Памежная служба Польшчы: Каля 10 000 мігрантаў у Беларусі плануюць нелегальна перасячы мяжу
«Паводле нашых даных, у Беларусі каля 10 тысяч замежнікаў, якія плануюць перайсці мяжу нелегальна», — паведаміла прэс-сакратарка Польскай памежнай службы Ганна Міхальска.
![0bd80000_0aff_0242_64f9_08d9ad9cd2d3_w1023_r1_s.jpg 0bd80000_0aff_0242_64f9_08d9ad9cd2d3_w1023_r1_s.jpg](/img/v1/images/0bd80000_0aff_0242_64f9_08d9ad9cd2d3_w1023_r1_s.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Прэс-сакратарку спыталі пра лагеры мігрантаў на мяжы з
Польшчай, паведамляе «Свабода».
— Ніякіх стаянак на мяжы мы не назіраем. Цяпер у ваколіцах Кузніцы ціха, няма спроб перасячы мяжу з ужываннем сілы, — падкрэсліла Міхальска. — На мяжы людзі цяпер не разбіваюць лагеры, іх прывозіць грузавікамі беларускі бок.
«Магчыма, з гэтага цэнтра, магчыма, з іншых месцаў, дзе яны збіраюцца», — сказала яна.
Прадстаўніца Памежнай службы адзначыла, што, паводле іх
звестак, у Беларусі цяпер каля 10 тысяч замежнікаў, якія плануюць нелегальна
перасячы мяжу.
— Колькі іх каля мяжы, а колькі ў глыбіні краіны, мы не ведаем, — сказала Міхальска.
На пытанне, ці змяніліся працэдуры адносна выезду
грузавікоў з Беларусі, Міхальска адказала, што «ў правілах нічога не
змянілася».
— Сапраўды, грузавікоў даволі шмат. Калі ласка, памятайце,
што на гэта таксама паўплывала тое, што пераход у Кузніцы зачынены, — нагадала
яна.
Ці разглядаецца варыянт адкрыцця пераходу ў Кузніцы?
— Пакуль у мяне няма інфармацыі, што пераход будзе адкрыты ў бліжэйшыя дні, — адказала Міхальска.