Віктар Марціновіч: я зразумеў, што такое пісьменніцкі драйв

У тым, што Віктар Марціновіч лічыцца адным з культавых маладых пісьменнікаў Беларусі, пераконваць нікога не трэба, але далёка не ўсе ўяўляюць, што за гэтым стаіць.



z_liajpcyhu_na_laucy_pad_platanami__logo.jpg

Віктар Марціновіч пад платанамі ў Ляйпцыгу
Я літаральна быў уражаны творчым нонканфармізмам майго земляка. Думаю, вам будзе цікава пачытаць тое, што Віктар расказвае пра сябе сам. Аляксандр Тамковіч

Ашмянскі далягляд

9 верасня 1977 года я нарадзіўся ў родных для маёй маці Ашмянах, але пражыў там усяго некалькі месяцаў — бацькі пераехалі ў Мінск. Далей пачынаецца цікавая гісторыя, бо я быў упэўнены, што з таго часу жыў толькі ў Мінску. Літаральна год таму высветлілася, што гэта не так.

Аказалася, у Мінску я прабыў толькі больш за тыдзень. Бацькі жылі на здымнай кватэры, не маглі мяне даглядаць і заслалі ў Барбарова, дзе жылі дзед з бабай і адкуль родам мой бацька, Валеры Андрэевіч Марціновіч. Так што першыя тры гады майго жыцця былі вясковымі.

Ва ўзросце некалькі тыдняў бабуля па кудзелі адвезла мяне ў Меднікі і пахрысціла ў каталіцкім касцёле.

Дзявочае прозвішча маці — Дыяна Іосіфаўна Гудзінская. Некалькі гадоў у Ашмянах яны жылі ў самым пачатку вуліцы Зарэчнай, чыя назва гаворыць пра сутнасць. Прыватны дом, даволі круты абрыў, а ўнізе рэчка Ашмянка. Потым пераехалі ў канец вуліцы Савецкай, якая раней называлася па-рознаму, але больш вядомая мясцовым жыхарам як Жупранская. Дарэчы, Савецкай яна стала адразу пасля акупацыйнай Вермахтштрасэ.

Там ужо была кватэра з усімі выгодамі і балконам «на Літву».

Я вельмі люблю Ашмяны. Асабліва тыя, што былі раней, з цудоўнай ліпавай алеяй на ўездзе ў горад з боку Смаргоняў. На жаль, перад прыездам на мяжу Лукашэнкі яе спілавалі і зрабілі старажытны горад падобным на звычайную калгасную сядзібу.

Кожнае лета некалькі тыдняў я праводзіў у Ашмянах, а потым два месяцы ў Барбарова, дзе, як у любой вёсцы, даводзілася шмат працаваць. Пасвіць кароў, напрыклад, альбо праполваць буракі. Зразумела, Ашмяны я любіў больш. Горад усё ж такі.

Калі я нарадзіўся, маці вучылася на пятым курсе Медінстытута, які потым і скончыла. Пасля родаў у яе дыягнаставалі рассеяны склероз. Хвароба каварная і бязлітасная. Яшчэ да гадоў пяці я бачыў, як яна хадзіла, а потым села ў інвалідны вазок і больш не паднялася на ногі.

Часы тады былі вельмі складанымі — пачатак дзевяностых гадоў мінулага стагоддзя. Пенсія па інваліднасці ў маці складала толькі некалькі долараў. Бацьку прыйшлося шмат працаваць.

bac_ka_logo.jpg

Валеры Андрэевіч Марціновіч

Са страшнай хваробай маці пражыла 20 гадоў. Амаль у два разы больш звычайнага, што сведчыць пра вельмі добры дагляд. Гэта камплімент майму бацьку!

Ён вельмі любіў маці, і нават калі сваякі прапаноўвалі яе кінуць і сысці разам са мной, не пагадзіўся. Хаця зараз ён жыве з другой жанчынай, што цалкам нармальна і лагічна.

Дзе стаць пісьменнікам?

Спачатку ў 171-й школе я вучыўся вельмі дрэнна. Да апошніх класаў, калі перабудова ператварылася ў сапраўднае адраджэнне. Памятаю, што самым цікавым прадметам стала гісторыя, таму што гісторык літаральна на вачах раптам змяніўся і пачаў расказваць дзіўныя рэчы. Напрыклад, пра ВКЛ. Гісторыя стала сапраўднай, і гэта вельмі спадабалася вучням.

