«Больш эфектыўнага спосабу для абвалу эканомікі не прыдумаеш»
Эканамісты каментуюць пастанову ўрада пад нумарам 100, у якой уводзіцца абмежаванне росту цэн на вялікі спіс прадуктаў і лекаў.
«Такое адчуванне, што ва ўрадзе сядзяць і думаюць, як бы падарваць сітуацыю: трэба ўдарыць па ІП — раз, трэба ўдарыць па цэнах, каб спажыўцы зразумелі, што з’яўляецца таварны дэфіцыт — два; што б яшчэ такога зрабіць, “разгайдаць сітуацыю”, каб беларусы зразумелі, што трэба змагацца да канца?» — іранізуе кіраўнік Цэнтра Мізэса, эканаміст Яраслаў Раманчук, каментуючы скандальную пастанову, піша Тэлеграф.
«Больш эфектыўнага спосабу, чым замарозка цэн, для абвалу “саўковай” эканомікі не прыдумаеш, таму пастанова №100 — не што іншае, як паскарэнне канца гэтай мадэлі, якая ўжо з усіх бакоў сыплецца і бурыцца», — лічыць Раманчук.
На яго думку, такія дзеянні прывядуць да дэфіцыту прадуктаў і з’яўленню шэрага рынку. Не выключае эканаміст, што якасць пакінутых на паліцах прадуктаў знізіцца.
«Гэта значыць, усё тое, што па крупінках збіралі ўлады, будзе рассыпацца. Гэта раўназначна ўдару, толькі больш маштабнаму, чым на ПВТ — арышты заснавальнікаў кіраўнікоў кампаній IT, “наезды” на іх» — упэўнены эканаміст.
Эканаміст Вадзім Іосуб на сваёй старонцы ў Фэйсбуку быў нешматслоўны і лаканічны, каментуючы рашэнне ўрада: «Па замарозцы цэн. Трэба было зрабіць прасцей. Абвясціць сацыяльна значнымі таварамі ўвесь кошык, па якім Белстат лічыць інфляцыю».
Дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка лічыць, што Савет Міністраў сваёй пастановай спрабуе трымаць пад кантролем тое, што ўжо не кантралюецца: «Лукашэнкаўская эканоміка рыхтуецца да калапсу. Забарона на рост цэн на лекі і базавыя тавары — гэта не першы, але вельмі трывожны званочак. Яны не разумеюць, што цэны дубінкамі не паб'еш і ў аўтазак не закінеш», — заявіў Вячорка.
«Далей нас чакае інфляцыя, рост долара, дэфіцыт тавараў. Эканоміка першай рэагуе на гэты палітычны крызіс, у які нас загнаў рэжым Лукашэнкі. Ад яго памылак пакутуюць людзі. Адзіны выхад з крызісу — новыя выбары», — упэўнены ён.
Нагадаем, да канца лютага вытворцам, пастаўшчыкам і гандлю забаранілі падымаць кошты, а з 1 сакавіка — не больш чым на 0,2% у месяц. Характэрна, што ўводзіцца гэта пасля павышэння ПДВ на лекі, медвырабы і некаторыя прадукты.
Улады сваім «разумным» рашэннем выпусцілі джына з бутэлькі. Калі да гэтага дня цэны раслі згодна з рынкавымі механізмамі, то сёння, хутчэй за ўсё, яны падскочаць па прынцыпе «на ўсялякі выпадак».
Тэлеграм-канал «Эканоміка» прыводзіць тыповы каментар на эканамічных форумах: «З раніцы падымаю цэны на 10%, маіх тавараў у спісах няма, але хто яго ведае, што заўтра будзе».
А чытачы тэлеграм-канала блогера Матолькі распавядаюць такія гісторыі:
«Сёння ў раёне 11-й гадзіны дня ў "Рублёўскім", што ў ГЦ "GLOBO" на Дзяржынскага ў хуткім парадку мянялі цэннікі на некаторыя прадукты, і, па назіраннях, гэта былі тыя самыя сацыяльна значныя тавары».
«Быў учора ў гэтым "Рублёўскім" у раёне 9-й гадзіны вечара. На касе чуў, як касірам сказалі прыйсці раней звычайнага, каля 7 раніцы, бо трэба сёння памяняць паспець каля 4000 цэннікаў на новыя».
«Дзень добры! "Санта" на Пляханава/Ракасоўскага. У 11.30 — цалкам пусты аддзел кулінарыі, вычышчаныя і вымытыя халадзільнікі. Сказалі — не паспелі памяняць цэннікі. Выставяць ўсё, калі разбяруцца з цэнамі. "Гіпа" на Ракасоўскага — прадаўцы масава перамаркоўваюць тавар, мяняюць цэны».
«З нагоды дэфіцыту. Яны проста павесяць нагрузку на прадпрыемствы — зробяць абавязковую разнарадку-графік паставак у крамы, тым самым забіўшы эканоміку пакінутых пакуль на плыву заводаў харчовай прамысловасці».
«Нашы чыноўнікі замарозілі цэны і цяпер задаволеныя чухаюць рукі. Пра тое, што яны змаглі спыніць інфляцыю... На самой справе ёсць нашмат большая праблема. Справа ў тым, што асноўны цяжар ляжа на вытворцу (птушкафабрыка, АПК, і калгас). 60% прадпрыемстваў у нас і так неплацежаздольныя, і іх вельмі моцна штарміць. Уваходная сыравіна (камбікорм, дабаўкі (для АПК), спецыі (для вытворчасці) у тым ліку і электраэнергія) пастаянна даражэе... Чакаем “стоп” адгрузкі ўваходнай сыравіны на прадпрыемствы — таму, што яны і так дрэнна плацяць, а цяпер наогул перастануць пагашаць даўгі».