Аляксандр Чубрык: забарона імпарту зашкодзіць у першую чаргу Беларусі

Указ беларускага кіраўніка № 128 «Аб прымяненні спецыяльных мер», паводле задумы ўлад, «прыняты ў мэтах забеспячэння бяспекі і абароны нацыянальных інтарэсаў». Газета «Беларусы і рынак» пацікавілася ў дырэктара Даследчага цэнтра ІПМ, Аляксандра Чубрыка, як беларускія контрсанкцыі адаб'юцца на эканоміцы краіны?

unnamed_0.jpg

Указам № 128 прадугледжана ўвядзенне забароны на ўвоз у краіну асобных катэгорый тавараў, а таксама на імпарт работ (паслуг), што выконваюцца юрыдычнымі і фізічнымі асобамі дзяржаў, якія прынялі спецыяльныя меры (санкцыі) у дачыненні да беларускіх юрыдычных або фізічных асоб

— Як ставіцца да даволі нечаканага кроку беларускіх улад?

— Калі прымаецца цяжка вытлумачальнае рашэнне, заўсёды ўзнікае пытанне — чым яно будзе напаўняцца? На гэты момант прадмета для каментараў няма, таму што пакуль невядома, якімі будуць далейшыя дзеянні беларускіх улад: якія тавары і краіны ўвойдуць у спісы, зацверджаныя ўрадам, наколькі шырокім будзе гэты пералік. Застаецца сачыць за развіццём падзей.

— Калі прынятыя беларускімі ўладамі крокі будуць не дэкаратыўнымі, а маштабнымі, як у Расіі, — якія будуць наступствы?

— Падобныя рэчы заўсёды абарочваюцца супраць уласных спажыўцоў. У выпадку ўводу антысанкцый беларусы адчуюць прыкладна тое ж, што некалькі гадоў таму нашы суседзі расіяне, калі ў РФ моцна падаражэла, напрыклад, рыба, іншыя прадукты і тавары. У накладзе ў выніку аказаліся расійскія спажыўцы, расійскі бюджэт і, мабыць, расійскія кампаніі-імпарцёры.

Другі эфект ад прынятых Крамлём санкцый — гэта з'яўленне і развіццё рознага кшталту кантрабандных схем з улікам адкрытасці мяжы з Беларуссю. Тыя ж схемы могуць пачаць працаваць і ў нашым выпадку.

Але ўвядзенне санкцый Крамлём мела ўплыў на расійскіх контрагентаў, бо Расія — гэта буйны рынак. А Беларусь — гэта маленькі рынак, не параўнальны па аб'ёмах з расійскім. І нават маштабная забарона не акажа істотнага ўплыву на эканомікі еўрапейскіх краін: наша доля ў экспарце ЕС мінімальная.

— Ці можна выказаць здагадку, што ў выпадку ўвядзення маштабных санкцый паўстане паўанекдатычная сітуацыя, і абыходныя санкцыйныя схемы стануць працаваць у адваротны бок: кантрабанда пойдзе праз Расію ў Беларусь?

— Мы і так пастаўляем з Расіі мноства рэчаў, якія маглі б імпартаваць наўпрост. Узяць тое ж бессэнсоўнае (і нават шкоднае) абмежаванне ў 22 еўра на пасылкі, якое спарадзіла каналы альтэрнатыўных «транзітных» паставак з РФ. Падобныя схемы ўзнікаюць і будуць узнікаць заўсёды пры любых абмежаваннях.

— Якія сцэнары контрсанкцый?

— Магчыма, гэты ўказ стане толькі дэкларацыяй, дэманстрацыяй таго, што «мы горача пратэстуем супраць актаў агрэсіі». А магчыма, ён напоўніцца канкрэтным зместам, і тады паўстануць негатыўныя эфекты, пра якія я сказаў раней. Але мне здаецца, верагоднасць таго, што контрсанкцыі будуць маштабнымі, невялікая. Таму што варыянт з забаронай на імпарт шырокага кола тавараў і паслуг з вялікай колькасці краін дадасць негатыву ў і без таго складанай сітуацыі ў эканоміцы. Наўрад ці гэта тое, чаго дамагаюцца эканамічныя ўлады.