Менавіта тады я падышоў да бацькі і спытаў, куды пайсці вучыцца, каб потым стаць пісьменнікам? На той час я ўжо нешта (накшталт апавяданняў) пісаў. Бацька адказаў, што на філалагічны факультэт ісці не варта, бо там рыхтуюць выкладчыкаў літаратуры і мовы, і параіў стаць журналістам. Так я і зрабіў.

Паступіць атрымалася на платнае аддзяленне. Грошы ў бацькі былі толькі на тое, каб аплаціць першы курс, таму мне адразу трэба было шукаць працу. Так у 1995 годзе я трапіў у «Беларускую дзелавую газету», дзе даволі хутка ўзначаліў палітычны аддзел. Там у мяне з’явіліся першыя сапраўдныя сябры. Добры быў час. Мне пашанцавала папрацаваць з Паўлам Шараметам. Гэта быў вельмі добры настаўнік, аднак вельмі строгі і нават суворы кіраўнік.

З другога курса на журфаку мяне перавялі на бясплатнае навучанне, і ўсе грошы, якія я зарабляў, можна было траціць на кнігі. Я купіў усяго Чэхава.

Факультэт журналістыкі скончыў фактычна з чырвоным дыпломам, і адразу паступіў у аспірантуру, займаўся распрацоўкай тэмы віцебскай мастацкай школы. Аддаў гэтай справе чатыры гады жыцця. Аднак абараніць сваю працу не здолеў. Ці то Марк Шагал быў непажаданым для таго часу, ці то нейкія мае палітычныя публікацыі і выказванні прыйшліся не даспадобы, аднак дату абароны дысертацыі не прызначылі. І гэта пры тым, што праца была рэкамендавана да абароны. Усё павісла на ўзроўні рэктара БДУ.

У 2006 годзе, праз знаёмства з Альмірай Усманавай і Андрэем Горных, атрымаў прапанову прыехаць у Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт (ЕГУ) і пачаць з імі супрацу. У Вільні скончыў нешта накшталт падрыхтоўчых курсаў, здаў усе патрэбныя іспыты і ў 2008 годзе абараніў-такі зробленую яшчэ ў Беларусі аспіранцкую працу ў Вільнюскай акадэміі мастацтваў. Я стаў першым доктарам навук ЕГУ.

Праз семестр атрымаў дацэнта. Пасля тры семестры кіраваў Дэпартаментам сацыяльных і палітычных навук ЕГУ. Потым было рашэнне аб’яднаць яго з іншым дэпартаментам і значна скараціць колькасць тых, хто чытае лекцыі. Стала зразумела, што адміністрацыйная пасада — не маё, і я напісаў адпаведную заяву.

Стаў звычайным, шараговым выкладчыкам. Зараз тыдзень на месяц жыву ў Вільні.

Увосень 2014 года атрымаў вельмі вялікую і вельмі прэстыжную прапанову ад Венскага інстытута гуманітарных навук дапісаць кніжку пра Марка Шагала ў Віцебску. Правёў у Вене тры месяцы, скончыў працу.

У лістападзе яна была прэзентавана ў Вене. Прыйшло вельмі шмат людзей. У тым ліку і са знакамітай галерэі Альбярціна. Беларускамоўны варыянт неўзабаве выдасць ЕГУ. Спадзяюся таксама, што кадравыя пературбацыі дазволяць захаваць іх арыенціры на беларушчыну.

paljot_na_jak_40_logo.jpg

Віктар Марціновіч. Палёт на "Як-40"

Варта вандраваць

Мабыць, гэта пачалося яшчэ ў дзяцінстве. Хто быў у Ашмянах, ведае, што там захаваліся руіны касцёла францысканцаў. Гэта мая ўлюблёная будыніна ў свеце. Мае вандроўкі, захапленне старажытнасцю пачаліся менавіта там.

Той касцёл я злазіў увесь, і кожны раз, калі я прыязджаю ў Ашмяны, іду туды, каб упэўніцца, што цудоўны будынак яшчэ стаіць. У ім ззяюць вялізарныя дзіркі — бальшавікі безвынікова спрабавалі ўзарваць.

