Чым танней — тым лепш
Неяк газета «Рэспубліка» парадавала сваіх чытачоў публікацыяй антыкрызіснага меню для беларусаў. Аўтарка артыкула Паліна Канага перакананая, чым больш таннае харчаванне — тым лепш.
Неяк газета «Рэспубліка» парадавала сваіх чытачоў публікацыяй антыкрызіснага меню для беларусаў. Аўтарка артыкула Паліна Канага перакананая, чым больш таннае харчаванне
— тым лепш.
Для прыкладу, замест свініны і ялавічыны можна есці танныя замяняльнікі бялкоў, а ўвесь неабходны букет вітамінаў арганізм беларуса цалкам здольны атрымаць ад узмоцненага паядання морквы, капусты і
буракоў. Гурманаў у артыкуле таксама не забылі. Ім спецыялісты раяць такія даступныя далікатэсы, як мойва і кілька. Што тычыцца зеляніны, то яе можна і на падваконні вырошчваць.
Дык вось, калі набываць правільныя прадукты, то аўтарка гарантуе, што грошы ў сям’і застануцца на больш патрэбныя рэчы. Паводле падлікаў Паліны Канага, месячнае харчаванне для дарослага
чалавека ва ўмовах крызісу можна абмежаваць усяго толькі 230–270 тысячамі рублёў.
Заходнія ж дыетолагі па невядомых прычынах настойваюць, што ва ўмовах крызісу можна ашчаджаць на чым заўгодна, толькі не на ежы. Амерыканскія спецыялісты, для прыкладу, заяўляюць, што ва ўмовах
сусветных катаклізмаў пачынаецца перыяд стрэсаў, якія і без эканоміі ў ежы адмоўна ўплываюць на страваванне. Часопіс «Forbes» апублікаваў спіс самых карысных прадуктаў, неабходных
чалавеку. У іх ліку — ягады, арэхі, бабовыя, мяса, малако і яйкі. Цвіком праграмы, паводле «Forbes», з’яўляюцца гранаты і гранатавы сок.
Чаму ў пераліку «Рэспублікі» такіх прадуктаў няма, можна, мяркую, здагадацца. Нават пры ўсёй сваёй ашчаднасці антыкрызіснае меню ну ніяк не лезе ў межы сярэдняга заробка беларусаў.
Прапаную заняцца арыфметыкай. Сярэдняя беларуская зарплата складае 250 долараў. Па-за межамі пражытачнага мінімуму жывуць 12,1 працэнта беларускіх сямей, то бок амаль кожны восьмы беларус траціць на
сябе менш за 158 тысяч рублёў у месяц. А ў бюджэт пражытачнага мінімуму ўваходзіць не толькі харчаванне, але і адзенне, абутак, лекі, транспарт, выдаткі на камунальныя паслугі. Больш за ўсё такіх
сямей пражывае ў Гомельскай вобласці — кожная шостая. Менш за ўсё ў Мінскай — усяго 3,4 працэнта.
Аказваецца, большая частка жыхароў краіны не можа дазволіць сабе сярэдні заробак у 250 долараў на аднаго чалавека. Напачатку года сярэдні даход на аднаго чалавека ў 7,1 працэнта беларусаў быў менш за
130 тысяч рублёў. Амаль траціна сямей (36,8 %) выдаткоўвае на кожнага сямейніка 130—250 тысяч у месяц. А 46,4 працэнта — ад 250 да 500 тысяч беларускіх рублёў. Сямей, у якіх на
кожнага прыходзіцца па 250 долараў у месяц, у Беларусі значна менш, чым тых, хто жыве па-за межамі беднасці. Усяго 9,7 працэнта могуць патраціць больш за 500 тысяч на кожнага члена сям’і.
Амаль усе яны жывуць у Мінску.
Менш за беларусаў атрымліваюць хіба толькі нашы паўднёвыя суседзі — украінцы. Там чалавек зарабляе 219 долараў. Сярэдні расіянін атрымлівае 459 долараў; літоўцы — 946, палякі
— 1045, латышы — 900 долараў.