Костка для «банды Баха». Лукашэнка-сын змяніў Лукашэнку-бацьку на чале Нацыянальнага алімпійскага камітэта

Наўрад ці МАК уразіць такі дэманстрацыйны «транзіт». Здаецца, беларускія спартсмены могуць застацца без дзяржаўнага сцяга на Гульнях у Токіа.

Томас Бах. Фота РІА «Новості»

Томас Бах. Фота РІА «Новості»

Сёння ў офісе Нацынальнага алімпійскага камітэта адбылася спецаперацыя, якую сацсеткі паспелі з’едліва назваць «транзітам улады».

Фармальна гэта і быў транзіт, але ж надта ўжо «сямейны». Аляксандр Лукашэнка сышоў з пасады прэзідэнта НАК пасля 24 гадоў «бездакорнай працы». Вольнае месца на чале беларускага спорту заняў Віктар Лукашэнка — старэйшы сын свайго бацькі і ранейшы віцэ-прэзідэнт таго ж НАК.

Перадача паўнамоцтваў прайшла ў атмасферы, аналагічнай той, што назіралася падчас Усенароднага беларускага сходу. Поўны зал, шырокае кола адмыслова запрошаных гасцей-дэлегатаў, адзінагалоснае волевыяўленне, гучныя і працяглыя апладысменты.

Аддаючы «ў спадчыну» алімпійскі скіпетр, Лукашэнка-старэйшы празрыста намякнуў, што сутнасна нічога ў беларускім спорце не зменіцца. Бо, па-першае, «я ж усё роўна нікуды не дзенуся ад пытанняў спорту, які вельмі люблю». А па-другое, «сын жа заўсёды скажа бацьку пра якую-небудзь праблему…»

Так, сын дакладна не змаўчыць, а курс застанецца ранейшым, аднак падзея адбылася — знакавая. Нездарма «дэструктыўныя тэлеграм-каналы» падавалі яе ў выглядзе навіны дня. Бо трэба ж — Лукашэнка ўсё-ткі здольны на добраахвотны сыход... Зрэшты, не такі ўжо ён быў і добраахвотны — і ў гэтым самае галоўнае.

Вы памятаеце кантэкст: на пачатку снежня беларускі НАК быў пераведзены на «паўлегальнае становішча». Міжнародны алімпійскі камітэт, дбайна вывучыўшы гісторыі рэпрэсаваных беларускіх спартсменаў, рашуча наклаў на Мінск санкцыі. Пакуль персанальныя: ад сусветнага алімпійскага руху былі адхіленыя кіраўніцтва нашага НАК і амаль у поўным складзе (за адзіным выключэннем) яго галоўны рабочы орган — выканкам. То-бок і Аляксандра Лукашэнку, і яго намесніка сына Віктара, і яшчэ шмат функцыянераў фактычна абвясцілі персонамі нон-грата, перад якімі цяпер зачынены алімпійскія дзверы.

Пры гэтым тады ж МАК падкрэсліў: прынятыя захады маюць часовы характар. Бо ў лютым у беларускім НАК чакаюцца новыя выбары, ад вынікаў якіх будзе залежаць наступная палітыка. Калі што, намякнула Лазана, гайкі можна закруціць яшчэ мацней. Ледзьве не да максімуму, якім бачыцца суцэльны бан беларускага Нацыянальнага алімпійскага камітэта.

Гэта азначае даволі ганебныя наступствы: да Алімпіяды беларускіх атлетаў яшчэ дапусцяць, але спаборнічаць там яны будуць як бязродныя касмапаліты. Не ў складзе адзінай зборнай, а нібыта кожны сам па сабе. Не пад дзяржаўным сцягам, а пад нейтральным алімпійскім — белым палотнішчам з пяццю кольцамі. Наўпрост як расіяне, якім прапісалі таго ж самага дрына за цэнтралізаваную падкормку допінгам. Беларусі як самастойнага суб’екта на Гульнях не будзе.