А першае дарослае падарожжа адбылося тады, калі я яшчэ быў студэнтам. З сябрам Міцем мы вырашалі аўтаспынам паехаць у Санкт-Пецярбург. Гэта было адно з самых вар’яцкіх падарожжаў, таму што, як толькі мы выйшлі на трасу, адчулі сваю непадрыхтаванасць да такіх вандровак.

Быў сакавік. Мы былі вельмі лёгка апранутыя. На жаль, амаль адразу спынілі фуру, якая падвезла да беларуска-расійскай мяжы. Выйшлі і напоўніцу ўсё адчулі — мінус тры, снег. У Міці не было нават шапкі. Першая гадзіна ночы. Пешшу мы прайшлі 60 кіламетраў да Смаленска. Былі там толькі ля шостай вечара. Ледзь выжылі.

Потым (ужо пасля вучобы) на доўгія травеньскія выходныя я з’ездзіў у Арменію і зразумеў, што гэта вельмі цікава і плённа. Праз такія падарожжы ўсведамляеш, што, не пабачыўшы свет, дагэтуль ты не цалкам разумеў сэнс некаторых базавых словаў. Накшталт дабра і зла, прыгажосці і галечы.

Пасля гэтага пачалася Азія. Пачалася з самай найгоршай краіны для пачаткоўцы-падарожніка. Нікому не раю туды ехаць спачатку. Гэта — Індыя.

У Нью-Дэлі я ледзь не звар’яцеў ад першых уражанняў. Гэта горад для падрыхтаванага вандроўніка і вельмі складаны для дзікага вандравання. Памятаю свае першыя гадзіны. Калі ў пошуках гатэля я ішоў па вуліцы, то думаў, што трапіў у нейкі дрэнны квартал. Там не было не проста тратуараў, а ніякай розніцы паміж тым, дзе людзі ходзяць, ездзяць іх матацыклы і месцамі, дзе яны спяць.

Ты раптам разумееш, што гатэль, які ты замовіў праз інтэрнэт, літаральна знаходзіцца на звалцы. Ён аточаны горамі бруду. Праз гадзіну разумееш, што звалкай з’яўляецца ўвесь Нью-Дэлі, таму што такога канцэпту, як сметніца, там няма ўвогуле. І ніколі не было. Некалі англічане паспрабавалі патлумачыць, што гэта такое, але безвынікова. Індусы, як і раней, кідаюць усё пад ногі.

Прусакі, пацукі, геконы і г.д. — увесь час вакол цябе.

Хадзіць па гораду яшчэ страшна таму, што ў любы момант цябе могуць абрабаваць. Любы (падкрэсліваю — любы), хто з табой загаворвае на вуліцах, з’яўляецца (як бы гэта мякчэй сказаць) крыху махляром. Калі ты высвятляеш па мапе, як прайсці да неабходнага аб’екта, і нехта бярэцца дапамагчы, ён гарантавана прывядзе ў другое месца, у фірму, дзе цябе абавязкова падмануць.

Праз тыдзень у цябе наступае нервовы зрыў, яшчэ праз два тыдні ты атрымліваеш такое атручванне, што думаеш — памру, а яшчэ праз тыдзень бачыш Гімалаі і разумееш, што нічога прыгажэйшага ў жыцці раней не бачыў і такіх прыгожых гор больш не пабачыш.

З Індыі пачаліся мае далёкія вандроўкі. Я спрабую мінімум раз на год месяц праводзіць у нейкім падарожжы. Гэта вельмі добрая разрадка. Я амаль не ўжываю алкаголь, не палю тытунь, таму дрэнную энергію, якая назапашваецца ў арганізме, выганяю ў падарожжах. Вандроўкі ў гэтым сэнсе надзвычай карысная рэч.

Я ўжо быў акрамя Індыі, у Малайзіі, В’етнаме, Інданезіі, М’янме, Камбоджы. У Еўропе быў усюды, акрамя Ліхтэнштэйна і Партугаліі. Днямі вярнуўся з Вільні, куды прыехаў з вялікага падарожжа па Іспаніі. Праехаў фактычна ўсю Іспанію аўтаспынам. Альбо на рэгіянальных цягніках.

