«Атлант» нарэшце распрастае плечы? Ці спрацуюць контрсанкцыі ўрада на карысць беларускага вытворцы

Вільготная мара ўрада — каб беларусы куплялі тавары айчынных вытворцаў — стала рэальнай прычынай контрсанкцый, якія пачнуць працаваць з сярэдзіны кастрычніка. Але ці кінецца народ «купляць беларускае»?

Ілюстрацыйнае фота НЧ

Ілюстрацыйнае фота НЧ

Урад Беларусі ўвёў чарговую порцыю контрсанкцый у дачыненні да тавараў з «недружалюбных» краін. Падпісаную пастанову назвалі «мерай у адказ» на апошні пакет санкцый Еўрасаюза.

Гэтым разам пад забаронай аказаўся немалы пералік спажывецкіх тавараў: ад халадзільнікаў да падгузнікаў. Прадавацца ў Беларусі яны перастануць з 15 кастрычніка 2024 года.

Асаблівую ўвагу ўлады надалі брэндам з суседніх краін, выдзяліўшы іх у асобны спіс.

Тым не менш, старшая навуковая супрацоўніца «BEROC» Анастасія Лузгіна не лічыць, што такім чынам афіцыйны Мінск хацеў выключна выказаць сваё негатыўнае стаўленне.  

У каментары «Филину» аналітык адзначыла, што гэты факт, нягледзячы на замежнапалітычныя канфлікты з суседнімі краінамі, усё-ткі мае эканамічны падтэкст.

— Сапраўды, адносна тавараў, забароненых да ўвозу і рэалізацыі з Польшчы, Літвы, Латвіі, Эстоніі і Чэхіі, складзены спецыяльны спіс, — кажа Анастасія Лузгіна. — Гэтым разам у ім і пральныя машыны, і халадзільнікі з маразільнікамі, і нават падгузнікі і пялюшкі.


Глядзіце таксама

За гэтым стаіць эканоміка. Менавіта з гэтых краін, перш за ўсё з Польшчы і Літвы, ідзе ў Беларусь спажывецкі імпарт. На абмежаванне гэтага імпарту і накіравана дадзенае рашэнне.

Па тых жа пральных машынах, халадзільніках і маразільніках дагэтуль у Беларусі вельмі высокая доля імпарту. Прычым не абавязкова нават з ЕС, яна агулам вельмі высокая.

Ну не хочуць беларусы купляць беларускае: канкрэтна тэхніку, гігіенічную прадукцыю. Магу акуратна выказаць здагадку, што параўнанне гэтых тавараў, вырабленых у ЕС, з беларускімі выходзіць не на карысць апошніх.

Беларуская тэхніка — гэта наогул боль урада. Колькі гадоў ён спрабуе змяніць сітуацыю, колькі мер розных прымае, а жаданага выніку ўсё роўна няма: не хочуць людзі купляць «Атланты», арыентуюцца на «Bosch» і «Siemens».

Калі зборачныя вытворчасці сусветных брэндаў былі ў Расіі, куплялі расійскія, але не беларускія.

Калі ўважліва паглядзець на апошні пералік забароненых тавараў, то можна ўбачыць, што гэта менавіта тыя тавары, якія ўлады хацелі б замяніць на беларускія.  

І вось з'явілася нагода. Увёўшы гэтую забарону, урад у тым ліку вырашыў падтрымаць беларускага вытворцу.

Наогул гэтыя так званыя контрсанкцыі маюць эканамічны падтэкст. Таму што, дапусцім, тыя ж польскія яблыкі, калі яны не патрэбныя, да іх ужываюць санкцыі, а калі патрэбныя, санкцыі адмяняюць.


Глядзіце таксама

— Ці адмовяцца беларусы ад імпартных тавараў або, нарэшце, улады перамаглі і ўсе рынуцца купляць беларускае?

— Што тычыцца еўрапейскіх тавараў, то для іх увозу цяпер будуць прадумваць розныя лагістычныя ланцужкі — праз Турцыю, Казахстан.

Якім бы ні быў маршрут паставак, у любым выпадку гэта адаб'ецца на цэнах. Яны вырастуць, а асартымент звузіцца, таму што ўсяго не завязеш.

І гэта, безумоўна, кагосьці спыніць. Аднак ці пойдзе ён адразу купляць «Атлант»?

Рынак працуе, пастаўшчыкі будуць шукаць, чым напоўніць месцы, якія вызваліліся. Канкурэнцыя будзе захоўвацца, хоць яе і спрабуюць абмяжоўваць.

За кошт чаго? За кошт тавараў гэтага ж сегменту іншых вытворцаў: расійскіх, кітайскіх, турэцкіх і г. д.

Таму так, хтосьці за адсутнасцю еўрапейскай альтэрнатывы разгледзіць варыянт куплі «Атланта». А хтосьці зверне ўвагу на павялічаны асартымент, напрыклад, кітайскіх тавараў.

Паглядзіце, што адбылося з аўтамабільным рынкам, калі сышлі еўрапейскія маркі. Не ўсе пераключыліся на «Джылі». Рынак апанавалі кітайскія машыны.  

Такая пераарыентацыя рынку цалкам верагодная і з іншым таварам. Да гэтага часу ніякія стымулы, ніякая падтрымка з боку ўладаў так і не прывялі да жаданага скарачэння долі імпарту па пэўных групах спажывецкіх тавараў.

Не ўпэўненая, што гэтага ўдасца дасягнуць і цяпер.