«Дэдаларызацыя» не атрымліваецца. Колькасць фальшывых долараў у Беларусі вырасла ў 1,7 разы
Пра значны рост выяўленых фальшывак паведамляе Нацбанк, публікуючы статыстыку за мінулы год. Усяго ў 2022-м было выяўлена 894 падробкі, з якіх 891 — банкноты і 3 — манеты. У асноўным гэта былі падробленыя долары ЗША.
За год колькасць такіх падробак вырасла ў 1,7 разы, падлічыў тэлеграм-канал «Нашы грошы».
З іншага боку, знізілася колькасць падробленых еўра і расійскіх рублёў. Прычым падробак расійскай валюты стала адразу ў 4 разы менш.
Беларускі рубель традыцыйна не карыстаецца асаблівай папулярнасцю ў фальшываманетчыкаў — у 2022 годзе было выяўлена толькі 12 такіх падробак.
У выпадку з расійскай валютай часцей за ўсё падрабляюць банкноты наміналам 5000 рублёў, хоць сустракаюцца нават падробленыя сторублёўкі. У выпадку з еўра характэрна, што за год было выяўлена тры падробленыя манеты ў 2 еўра.
Рост выяўленых падробленых грашовых знакаў адбываецца на фоне павелічэння наяўнага абароту, таму рызыка атрымаць у якасці здачы фальшыўкі цяпер значна вырасла. Будзьце пільнымі!