Гэта было вельмі крута, але і вельмі складана, таму што Іспанія — краіна, дзе існуе сапраўдны культ вопраткі, дзе вопратка з’яўляецца не эстэтычнай, а этычнай катэгорыяй. Калі ты апрануты абы-як (як валацуга-вандроўнік), на цябе глядзяць надта дрэнна. Ты для іх — амаль, што крымінальнік…

Спадзяюся, магчымасць павандраваць яшчэ будзе. Акрамя Егіпту я пакуль не быў нідзе ў Афрыцы і не наведаў ніводную краіну Лацінскай Амерыкі, адпаведна для чаго планую вывучыць іспанскую мову. Сёння акрамя беларускай, рускай моваў, ведаю яшчэ англійскую і французскую.

Вандроўкі — вельмі важны складнік майго жыцця.

Даволі часта ў мяне пытаюцца наконт грошай. Адкажу яшчэ раз — шмат іх не трэба. Чым іх менш, тым лепш, таму што іх адсутнасць вымушае цябе кантактаваць з людзьмі. А гэта самае каштоўнае ў любой вандроўцы.

Калі шмат грошай, ты можаш замовіць праз інтэрнэт гатэль, сесці ў самалёт і прыляцець у любую патрэбную табе кропку свету. Калі грошай мала, гэта вымушае думаць, кантактаваць, чакаць, часам нават прасіць.

Будысты кажуць пра тое, што варта жыць «тут і цяпер», што наш розум —гэта розум істот, якія ўвесь час шукаюць сабе праблемаў. Кошка, напрыклад, ніколі не думае, што здарыцца, калі гаспадар яе заўтра не пакорміць, а чалавеку гэта ўласціва. Асноўная наша задача — думаць толькі пра дадзены момант, пра тое, што цябе атачае зараз. Любая вандроўка вяртае цябе на зямлю ў існы момант. У гэтым уся прыгажосць, бо ён заўсёды непаўторны.

Бывае, ты ідзеш па спякоце з цяжкім плецаком за плячыма і не ведаеш, дзе будзеш сёння начаваць. Ідзеш 13 кіламетраў да гатэлю, дзе хутчэй за ўсё не будзе месцаў, бо ён пабудаваны на беразе мора. Хочацца піць, а вады нідзе няма. Яе наўмысна не прада­юць. Толькі кактэйлі, кошт якіх складае дзённы бюджэт…

Жыць «тут і цяпер» — каштоўная рыса. Праз 3–5 дзён такой практыкі ты прывязваешся да новага ладу і крыху па-іншаму пачынаеш жыць. Гэта не сыходзіць адразу. Ты вяртаешся ў Мінск, застаешся ваяром, які проста ідзе ў апошні шлях і прыжывае кожны дзень як апошні ў сваім жыцці. Дзеля гэтага варта вандраваць.

У вандроўках многія рэчы пачынаеш разумець глыбей. Той жа іслам, напрыклад. У Інданезіі, калі я дабраўся да маленькай выспы Тарнада і вельмі пасябраваў з адной мусульманскай сям’ёй, яны мне растлумачылі існую сутнасць ісламу. Да гэтага я вельмі шмат чытаў, і нават у турэцкай Блакітнай мячэці меў працяглую размову з мясцовым муфціем, але ў Інданезіі ўсё зразумеў лепш.

Трэба не паводзіць сябе нахабна, умець паважаць іншых. У Егіпце вахабіты так мне пачалі давяраць і так ацанілі маю цікавасць да ісламу, што на другі дзень знаёмства прапанавалі набыць аўтамат АК-47, а потым прывялі да суфійскага калдуна. І гэта пры тым, што суфізм — самая закрытая частка іх веры.

Усё залежыць ад чалавека. Калі ты нармальны, ніхто (акрамя «адмарозкаў») калечыць цябе за рэлігійныя перакананні не будзе.

Не так даўно я задумаўся над тым, што ў вандроўках запомнілася больш за ўсё. Хутчэй за ўсё, гэта гук будысцкіх званочкаў у Леху. Як і самі Гімалаі, дарэчы, бо калі ты ляціш на вышыні 10 тысяч кіламетраў і бачыш побач з самалётам вяршыні гор — гэта цуд! Калі я быў у М’янме, запомніўся ўсход сонца над Мандалаем. Запоўніўся Швідагон — самы вялікі будысцкі храм у свеце, што крыты ліставым золата. Дзед, які мне ў індыйскім Чынгігары растлумачыў сутнасць чалавечай кармы. Не забуду кіроўцу лодкі ў в’етнамскім Хуяне. Калісьці ён быў будысцкім манахам і падрабязна расказаў мне пра сутнасць гэтай веры…

Калі зараз азіраешся назад і ўсё пачынаеш аналізаваць, то разумееш, што жыццё атрымалася цікавым ужо да гэтага моманту, а колькі цікавага яшчэ можа чакаць наперадзе.

