Апытанне: Жывуць не па сродках амаль 32% беларусаў
Палове беларусаў часам або пастаянна не хапае грошай да наступнага заробку, у траціны — выдаткі перавышаюць даходы. А 11% магілёўцаў, напрыклад, бяруць новыя крэдыты, каб пагасіць старыя. Такія высновы атрымалі сацыёлагі ў ходзе вывучэння фінансавай пісьменнасці насельніцтва.
Апытанне па замове Нацбанка праводзілася ў лютым-сакавіку гэтага года, у ім удзельнічала 1,5 тысячы чалавек, піша «Беларусы і рынак».
Больш за палову апытаных сутыкаліся з сітуацыяй недахопу грошай да атрымання наступнага даходу (заработнай платы, пенсіі, стыпендыі, сацыяльных выплат). З іх 13,4% сутыкаюцца з недахопам сродкаў штомесяц, 40,3% — час ад часу. У параўнанні з 2022 годам стала больш тых, хто з гэтай праблемай не сутыкаецца.
Падчас апытання 9,5% беларусаў прызналіся, што іх выдаткі «значна» перавышаюць даходы, «часам перавышалі» — 22,3%. Гэта значыць, жывуць не па сродках амаль 32% насельніцтва. У 36% выдаткі прыкладна роўныя даходам.
Нявыкрутка
Рэспандэнтам прапанавалі пагадзіцца ці не пагадзіцца з дэпрэсіўным сцвярджэннем: «З-за фінансавага становішча я ніколі не атрымаю ў жыцці таго, чаго хачу». Згодныя з гэтым — 27,7% беларусаў. Больш за ўсё ў роспачы жыхары Мінскай (35%) і Магілёўскай абласцей (33,5%). Найменш дэпрэсіўнай аказалася Гомельская вобласць —17%. У Мінску не вераць у спраўджанне мараў — 23,4% апытаных.
Што робяць людзі, калі грошы скончыліся?
У беларусаў спыталі, што яны робяць, калі заканчваюцца грошы да атрымання новага даходу:
- 52% імкнуцца эканоміць;
- 21% выдаткоўваюць зберажэнні;
- 21% бяруць у доўг у сваякоў, сяброў, знаёмых;
- 16% спрабуюць падпрацаваць звышурочна, знаходзяць дадатковую працу;
- 8,4% купляюць тавары ў растэрміноўку.
Браць новы крэдыт, каб пагасіць папярэдні доўг, даводзілася 6,1% моладзі, 6,6% — працоўным сярэдняга ўзросту і 3,9% — пенсіянерам. Часцей за ўсё з сітуацыяй неабходнасці дадатковага запазычання грошай, каб пагасіць папярэднія даўгі, сутыкаліся жыхары Магілёўскай вобласці (11,8%).
На колькі хопіць падушкі бяспекі?
У выпадку страты асноўнай крыніцы даходу 17% апытаных змогуць пратрымацца на зберажэннях толькі адзін месяц; 15% — да трох месяцаў; 8,5% — ад трох да шасці месяцаў. Паказальна, што палова апытаных не змагла растлумачыць, колькі можа пратрымацца без заробку.
У параўнанні з мінулымі апытаннямі назіраецца зніжэнне колькасці рэспандэнтаў, якія маюць найменшую падушку бяспекі.
Дармовыя грошы — выдаткаваць або захаваць?
У беларусаў спыталі, як яны распарадзяцца грашовай сумай у памеры 50 тысяч рублёў, калі б выйгралі яе ў латарэю. Высветлілася, што большасць апытаных схільныя марнавацьабо зберагаць нечаканыя паступлення, але не інвеставаць.
Выдаткаваць грошы планавалі каля 45% апытаных:
- на куплю тавараў /паслуг (12%),
- пагашэнне крэдытаў / запазычанасці (9,3%),
- як першапачатковы капітал для куплі нерухомасці (23,2%).
Абраць інвестыцыйныя інструменты (каштоўныя паперы, акцыі і да т.п.) хочуць усяго толькі 8,4% апытаных, а 28% аддадуць перавагу варыянту зберагчы грошы.
Прыбаўку да заробку пакладуць пад падушку
Беларусам прапанавалі пафантазіраваць над яшчэ адной сітуацыяй: што яны б зрабілі ў выпадку з'яўлення дадатковай крыніцы даходу памеры 400 беларускіх рублёў на пастаяннай аснове? 46% будуць збіраць грошы, а выдаткоўваць — прыкладна траціна апытаных. Магчымасць інвеставаць абяруць 6,5% апытаных.
У цэлым, апытанне паказала, што зберагаць грошы рознымі спосабамі і з рознай інтэнсіўнасцю імкнуцца 72% беларусаў, у той час як у 2020 годзе такіх было толькі 56%.