Бура ў шклянцы

Беларускія малочныя прадпрыемствы тэрмінова шукаюць новыя рынкі збыту. Расія, якую ўважалі за “надзейнага партнёра, пасля палітычных сварак перакрыла плаціну на малочнай рацэ з Беларусі, добра патрапаўшы нервы вытворцам.

Беларускія малочныя прадпрыемствы тэрмінова шукаюць новыя рынкі збыту. Расія, якую ўважалі за “надзейнага партнёра, пасля палітычных сварак перакрыла плаціну на малочнай рацэ з Беларусі, добра патрапаўшы нервы вытворцам.
З рэестру дазволенай на ўвоз прадукцыі былі выключаныя або прыпыненыя санітарна-эпідэміялагічныя заключэнні больш чым на 1,2 тысячы найменняў беларускай малочнай прадукцыі. Яшчэ 200 заявак былі “замарожаныя на этапе афармлення. Цяпер пастаўляць у Расію сваю прадукцыю могуць толькі тры беларускія прадпрыемствы, якія аформілі дакументы згодна з усімі патрабаваннямі расійскага заканадаўства. І тое ў скарочаным варыянце — на тэрыторыю краіны-суседкі дазволена ўвозіць толькі 51 від малочнай прадукцыі.
Расія штогод імпартуе больш 7 мільёнаў тон малочнай прадукцыі. Беларусь пастаўляе 50–56 тысяч тон масла, 100–102 тысячы тон сыроў, 50 тысяч тон сухога малака і 85 тысяч тон малочных кансерваў. За першы квартал гэтага года было пастаўлена 27,7 працэнта гадавой квоты з перавышэннем плана на 10 працэнтаў.
Расспажыўнагляд папярэджваў пра магчымыя санкцыі ў дачыненні да Беларусі яшчэ ў красавіку гэтага года, а забарону на ўвоз малочнай прадукцыі з-за таго, што вытворцы і пастаўшчыкі так і не перааформілі дакументы ў адпаведнасці з тэхнічным рэгламентам Расіі, увёў з 6 чэрвеня. Акурат пасля канфліктаў на ўзроўні кіраўнікоў дзвюх дзяржаў. Не хаваецца і той факт, што абмежаванні былі ўведзеныя з мэтай абараніць расійскіх вытворцаў малочнай прадукцыі ад дэмпінгавых беларускіх коштаў. 5 чэрвеня міністэрствы сельскіх гаспадарак дзвюх дзяржаў быццам бы дамовіліся на гэты год пра скарачэнне аб’ёмаў паставак беларускага сухога малака — са 110 да 70 тысяч тон, а таксама пра павелічэнне паставак беларускага сыра і тварагу са 100 да 132 тысяч тон. Аднак кропка ў канфлікце так і не была пастаўленая.
Тым часам беларускія малочныя прадпрыемствы пачалі актыўна шукаць іншыя рынкі збыту. Напрыклад, ААТ “Слонімскія малочныя прадукты разглядае магчымасць паставак прадукцыі ва Украіну. “Частку сваёй сыравіны мы перапрацоўваем на давальніцкіх умовах на ваўкавыскім ААТ “Беллакт, якое мае ўсю неабходную дакументацыю для паставак прадуктаў, у прыватнасці, сухога малака на рынак Украіны, — распавёў БЕЛТА дырэктар прадпрыемства Аляксандр Буйчык. — Цяпер мы прапрацоўваем магчымасці экспарту ва Украіну. Акрамя ўкраінскага рынку, ёсць намеры пастаўляць прадукцыю і ў Казахстан. “Мы спадзяемся, што пасля адведзеных па працэдуры 30 дзён расійскія спецыялісты выдадуць нам усе неабходныя дакументы, — адзначыў Аляксандр Буйчык. За пяць месяцаў прадпрыемства адгрузіла ў Расію 1589 тон прадуктаў, што на 18 працэнтаў больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года. У грашовым эквіваленце экспарт склаў 3 мільёна долараў.