Аднак, з іншага боку, ёсць адчуванне, што, калі так шмат пабачыў, вельмі цяжка нечаму здзіўляцца. Адчуванне страты вастрыні ўспрыняцця. Здаецца, што яна згублена назаўсёды, і ты пачынаеш шукаць не столькі кропкі, якія цябе могуць уразіць, колькі таго сябе, які яшчэ можа гэтым уражвацца.

na_franfurkck_m_kn_zhnim_k_rmashi_logo.jpg

На Франкфурцкім кніжным кірмашы

Шляхам літаратуры

У 2008 годзе ў мяне здарылася адна гісторыя, якая натхніла напісаць пра каханне звычайнага (хаця і інтэлектуала) хлопца з дзяўчынай, якая набліжаная да вузкага кола людзей, што маюць усё. Гэткая прынцэса, залатая моладзь.

Я пачаў гісторыю распрацоўваць, атачаць яе падрабязнасцямі. Прычым гэта было як нейкае насланне: я ўвесь час пра гэта думаў і не мог спыніцца. Думаў пра тое, як цікава было напісаць раман пра каханне двух маладых людзей, расказанае праз пратаколы праслухоўкі КДБ.

Хадзіў з гэтым год, дакладней, 10 месяцаў. Потым пачаў рабіць нататкі. Запісаў некалькі дыялогаў паміж галоўнымі героямі і сам не заўважыў, як праз даволі кароткі час сеў і напісаў раман «Паранойя».

Тэкст даслаў свайму сябру Антону Кашнікаву, які толькі-толькі выдаўся ў вядомым расійскім выдавецтве АСТ. Той яго пераслаў рэдактару. Кніжку пагадзіліся выдаць. Яна выйшла. І яе адразу забаранілі…

Дарэчы, як толькі яе знялі з продажу, мяне адразу пачалі папракаць, што такім чынам я нібыта піяру сваю кнігу. Гэта было крыўдна, але самае сумнае, што асноўным маім пачуццём у той момант быў страх. Я не меў ніякага досведу супрацьстаяння дзяржаве і не хацеў гэтага.

Пасля забароны яе знялі з усіх гандлёвых кропак, а інтэрнэтчыкі напісалі такі радок — «Продажа этого товара больше не планируется». Словам, з «Паранойяй» адбылася тыповая паранойя.

З той пары я два гады нічога не пісаў, а ў 2011 годзе выдаў першы свой вялікі тэкст на беларускай мове, раман «Студзёны вырай».

Па наш дзень некаторыя гавораць, што гэта пакуль самая лепшая мая кніга. Магчыма. Аднак самае цікавае ў тым, што тады я нават гаварыць па-беларуску не ўмеў. Задача напісаць раман на беларускай мове выглядала недасягальнай, але я гэта зрабіў.

Пасля быў «Сфагнум», напісаны зноў па-расійску, таму, што мне тады здавалася: напісаць раман пра гопнікаў, хлопцаў з мікрараёнаў немагчыма па-беларуску па вызначэнні. Што іх дыялогі будуць выглядаць ненатуральна. Але, калі паэт Віталь Рыжкоў пераклаў гэта на беларускую мову, і яе выдалі ў «Логвінаве», зразумеў — у нашым жыцці магчыма ўсё.

Год таму выйшла «Мова». Кніга, якая была цалкам абазнанай. Калі яе рабіў, то больш не адчуваў нейкіх складанасцяў з беларускай мовай, а проста сеў і напісаў. Лілося так, як звычайна ліецца з рускай мовай, і я адчуў, што «моўнага пытання» для мяне больш не існуе.

Зараз паўстала другое пытанне — пісаць па-руску альбо па-беларуску. Я — двухмоўны пісьменнік. Палова маіх тэкстаў напісана па-беларуску, палова па-руску. Пры гэтым мне здаецца, што чалавек, які піша па-руску ў Беларусі, рускім ні разу не з’яўляецца.

