Беларусы ўвайшлі ў 2021 год з арміяй беспрацоўных

Чыноўнікі неахвотна раскрываюць дадзеныя па беспрацоўі. Па прызнаных у свеце методыках колькасць беспрацоўных на парадак вышэй, чым па адміністрацыйным уліку.

newsbel.by_10.04.2015_xmcrvnwoaqizgxtlqunen2kukxkemevk.jpg


У краіне ёсць два спосабы падліку беспрацоўных — адміністрацыйны, і методыка, заснаваная на падыходах Міжнароднай арганізацыі працы (МАП), пішуць banki24.by. Першы метад дае вельмі аддаленае ўяўленне пра сапраўдны стан рынку працы, а вось другі ўжо бліжэй да рэальнасці.

На ўлік Мінпрацы і сацабароны трапляюць толькі тыя людзі, якія самастойна прыйшлі на біржу працы і былі зарэгістраваныя чыноўнікамі як беспрацоўныя. Гэта значыць, нават калі вы з’явіліся ў органы сацыяльнай абароны, вам лёгка могуць адмовіць у прызнанні беспрацоўным, калі вы не падпадзеце пад крытэры, якія прапісалі чыноўнікі.

Пасля можна папросту страціць статус афіцыйнага беспрацоўнага — дастаткова ігнараваць грамадскія працы, а таксама прапанаваныя варыянты працаўладкавання (напрыклад, калі вакансіі падаюцца вам не па профілі, а чыноўнікі ўпэўненыя, што гэта не так). Дый сама дапамога па беспрацоўі ў Беларусі — зневажальна нізкая, нармальна існаваць на яе нельга. Гэта ўсяго 1-2 базавыя велічыні (29-58 BYN з 2021 года). Зразумела, што мала хто пагодзіцца на такія «выгадныя» ўмовы.

Таму органы сацыяльнай абароны нязменна паказваюць экстрэмальна нізкія ўзроўні беспрацоўя. У прыватнасці, на канец лістапада 2020-га на ўліку беспрацоўных знаходзіліся толькі 8,4 тыс. чалавек. Узровень зарэгістраванага беспрацоўя склаў 0,2%.

Зусім іншая справа — методыка МАП. У гэтым выпадку ўлічваецца меркаванне самога чалавека. Ужо некалькі гадоў запар у краіне праводзяцца выбарачныя абследаванні па пытаннях занятасці. Выбарка збіраецца так, каб максімальна дакладна адлюстроўваць структуру насельніцтва. Тым самым мінімізуюцца магчымыя памылкі.

Апытанні ў Беларусі праводзяць раз у квартал — у лютым, маі, жніўні і лістападзе. У Расіі гэта робяць часцей — кожны месяц.

Беспрацоўнымі па міжнароднай методыцы ў РБ прызнаюцца людзі ва ўзросце ад 15 да 74 гадоў, якія не маюць пастаяннага занятку, але актыўна яго шукаюць і гатовыя прыступіць да працы ў бліжэйшы час (на працягу тыдня).

Па выніках абследавання ў 4 квартале ўзровень беспрацоўя склаў 4,1% ад працоўнай сілы. У пераліку на людзей гэта 208,5 тысяч чалавек. Іншымі словамі, беспрацоўе па крытэрах МАП больш чым у 20 разоў вышэй, чым адміністрацыйнае па ўліку Мінпрацы і сацабароны.

Характэрна, што з 3 квартала ўзровень беспрацоўя ў 2020 годзе вышэй, чым у 2019-м. Гэта пацвярджаецца як абсалютнымі ацэнкамі колькасці беспрацоўных, так і ўзроўнем беспрацоўя ва ўсёй рабочай сіле.

Абследаванне ў 4 квартале дазволіла скласці дэмаграфічны партрэт беспрацоўнага. Гэта чалавек сярэдняга ўзросту 39,5 года, аднак доля моладзі 16-30 гадоў сярод беспрацоўных усё ж вялікая — 33,6%. Сярэдні час пошуку працы складае 7,8 месяца. Пры гэтым 20,9% беспрацоўных шукаюць працу больш за год (гэта называецца працяглым беспрацоўем).