Два сцэнары развіцця сітуацыі пасля закрыцця беларускай мяжы

Закрыць межы ў залежнай ад экспарту транзітнай краіне, якая не мае выкапняў, што забяспечваюць рэнту, значыць загубіць сваю ўласную эканоміку



Фота www.ritmeurasia.org

Фота www.ritmeurasia.org

Паўночная Карэя, Усходняя Германія, Сталінская Расія — усе гэтыя паралелі выключна знешнія, яны не суадносяцца з існуючым становішчам спраў у пачатку ХХІ стагоддзя.

Загадаць закрыць межы можа толькі чалавек, які цалкам страціў сувязь з рэальнасцю, піша на сваёй старонцы ў фэйсбуку дырэктар Цэнтра еўрапейскіх даследаванняў, кіраўнік праекта ECLAB Аляксандр Адамянц.

Рашэнне гэта прынята пад уздзеяннем эмоцый, а не на аснове рацыянальнага разліку. Гэта толькі сведчыць пра якасць кіравання, пра ўзровень мыслення і ўспрымання тых, хто такія рашэнні прымае.

На погляд Аляксандра Адамянца, існуюць два сцэнары развіцця сітуацыі: альбо ўлады адумаюцца і адменяць гэтую пастанову, альбо яна паскорыць палітычны і эканамічны крызіс.

І той і іншы варыянт дэманструюць, што сітуацыю кіраўніцтва краіны не кантралюе, не разумее, як з ёй справіцца, у яго арсенале ёсць толькі адзін метад вырашэння ўсіх праблем — сілавы. Але сіла — апошняе, што можа вывесці з крызісу. Разбурыць усё вакол — так, выправіць — не.

«Аналітыкі ламаюць галаву на камбінацыямі з ВБС, "рэформай" Канстытуцыі, спрабуюць пралічыць новую канфігурацыя ўлады. Але ўсё гэта занадта складана для армейска-кадэбэшнага розуму. Усё скончыцца альбо апісаным вышэй сцэнарам адзін або сцэнарам два», — піша Аляксандр Адамянц.

Паводле thinktanks.by