СМІ заўважылі, што пенсіі ў Мінску крыху ўпалі. Мінгарвыканкам адрэагаваў — статыстыка з сайта знікла
Найбуйнейшы партал, прызнаны беларускімі ўладамі экстрэмісцкім, звярнуў увагу на статыстыку па пенсіях у Мінску. Лічбы былі прыведзеныя на сайце камітэта па працы, занятасці і сацзабеспячэнню Мінскага гарвыканкама, піша «Наша Ніва».
Журналісты заўважылі, што некаторыя віды пенсій зменшыліся, напрыклад, выплаты па інваліднасці ў выніку катастрофы на ЧАЭС сталі на 7,44 рубля меншымі, чым на 1 верасня.
Праз некалькі гадзін артыкулам адказала агенцтва
«Мінск-Навіны», заснавальнікам якога з'яўляецца Мінгарвыканкам.
У артыкуле не аспрэчваецца статыстыка (яна ж афіцыйная), але
тлумачыцца, якім чынам знізіліся пенсіі. Калі памірае ці з’язджае пенсіянер з
больш высокай пенсіяй, то і сярэдняя пенсія падае. Спецыялісты прыводзяць такі
прыклад:
«На паверсе жывуць тры суседы-пенсіянеры. Адзін з іх
атрымлівае, умоўна кажучы, 300 рублёў, іншы — 500 рублёў, трэці — 700 рублёў.
Сярэдняя іх пенсія роўная 500 рублям. Але калі заўтра той, хто атрымлівае 700
рублёў, захоча пераехаць, напрыклад, да сына ў Расію, то сярэдняя пенсія для
дваіх астатніх суседзяў складзе 400 рублёў. Выплаты засталіся на тым жа
ўзроўні, ніхто не ўшчэмлены ў правах, а статыстыка змянілася».
Але самае цікавае не гэта. Пасля публікацыі тлумачэння
статыстыка па пенсіях з сайта мінгарвыканкама зусім знікла.
Перад гэтым сайт перастаў публікаваць даныя па колькасці пенсіянераў у Мінску. За студзень-жнівень 2021 года іх у сталіцы стала на 8,5 тысячы менш.