НАК назвала імёны чыноўнікаў, адказных за рост падаткаў, цэн і за нявыезд беларусаў за мяжу
Народнае антыкрызіснае кіраванне, якое ўзначальвае Павел Латушка, апублікавала спіс чыноўнікаў, адказных за прыняцце шэрагу сумнеўных заканадаўчых актаў. Перш за ўсё, гаворка ідзе пра змены ў Падатковы кодэкс, праз якія выраслі падаткі, а за імі — цэны на лекі і прадукты.
Папраўкі запрацавалі з 1 студзеня. Сярод іншага яны прадугледжвалі павышэнне ПДВ на ўвоз шэрагу лекаў, медвырабаў, харчовых і дзіцячых тавараў. Толькі за студзень тавары і паслугі ў краіне падаражэлі на 1,1%, піша Еўрарадыё.
«Бюджэту вельмі патрэбныя грошы. Каб павысіць зарплаты чыноўнікам і забяспечыць іх пакорлівасць і лаяльнасць (што ўжо, дарэчы, зроблена), каб нарасціць фінансаванне сілавога блока: людзі, якія збіваюць суайчыннікаў на вуліцах, любяць, каб зарплата прыходзіла на картку своечасова, а лепш — яшчэ і расла. Усё гэта павінны забяспечыць простыя беларусы — сваімі падаткамі, аплатай падаражэлых тавараў і паслуг», — адзначылі ў НАК.
Прадстаўнікі Народнага антыкрызіснага кіравання ўспомнілі яшчэ адну супярэчлівую пастанову, якая абмяжоўвае права на выезд беларусаў за мяжу.
«Вось і атрымліваецца: купляць у Беларусі дорага, аднекуль прывезці — немагчыма», — адзначылі ў НАК.
Таму і было прынятае рашэнне назваць імёны «тых, хто нанёс чарговы ўдар па беларускай эканоміцы, па сваіх суайчынніках і нават па сабе і сваіх блізкіх». У спісе — 143 прозвішчы: гэта міністры, кіраўнікі шэрагу ведамстваў, іх намеснікі, а таксама прадстаўнікі мясцовых улад.
У НАК таксама адзначылі, што сумесна з ByPOL цяпер ідзе праца па зборы фактычных доказаў віны людзей са спісу. «Дзеянні кожнага атрымаюць прававую ацэнку», — адзначылі ў антыкрызісным упраўленні.
Варта адзначыць, што беларускі ўрад з мэтай стрымлівання інфляцыі напярэдадні падпісаў пастанову, якой, па сутнасці, «замарозіў» цэны на «сацыяльна значныя тавары першай неабходнасці». Цэны на 62 пазіцыі тавараў і 50 найменняў лекаў з 1 сакавіка можна будзе павышаць не больш чым на 0,2% у месяц. Раней — у 2014 годзе, — аналагічныя дзеянні ўрада Мясніковіча прывялі да 40%-най дэвальвацыі нацыянальнай валюты і да валютнага крызісу.