Падчас Дня беларускага пісьменства ўручаць першую нацыянальную прэмію па літаратуры
Нацыянальную прэмію ў галіне літаратуры ўручаць у Шчучыне падчас правядзення XXII Дня беларускага пісьменства 6 верасня.
«Урачыстая цырымонія ўручэння адбудзецца на галоўнай сцэнічнай пляцоўцы свята», — распавёў старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец.
Журы ўжо завяршыла працу, выбрала пераможцаў у намінацыях «Проза», «Паэзія», «Дзіцячая літаратура», «Перакладчыцкая літаратура» і іншых, але іх імёны будуць абвешчаныя толькі ў Шчучыне. Ацэньваліся творы за 2014 год.
Лепшых літаратараў і раней ўшаноўвалі ў рамках правядзення Дня беларускага пісьменства альбо розных конкурсаў, але ўручэнне Нацыянальнай прэміі ў галіне літаратуры стане першым такім мерапрыемствам у краіне. Заснавальнікі прэміі — Міністэрства інфармацыі, а таксама Міністэрства культуры і Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Зараз вырабляюцца падарункі-сімвалы лаўрэатам.