мне страшна патрапіць да сябе дадому. Адчуваю велізарную небяспеку і
ціск з двух бакоў.
Паводле «Салідарнасці».