Навумчык: Усе незалежныя СМІ хочуць ператварыць ў «Советскую Белоруссию»

«Цяпер надыходзіць у Беларусі час, калі адной «нейтральнасці» Лукашэнку мала», — піша ў сваім тэлеграме Сяргей Навумчык, дэпутат Вярхоўнага Савета ў 1990-1995 гадах.

img_2260_1_logo.jpg

Чытаю ў сацсетках: «Tut.by — гэта ж не апазіцыйны рэсурс, яны стараліся трымацца нейтральнасці і аб’ектыўнасці, за што іх так?»

А толькі «так» і адбываецца пры дыктатуры.

Пры Сталіне і Гітлеры ў іх тыраніях не было «нейтральных» газет. Усе выданні ўсхвалялі тыранаў. Кожны дзень. У кожным нумары.

І не было на свабодзе публічных асоб — журналістаў, пісьменнікаў, мастакоў, навукоўцаў, якія б не ўсхвалялі Сталіна. Аніводнага. Вершы пра Сталіна вы знойдзеце і ў Купалы, і ў Мандэльштама, і ў Ахматавай, і ў Пастарнака. Нават у іх. А адмова даць «зялёнае» святло п’есе Булгакава «Батум», дзе быў выведзены вобраз маладога Сталіна (дыктатару не спадабалася, што ён паказаны не правадыром, а ўсяго толькі маладым рэвалюцыянерам) — загнала аўтара «Майстра і Маргарыты» ў магілу. Гэта была трагедыя геніяльных людзей.

І вось цяпер надыходзіць у Беларусі час, калі адной «нейтральнасці» Лукашэнку мала. Яму трэба, каб яго любілі.

У дачыненні да СМІ гэта азначае — каб усхвалялі.

27 гадоў Лукашэнка ператвараў Беларусь у савецкую Беларусь.

Цяпер усе незалежныя СМІ ён хоча ператварыць ў «Советскую Белоруссию».