Аднак вернемся да «Паранойі». У Расіі яе не забаранялі, але ўсе тамтэйшыя выдаўцы маюць вельмі вострае вуха. Хутка яны зразумелі, што я нейкі забаронены пісьменнік, і стасавацца са мной не варта, таму што можна назаўсёды згубіць свае дамовы ў беларускіх выдавецтвах і друкарных дамах. Палова кніжак таго ж АСТ друкуецца ў «Беларускім Доме друку».

Расійскі рынак у пэўным сэнсе для мяне закрыўся. А два-тры гады таму я і сам зразумеў, што больш не хачу туды сунуцца. Калі цябе друкуюць там, то для іх ты хлопчык з правінцыі, які спрабуе рэалізавацца ў вялікай рускай культуры. Мне ж здаецца, што наша задача палягае ў тым, каб падымаць, уздымаць і адраджаць менавіта культуру і літаратуру беларускую, якая пасля Быкава, Караткевіча, Адамовіча крыху прасела праз тое, што да яе няма цікаўнасці. Трэба вяртаць тое, што было здабытым і амаль згубленым. На рускім рынку я хачу прысутнічаць як замежнік, а не як суайчыннік-правінцыял.

«Паранойю» набыло англамоўнае выдавецтва «North Western University Press» з Ілінойскага ўніверсітэта. Яе пераклала прафесар Карнуэльскага ўніверсітэта славістыкі, і мы атрымалі вельмі добрую крытыку.

Пра «Паранойю» напісалі «New York Times Review of books». Як паведамілі мне выдаўцы, толькі 2 адсотка кніг, якія выходзяць у ЗША, атрымліваюць хаця б адзін водгук у «New York Times Review of books». У нас было дзве станоўчыя рэцэнзіі. Гэта вельмі вялікі поспех.

З мінулага года пачалася мая гісторыя ў Германіі. Гісторыя, якая вельмі натхняе і нараджае шмат надзеяў, таму што гэта вельмі буйны рынак, і таму што там людзі крыху іншыя. Калі ты ў Германіі на чытанне збіраеш 100 чалавек, гэта значыць, што яны заўсёды будуць цікавіцца тваёй творчасцю і заўсёды будуць прыходзіць на творчыя сустрэчы.

Пачалося ўсё з таго, што выдавецтва «Voland und Quist» набыло правы на «Паранойю». Пасля гэтага яны пачыталі «Сфагнум», набылі правы і на яго. А літаральна месяца паўтара таму яны, пачуўшы пра «Мову», набылі і яе. Цікава, што правы на апошнюю кнігу яны набылі без расійскіх і шведскіх пасярэднікаў, якія палічылі яе «надта спецыфічнай».

Нямецкія выдаўцы вельмі апантаныя гэтай кніжкай. Яна запланавана на восень 2016 года. Спадзяюся на поспех. У выдавецкім бізнесе (менавіта ў мастацкай літаратуры) ёсць алгарытм, пра які ўсе кажуць: першая кніжка — звычайна не страляе, другую крыху заўважаюць, трэцяя — самае галоўнае. Мы вельмі моцна выбухнулі з «Паранойяй», якая ў Германіі выйшла ў кастрычніку мінулага года. Пра яе напісалі ўсе тамтэйшыя буйныя медыі. Праз месяц пасля выхаду была дадрукоўка тыражу, што для першай кніжкі вельмі вялікі поспех.

У красавіку я быў у літаратурным турнэ (другім па ліку) па Нямеччыне і Еўропе, якое зладзіў мой нямецкі выдавец. Сярод іншага быў маленькі нямецкі гарадок Райцвальд.

Хадзіў па вуліцах — і раптам пазнаваў Ашмяны. Адзінае, што ёсць там, але няма ў Ашмянах, — выхад да мора. Усё астатняя — амаль копія.

Менавіта там я зразумеў, што такое пісьменніцкі драйв. Ты прыязджаеш у горад, пра які ніколі нічога не чуў і нават не ведаў, што ён ёсць, прыходзіш на сустрэчу з чытачамі і бачыш — поўную залю. І гэта так крута!

shil_dachka_na_lasnim_praco_nim_pakojchiku_vensk_m_nstituce_guman_tarnih_navuk_logo.jpg

Шыльдачка на ўласным працоўным пакойчыку ў Венскім інстытуце Гуманітарных навук