Латушка заклікаў Пяскова праінфармаваць аб сочынскіх дамоўленасцях
Павел Латушка заклікаў прэс-сакратара прэзідэнта РФ Дзмітрыя Пяскова праінфармаваць народы Беларусі і Расіі пра дамоўленасці, дасягнутыя падчас сустрэчы ў Сочы Уладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі.
«Калі чалавек, які ўзурпаваў уладу ў Беларусі, не лічыць неабходным інфармаваць беларусаў пра тое, пра што ён дамаўляецца з Расійскай Федэрацыяй, калі Расійская Федэрацыя гаворыць аб тым, што лічыць беларускі народ брацкім народам, беларускую дзяржаву — саюзнай дзяржавай, і падтрымлівае памкненні да таго, каб будаваць больш шырокія адносіны, так, можа быць, Дзмітрый Сяргеевіч Пяскоў праінфармуе беларускі народ, пра што ж былі дасягнутыя дамоўленасці ў Сочы, якія рашэнні былі прынятыя», — заявіў Латушка ў чацвер падчас прамога эфіру на сваім ютуб-канале.
Латушка адзначыў, што гэта важна і для беларусаў, і для расіян. «Калі нас і з таго боку не захочуць праінфармаваць, ці варта здзіўляцца, што сацыяльная база падтрымкі беларуска-расійскай інтэграцыі працягне змяншацца», — сказаў палітык.
Ён лічыць, што год таму грамадска-сацыяльная база для выбудоўвання больш маштабных адносін паміж Беларуссю і Расіяй была значна шырэйшай. Зараз, паводле яго слоў, з улікам таго, што кіраўніцтва РФ не дало адпаведную палітычную, прававую ацэнку падзеям у Беларусі, што тычацца прэзідэнцкіх выбараў, гэтая база зменшылася. «І пра гэта ведаюць у Крамлі», — адзначыў Латушка.
На думку Латушкі, Лукашэнка ва ўмовах санкцый Еўрасаюза ездзіў у Сочы да Пуціна за грашыма, паколькі «іншых крыніц фінансавання ў яго няма».
Пры гэтым Латушка ўпэўнены, што ў выпадку сыходу Лукашэнкі фінансавыя патокі ў Беларусь адновяцца, і нават у большым аб'ёме. Ён таксама заявіў, што, паводле яго звестак, «"План Маршала", які рыхтуецца Еўрапейскім саюзам, ужо практычна гатовы». «Спадзяёмся, што ён у бліжэйшы час будзе агучаны», — сказаў Латушка.
Былы пасол Беларусі ў Польшчы і Францыі, экс-міністр культуры Павел Латушка ўваходзіць у склад Каардынацыйнай рады, а таксама ўзначальвае Народнае антыкрызіснае кіраванне.
interfax.by