Чалы: Да палітычнай эміграцыі можа дадацца эканамічная
Эканаміст Сяргей Чалы параўнаў рост зарплат і пенсій за апошнія пяць гадоў — атрымаўся не рост, а зніжэнне.

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева
— Эксперты прагназуюць, што пры такіх нізкіх тэмпах росту даходаў да палітычнай эміграцыі хутка дадасца і эканамічная, — адзначае аналітык Сяргей Чалы. — Цяпер па ўзроўні заработных плат мы пачынаем прайграваць ужо ўсім суседзям.
Эканаміст прывёў даныя за снежань. Згодна з імі, сярэдняя зарплата ва Украіне ўшчыльную наблізілася да Беларусі, а па сталіцах — Мінск ужо перасягнулі. Так, у Кіеве сярэдні заробак склаў 990 долараў, а ў Мінску, паводле Белстата, — 950 долараў.
— Да таго ж, мы разумеем, што ў нашых органаў ёсць традыцыя завышаць сярэднюю заработную плату, а ва Украіне яе, наадварот, прыніжаюць, па розных ацэнках, працэнтаў на 30, — адзначае Сяргей Чалы.

Акрамя падзення ўзроўню заробкаў, эканаміст канстатуе рэкорднае зніжэнне пенсій.
— Зніжэнне — гэта нават не слабенькі рост. Яны зніжаюцца ў рэальным выражэнні, таму што павышэнне ў мінулым годзе было ўсяго адно, на 6%, а інфляцыя — 10%. Натуральна, пенсія паменшылася ў рэальным выражэнні. І гэтае рэкорднае значэнне за апошнія пяць гадоў! Мы вяртаемся ў крызісныя гады. Усе папярэднія гады, з 2017, калі пачынаўся эканамічны рост, пенсіі раслі ў рэальным выражэнні: у 2017 — на 1,2%, у 2018 — на 14,8%, у 2019 — на 8,1%, у 2020 — на 4 ,2%.

Памяншэнне тэмпу росту заробкаў кажа аб стане рэальнага сектара эканомікі, дзе тэмпы росту і фактары будучага росту як бы паступова знікаюць, тлумачыць эксперт.
Тое, што адбываецца з пенсіямі і дапамогамі, якія плацяцца з бюджэту, — гэта дыягназ стану бюджэту. Сам Мінфін указвае на тое, што даводзіцца эканоміць, у тым ліку за кошт пенсіянераў. Таксама даводзіцца эканоміць на падтрымцы рэальнага сектара.
— А ён без падтрымкі, асабліва буйныя прамысловыя прадпрыемствы, адчувае сябе дрэнна. І гэтая эканомія вяртаецца яшчэ і тым, што рэальныя даходы ў выглядзе даходаў ад заработнай платы зніжаюцца. Вось такая вось парадаксальная рэч, — заключае эканаміст.
«Салідарнасць»