AHK Belarus: 9 з 10 нямецкіх кампаній у Беларусі адчулі санкцыі ЕС
Пераважная большасць нямецкіх кампаній, якія працуюць у Беларусі, адчулі ўплыў санкцый ЕС на дзейнасці сваіх прадпрыемстваў. Зусім не адчулі санкцый толькі каля 4% нямецкіх бізнесаў.
Такія даныя былі атрыманы ў ходзе апытання, праведзенага ў кастрычніку 2021 года прадстаўніцтвам нямецкай эканомікі ў Рэспубліцы Беларусь (AHK Belarus) сумесна з Інфармацыйным цэнтрам нямецкай эканомікі — даччынай сэрвіснай структурай «DEinternational» «Нямецкага саюза прамыслова-гандлёвых палат» (DIHK).
У апытанні прынялі ўдзел 46 нямецкіх кампаній, якія дзейнічаюць у Беларусі. У галіновым разрэзе гэта 20 прадпрыемстваў сферы паслуг, 16 прадпрыемстваў сферы гандлю і 10 прамысловых і будаўнічых прадпрыемстваў. Thinktanks.by прыводзіць вынікі даследавання.
Знікненне «дрэнных»
Як паказала апытанне, 67,4%, або амаль 7 з 10 працуючых у Беларусі нямецкіх кампаній, якія прынялі ўдзел у даследаванні, ацэньваюць сваё бягучае эканамічнае становішча як здавальняючае. 32,6% кампаній назвалі сваё становішча добрым. Аднак у параўнанні з вясновым апытаннем 2021 года доля «аптымістаў» зменшылася на 5%. Рэспандэнтаў, якія заявілі пра дрэннае эканамічнае становішча сваіх прадпрыемстваў, у гэтым апытанні не аказалася, хоць у вясновым апытанні іх доля складала 2,2%.
Здавалася б, адсутнасць дрэннага эканамічнага самаадчування — ужо падстава для пазітыўных поглядаў у светлую будучыню. Аднак такога пазітыву стала менш.
Апытанне паказала, што 6 з 10 кампаній чакаюць захавання свайго эканамічнага становішча на бягучым узроўні ў кароткатэрміновай перспектыве, а амаль кожны чацвёрты рэспандэнт прагназуе яго пагаршэнне. У параўнанні з вясновым апытаннем, доля «аптымістаў» зменшылася ў 1,7 раза — да 17,4%.
Прагноз у дачыненні да развіцця рынкавай кан'юнктуры на бліжэйшыя 12 месяцаў таксама застаецца негатыўным: 6 з 10 кампаній чакаюць яе пагаршэння.
Асноўныя рызыкі і каронавірус
У якасці асноўных рызык для свайго эканамічнага развіцця кампаніі назвалі палітыка-эканамічныя рамачныя ўмовы ў краіне (3/4 рэспандэнтаў), падзенне попыту (палова рэспандэнтаў), а таксама забеспячэнне прававых умоў і абмежаванне магчымасці фінансавання (4 з 10 рэспандэнтаў). У параўнанні з вясновым апытаннем 2021 года ў два разы зменшылася доля рэспандэнтаў, у якіх асцярогі выклікалі ваганні абменнага курсу.
Уплыў пандэміі каронавіруса на бізнес па-ранейшаму выяўляецца ў большасці рэспандэнтаў у абмежаванні паездак (3/4 кампаній), адмове ад удзелу ў выставах/афлайн-мерапрыемствах (палова кампаній), а таксама ў збоях у ланцужках паставак/лагістыцы і збоях у вытворчасці/адсутнасці работнікаў па хваробе (у 4 з 10 рэспандэнтаў).
У параўнанні з вясновым апытаннем 2021 года, доля двух апошніх фактараў узрасла ў 1,6 і амаль 3 разы адпаведна. 4 з 10 кампаній ужо заняліся дыверсіфікацыяй ланцужкоў паставак з дапамогай пошуку новых пастаўшчыкоў, кожная дзясятая кампанія мяняе маршруты паставак.
Уплыў санкцый
«Моцны» і «вельмі моцны» уплыў санкцый ЕС супраць Рэспублікі Беларусі адзначылі 4 з 10 кампаній, якія прынялі ўдзел у апытанні (20% і 20% апытаных адпаведна). Яшчэ 46,7% рэспандэнтаў адчулі ўздзеянне санкцый у «сярэдняй ступені». 8,9% кампаній сказалі, што наўрад ці адчулі санкцыі, а яшчэ 4,4% паведамілі, што такога ўплыву «зусім няма».
Сярод рэстрыктыўных мер, якія ў значнай ступені адбіваюцца на дзейнасці прадпрыемстваў, рэспандэнты назвалі санкцыі ў дачыненні да юрыдычных асоб (каля 56% рэспандэнтаў), праблемы пры правядзенні разлікаў па міжнародных гандлёвых аперацыях (палова рэспандэнтаў), абмежаванне авіязносін і наступствы сектаральных санкцый (крыху больш за 40%).
Шкода і актыўнасць
4 з 10 апытаных кампаній мяркуюць, што шкода ад санкцый для іх прадпрыемстваў у сярэднетэрміновай перспектыве можа скласці ад 1 да 50 млн. еўра. Палова рэспандэнтаў не можа даць якасную ацэнку страт. Каля 9% кампаній лічаць, што санкцыі іх не закрануць.
Планы нямецкага бізнесу ў Беларусі ў кантэксце ўведзеных супраць краіны санкцый: больш за 7 з 10 рэспандэнтаў маюць намер захаваць дзелавую актыўнасць і аб'ём інвеставання на беларускім рынку на ранейшым узроўні; 1 з 10 кампаній плануе пашырэнне актыўнасцей, 14% рэспандэнтаў — іх скарачэнне.