У перакладзе на мову простых чалавечых стасункаў, ведамства на чале з немцам Томасам Бахам падало беларускім калегам недвухсэнсоўны сігнал. Спадарства, вы дыскрымінуеце сваіх атлетаў па палітычных матывах? Звальняеце іх, прыгнятаеце, рэпрэсуеце? Парушаеце алімпійскую хартыю, якая ўсё гэта строга забараняе? То вось вам пакуль такую кузькіну маці — часовыя імянныя санкцыі. Аднак жа вось і выйсце: апамятаецеся, абярэце ў лютым новае кіраўніцтва НАК — чыстае перад МАК — то шчыра запрашаем назад у сусветную алімпійскую сям’ю. То-бок масты ніхто не спальвае, мяч на вашым баку — вам і карты ў рукі.

Лукашэнка на тыя снежаньскія рашэнні адрэагаваў нервова. Назваў МАК «бандай Баха» і прыстрашыў яго нейкім загадкавым судом.

Вось як выглядае «нейтральны» алімпійскі сцяг

Вось як выглядае «нейтральны» алімпійскі сцяг

І вось прайшоў час — і аптымісты чакалі, што беларускі бок супакоіцца, прыглушыць гонар і і зробіць шаг насустрач не толькі Лазане, але і ўласным спартсменам. Каб тыя ацанілі — і з добрым настроем працягнулі рыхтавацца да галоўных стартаў чатырохгоддзя.

Ды дзе там: «нахіляцца» — гэта не ў традыцыі беларускіх улад. Таму ўсё, на што стаўся годным айчынны генералітэт — гэта кінуць Баху костку. Так, Аляксандр Лукашэнка вызваліў пасаду, якую займаў аж ад мая 1997 года. Так, прарэдзілі і склад выканкама, змяніўшы ў ім большасць чальцоў. Аднак нават з юрыдычнага пункту гледжання патрабаванні МАК не задаволеныя і блізка. Бо Віктар Лукашэнка — ён жа з санкцыйнага спісу, які адмяняць ніхто не будзе. Бо і яшчэ тры прадстаўнікі абноўленага выканкаму — адтуль жа, захавалі статус. І што самае неймавернае — сярод накаўскіх выканкамаўцаў застаўся адыёзны Дзмітрый Баскаў, якога падазраюць у датычнасці да трагедыі імя Рамана Бандарэнкі. І якому сто гадоў, напэўна, не трэба гэтая грамадская алімпійская нагрузка, аднак ахвяраваць набліжанымі ўлюбёнцамі — гэта так не ў стылі беларускай вертыкалі…

Так ці інакш, але Мінск зрабіў суперніку зваротны пас, і будзе дзіўна, калі МАК гэтым задаволіцца. Не, ён, канешне, можа — і задаволіцца, і дараваць словы пра «банду». Маўляў, ну, справа ваша: хоча беларускі НАК жыць з фактычна нелегітымным прэзідэнтам — то чорт вас бяры. Але больш верагодным здаецца ўсё ж пашырэнне санкцый. Нават да той мяжы, калі беларусы паедуць ў Токіа кожны паасобку, як ізгоі, пад агульным нейтральным сцягам.

Бо не дурны ж Бах: разумее дэкаратыўны характар беларускіх алімпійскіх выбараў. Усведамляе, хто і надалей будзе вызначаць у Мінску адзіна правільны спартыўны курс. Тым больш, і рыторыка падчас сённяшняга пасяджэння гучала звыклая. Пратэсных атлетаў зноў назвалі здраднікамі радзімы, а ўвогуле беларускі човен па-ранейшаму разгойдваюць адшчапенцы за срэбранікі ад замежных спонсараў. Як ні пакруці — цяжка знайсці ў такой парадыгме месца для алімпійскай хартыі.

Дый не шукаюць ужо нічога міжнародныя інстанцыі ў цёмным беларускім пакоі. Прынамсі, інстанцыі спартыўныя, якія нечакана апынуліся ў авангардзе санкцыйнага фронту. Беларусь ужо пазбавілі і чэмпіяната свету па хакеі, і чэмпіяната свету па пяцібор’і, і фінала Лігі чэмпіёнаў па міні-футболе. І яшчэ чагосьці там — па дробязі.

Спорт неспадзявана стаўся той стратасферай, дзе ў адказ на масавыя рэпрэсіі беларускаму рэжыму пачалі рэальна, а не на словах перакрываць кісларод. Калі тое ж самае яшчэ раз зробіць МАК — гэта будзе ўсяго толькі працяг трэнду. Амаль будзённасць.

Зрэшты, пачакаем афіцыйнай рэакцыі з Лазаны. Здаецца, яна будзе хуткай.