Страты на дзясяткі мільёнаў долараў. Што цяпер з падсанкцыйным «Гродна Азотам»

«Пакуль незразумела, ці будуць санкцыі азначаць цалкам забарону на імпарт тавараў краінамі ЕС», — распавёў эканаміст Дзмітрый Крук «Свабодзе».

azot_grodno_1.jpg

Паводле крыніцы «Радыё Свабода» ў Бруселі, у новы пакет санкцый ЕС увойдуць 17 чыноўнікаў і 11 арганізацый у Беларусі. Санкцыі ўхваляць 1 снежня, а дзейнічаць яны пачнуць з 2 снежня. Сярод іншага, пад санкцыі трапіць «Гродна Азот». Глядзім, што з ім цяпер.

За год — страты на 85 мільёнаў рублёў

Згодна са справаздачай за мінулы год, размешчанай на адзіным партале фінансавага рынку, летась «Гродна Азот» спрацаваў з мінусам на 85,1 мільёна рублёў. За 2019 год прадпрыемства мела прыбытак у 82,3 мільёна рублёў.

Вырасла і запазычанасць прадпрыемства: доўгатэрміновыя абавязанні цяпер складаюць 189,5 мільёна рублёў (у 2019-м было 159 мільёнаў), кароткатэрміновыя — 453,2 мільёна рублёў (на канец 2019 года было 360 мільёнаў рублёў).


54,4% экспарту калійных угнаенняў — у ЕС

Белстат закрыў аператыўную статыстыку па экспарце мінеральных прадуктаў і азотных угнаенняў. Паводле даступнай пакуль статыстыкі, за мінулы год экспарт азотных угнаенняў склаў 181 мільён долараў на год.

54,4% ад гэтага экспарту прыпадае на краіны ЕС, туды экспартавалі азотных угнаенняў на 98,4 мільёна долараў. Найбольш азотных угнаенняў з Беларусі ў ЕС набылі Францыя — на 50,4 мільёна долараў, Нідэрланды — на 15,6 мільёна, і Літва — на 14 мільёнаў долараў.

За 2021 год экспарт у ЕС вырас

Беларуская дзяржаўная статыстыка публікуе толькі агульныя лічбы па экспарце тавараў у ЕС за гэты год. Са студзеня па верасень Беларусь прадала тавараў у ЕС на 7 мільярдаў долараў. Гэта 196% ад экспарту за такі ж перыяд мінулага году, або амаль удвая болей. І гэта больш, чым за ўвесь 2020 год (5,5 мільярда долараў).

Паколькі асноўныя тавары, якія ЕС набывае ў Беларусі, — гэта нафтапрадукты, калійныя і азотныя ўгнаенні, то відавочна, што па гэтых пунктах таксама вырас экспарт.

«Незразумела, як яны будуць дзейнічаць»

Эканаміст Дзмітрый Крук звяртае ўвагу, што «пакуль незразумела, ці будуць санкцыі азначаць цалкам забарону на імпарт гэтых тавараў краінамі ЕС».

«Пакуль няма спецыфікацыі, ёсць толькі інфармацыя, што „Гродна Азот“ трапіў пад санкцыі. Калі гэта поўная забарона на пастаўкі ў Еўропу, то гэта істотны выклік для прадпрыемства, якое ў высокай ступені залежнае ад гэтага рынку. Для прадпрыемства паўстане пытанне, наколькі яны могуць пераарыентавацца на іншыя рынкі. Часткова гэта магчыма, бо іх тавар запатрабаваны ў гаспадарках Расіі і Украіны. Поўная забарона паставак у ЕС будзе істотнай, але не катастрафічнай», — мяркуе Дзмітрый Крук.


Падсанкцыйныя тавары могуць ісці ў абыход

Напрыканцы лістапада «Еўрарадыё» выпусціла расследаванне, з якога вынікае, што беларускія нафтапрадукты могуць прадаваць і праз іншыя краіны. У прыватнасці, беларускі нафтаперапрацоўчы завод «Нафтан» 6 месяцаў як працуе пад санкцыямі ЗША.

Гэта значыць, што кампаніі, якія пастаўляюць сыравіну на завод, таксама могуць трапіць пад санкцыі Белага дому. Аднак пастаўкі на завод ідуць, нягледзячы на санкцыі. Вось толькі даныя пра пастаўкі зніклі з афіцыйнай статыстыкі.

Таксама прадукцыя «Нафтана» трапляла ва Украіну — гэта адзін з асноўных пакупнікоў беларускіх нафтапрадуктаў. Журналісты знайшлі пацверджанне гэтай інфармацыі на сайце «БНК Украіна» — кампаніі, якая займаецца пастаўкамі беларускіх нафтапрадуктаў ва Украіну.

За 7 месяцаў гэтага года экспарт беларускіх нафтапрадуктаў расійскай чыгункай вырас у 5 разоў — у параўнанні з такім жа перыядам летась.

Адзін з супрацоўнікаў «Нафтана» на ўмовах ананімнасці сказаў журналістам, што нафтапрадукты з Беларусі як мінімум у чэрвені ішлі ў Нідэрланды праз парты Санкт-Пецярбурга.

Невядома, колькі канкрэтна нафтапрадуктаў Беларусь прадала ў Нідэрланды, але за 8 месяцаў гэтага года агульны экспарт у гэтую краіну вырас у два разы ў параўнанні з усім 2020 годам і склаў 1,49 мільярда долараў.