Намеснік начальніка аддзелу продажу мінскага ААТ «Гарадскі малочны завод № 1» Аляксандр Зыкаў паведаміў, што прадпрыемства не пастаўляе прадукцыю ў Расію з мінулага тыдня. “Мяркую, пастаўкі адновяцца. Прычынаю спынення экспарту з’яўляецца той факт, што мы быццам бы раней афармлялі дакументы, рабілі аналізы прадукцыі не ў тых лабараторыях, а трэба было зусім у іншых. Аб’ём экспарту ў Расію складаў прыблізна 20 працэнтаў ад агульнай вытворчасці прадукцыі. Прастою прадпрыемства як такога няма, мы стараемся больш пастаўляць па рэгіёнах Беларусі, нешта адгружаем ва Украіну, — патлумачыў спецыяліст.
Намесніца дырэктара па збыту ААТ «Савушкін прадукт» Алена Бабкіна на тэлефонны званок з “НЧ адрэагавала вельмі нервова. Спадарыня Бабкіна толькі сказала, што пастаўкі спыніліся з мінулага тыдня, а расійскі экспарт займаў “дастатковы працэнт у аб’ёме вытворчасці. Пасля супрацоўніца буйнога прадпрыемства па перапрацоўцы малака кінула слухаў.
На мінскім ААТ “Гарадскі малочны завод № 2 суразмоўца — намеснік дырэктара па збыту Віктар Мяшчанінаў — быў больш гаваркі. Спецыяліст падзяліўся, што пакуль кіраўніцтва прадпрыемства не можа зразумець, якія захады яму рабіць. “Мы яшчэ не ведаем, што рабіць. Калі яны хочуць новую сертыфікацыю прадукцыі, мы адразу ж адвязем узоры ў тыя лабараторыі, якія нам назавуць. Аднак сітуацыя няпэўная. Вы ведаеце, што перамовы пакуль нічым не скончыліся. Ёсць абмежаванні на пастаўкі сухога малага, але мы ім не гандлюем, — расказаў намеснік дырэктара. — Ёсць намеры разгледзець у якасці спажыўцоў іншыя краіны. Мы абралі Расію, думалі, што яна надзейны партнёр... Прадпрыемства пастаўляла на расійскі рынак прыкладна траціну сваёй прадукцыі. Віктар Мяшчанінаў зазначыў, што прадукцыя пастаўлялася ў Расію па коштах з прыблізна 10-працэнтнай рэнтабельнасцю.
P.S.Праблема з пастаўкамі малочнай прадукцыі ў Расію вырашыліся гэтак жа імкліва, як і ўзнікла. 17 чэрвеня кіраўнікі міністэрстваў сельскай гаспадаркі і харчавання і аховы здароўя Беларусі Сямён Шапіра і Васіль Жарко з кіраўніком Расспажыўнагляду Генадзем Анішчанкам прыйшлі да сумеснага пагаднення. Пакуль на беларускую малочную прадукцыю не будуць аформленыя новыя дакументы ў адпаведнасці з расійскім тэхнічным рэгламентам, яна будзе пастаўляцца ў Расію па раней выдадзеных. Аб’ёмы паставак не будуць скарочаныя, а толькі адкарэктаваная іх наменклатура.
Эканаміст Леанід Злотнікаў лічыць, што гэта не апошні канфлікт паміж дзяржавамі на эканамічнай глебе. “У асноўным гэтыя канфлікты паўстаюць з-за таго, што моцна адрозніваюцца эканамічныя мадэлі. У рынкавай эканоміцы паняцце справядлівай канкурэнцыі — не пусты гук, а пытанне жыцця і смерці прадпрыемства. У нас многія прадпрыемствы субсідзіруюцца. Доля дзяржпадтрымкі ў нас складае прыблізна 20 працэнтаў, у іх — каля трох. Праблему першапачаткова лабіравалі расійскія вытворцы. Магчыма, выкарыстоўваліся не зусім прадуманыя хады, кшталту прэтэнзій да тэхнічных стандартаў. Але ім неабходна было абараніць сябе. Праўда, узгадніць узровень падтрымкі прадпрыемстваў розных дзяржаў не так проста, таму гандлёвыя войны паміж Беларуссю і Расіяй на гэтым не скончыліся. Істотныя разыходжанні па дэмпінгу так хутка не вырашаюцца, — падкрэслівае Злотнікаў.