Беларусы застануцца без Winston і Сamel?
Адна з найбуйнейшых тытунёвых карпарацый свету, японская JT International, і яе брытанская дачка Gallaher Group скасавалі ліцэнзійныя пагадненні з кампаніяй «Тытунь-Інвест». Адметна, што з Расіі кампанія не сышла.
![_belarus_ekanomika_pradpryemstvy_czyhnuka_fota_dzmitryeu_dzmitryj__novy_czas__1__1_logo.jpg _belarus_ekanomika_pradpryemstvy_czyhnuka_fota_dzmitryeu_dzmitryj__novy_czas__1__1_logo.jpg](/img/v1/images/_belarus_ekanomika_pradpryemstvy_czyhnuka_fota_dzmitryeu_dzmitryj__novy_czas__1__1_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Па гэтых ліцэнзіях JT шмат гадоў у Беларусі выпускаліся і прадаваліся цыгарэты пад маркамі Winston, Camel, Sobranie і Monte-Carlo, нагадвае «Беларусы і рынак».
Згодна з інфармацыяй, размешчанай на сайце Нацыянальнага цэнтра інтэлектуальнай уласнасці, абодва дакументы страцілі легітымнасць яшчэ ў маі бягучага года. Ліцэнзійнае пагадненне JT International з «Тытунь-Інвест» дзейнічала з 2008 года, з Gallaher Group – з 2013 года.
У продажы – рэшткі
У беларускім офісе «Джапан табака Інтэрнэшнл ЭсЭндДзі» пацвердзілі парталу «Беларусы і рынак» факт, што пагадненні спынілі дзейнічаць.
Наяўнасць цыгарэт брэндаў карпарацыі ў штомесячных пераліках, якія публікуе па заяўленых вытворцамі і імпарцёрамі тытуню максімальным рознічным цэнах Міністэрства па падатках і зборах Беларусі, у офісе патлумачылі патрабаваннямі беларускага заканадаўства.
Згодна з ім, гэтыя даныя могуць знаходзіцца на сайце МПЗ на працягу трох гадоў па заканчэнні года, у якім яны заяўлены або зменены. Прычым рэшткі ў розніцы пераацэньваюцца. Гэта прывяло да таго, што ў жніўні «Тытунь-Інвест», ужо пасля скасавання ліцэнзійнага пагаднення, падняў цэны на тыя запасы Camel, што засталіся на складах крам.
Глядзіце таксама
![Мільёны долараў зарабляе рэжым Лукашэнкі на кантрабандзе тытуню Санкцыі? Да вы што! Рэжым працягвае гандляваць з Брытаніяй на мільёны долараў](/img/v1/images/egrwesdwsaaiezu_logo.jpg.webp?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Пасля 25 гадоў
Фабрыка «Тытунь-Інвест» была для JT International галоўнай пляцоўкай у Беларусі, дзе вырабляліся яе брэнды. А гісторыя японскай карпарацыі ў нашай краіне пачыналася 25 гадоў таму.
У 1999-м годзе JT International паглынула амерыканскую кампанію R. J. Reynolds, разам з якой ёй дасталася ўжо існуючая з канца 1990-х доля на беларускім тытунёвым рынку. R. J. Reynolds забяспечыла яе дзякуючы папулярнасці сваіх марак Magna і Monte-Carlo.
JT International стаў першым з найбуйнейшых сусветных тытунёвых гульцоў, які лакалізаваў вытворчасць сваіх брэндаў на тэрыторыі Беларусі.
Адбылося гэта ў 2005 годзе, калі на магутнасцях «Тытунь-Інвест» была запушчана ліцэнзійная вытворчасць цыгарэт Monte Carlo і Magna. У 2006-2007 гадах там жа пачалі выпускаць беларускія Winston і Сamel.
У 2008 годзе JT International зарэгістравала даччынае прадпрыемства ў Беларусі — «Джапан табака Інтэрнэшнл ЭсЭндДзі».
Глядзіце таксама
![Павел Тапузідзіс і яго асабістая маёмасць Не царскія, але харомы. Чым валодае «кашалёк» Лукашэнкі Павел Тапузідзіс](/img/v1/images/11218970_723271274445061_8572615481477131506_n.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1720958440&w=660)
Ці будзе імпарт цыгарэт?
Прычыны скасавання пагадненняў не называюцца. Аднак вядома, што ў снежні 2023 года кампанія «Тытунь-Інвест» і яе саўладальнікі Павел Тапузідзіс і Віктар Пятровіч трапілі пад санкцыі Мінфіна ЗША. Амерыканскае ведамства ўстанавіла тэрмін завяршэння здзелак з беларускім вытворцам да 2 лютага 2024 года.
Цікава, што ў Расіі, пасля доўгіх развагаў, JTI засталася.
Спачатку ў сакавіку 2022 года Japan Tobacco абвясціла, што прыпыняе ў Расіі новыя інвестыцыі ў свае 4 фабрыкі на мясцовым рынку і маркетынгавую дзейнасць. Але ў лістападзе 2023 года было абвешчана, што кіраўніцтвам карпарацыі прынята рашэнне, выконваючы ўсе правілы рэгулявання (як міжнародныя, так і расійскія), працягнуць свой бізнес.
Глядзіце таксама
![Беларусы «выпальваюць» за год больш за месячны заробак Беларусы «выпальваюць» за год больш за месячны заробак](/img/v1/images/scale_1200_35.webp?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
На думку нашых экспертаў, не выключаны варыянт, што брэнды JTI цяпер будуць завозіць у Беларусь з Расіі. Або будзе падпісана ліцэнзійнае пагадненне з іншым вытворцам, які «чысты» з пункту гледжання міжнародных санкцый. Тым больш, што колькасць гульцоў на беларускім рынку за апошні час павялічылася. Сёлета імі сталі кампаніі «Сентоні ПРО» і «Алідзі-Вест», якія ў бягучым моманце супрацоўнічаюць з пераемнікам British American Tobacco (BAT).
Нагадаем, як пісаў НЧ, British American Tobacco, адна з найбуйнейшых у свеце кампаній — вытворцаў тытунёвых вырабаў, прадал ў 2023 годзе свой бізнес у Расіі і Беларусі. Пакупніком стаў кансорцыум, які ўзначаліла BAT Russia. Усе гандлёвыя маркі засталіся ва ўласнасці расійскага бізнесу.
Глядзіце таксама
![British American Tobacco абвясціла, што прадае бізнес у Расіі і Беларусі British American Tobacco прадасць свой бізнес у Беларусі расіянам](/img/v1/images/a3fdc5eedcab31cf51564fd27c02bfb1.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)