Сёння НАК Беларусі могуць адхіліць ад Алімпійскіх гульняў у Токіа

У сераду, 24 лютага, адбудзецца пасяджэнне выканкама Міжнароднага алімпійскага камітэта (МАК), якое пройдзе ў фармаце відэаканферэнцыі. На парадку дня некалькі пунктаў: падрыхтоўка да Алімпійскіх гульняў у Токіа, выбар месца правядзення Алімпіяды-2032, а таксама «беларускае пытанне».

755691025318090.jpeg


Як піша Прессбол, самы інфармаваны інтэрнэт-партал у дачыненні да алімпійскага руху «Inside the Games» чакае, што важнае месца ў парадку дня выканаўчага камітэта МАК зойме пытанне аб удзеле каманды Рэспублікі Беларусь у Алімпіядзе пад дзяржаўным сцягам.

МАК раней пачаў расследаванне ў дачыненні да Нацыянальнага алімпійскага камітэта (НАК Беларусі) пасля абвінавачанняў у палітычнай дыскрымінацыі спартсменаў. Многія спартсмены былі ў першых шэрагах пратэстаў супраць скандальнага «пераабрання» Лукашэнкі прэзідэнтам у жніўні мінулага года. Ён жа з’яўляецца прэзідэнтам НАК Беларусі.

Паведамлялася, што больш за 100 мужчын і жанчын былі адхіленыя ад спартыўных спаборніцтваў у Беларусі з моманту падпісання адкрытага ліста з заклікам пакласці канец гвалту ў дачыненні да мірных антыўрадавых дэманстрантаў. У снежні выканкам МАК пастанавіў, што «цяперашняе кіраўніцтва НАК Беларусі належным чынам не абараніла беларускіх спартсменаў ад палітычнай дыскрымінацыі», што супярэчыць Алімпійскай Хартыі.

Санкцыі ўключалі ў сябе забарону Лукашэнкі, яго старэйшаму сыну Віктару, першаму віцэ-прэзідэнту НАК Беларусі, а таксама іншым членам выканкама НАК наведваць Токіа-2021 і спыненне ўсялякай фінансавай падтрымкі.

«Inside The Games» паведамляе, што калі на сённяшнім пасяджэнні выканкам МАК вырашыць, што атлеты, якія пратэстуюць супраць Лукашэнкі, усё яшчэ падвяргаюцца дыскрымінацыі, то могуць быць прынятыя далейшыя меры, уключаючы адхіленне Нацыянальнага алімпійскага камітэта і прымус яго спартсменаў выступаць пад алімпійскім сцягам.

Пасля «пераабрання» Лукашэнкі Беларусь ужо пазбавілася некалькіх мерапрыемстваў, у тым ліку чэмпіянату свету па хакеі і чэмпіянату свету па сучасным пяцібор'і.

У сваю чаргу Лукашэнка назваў санкцыі МАК «палітычна матываванымі» і накіраванымі на «аказанне ціску на адміністрацыю Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі».