Эканаміст: адкацімся не ў 90-я гады, а на стагоддзе

Валютны кошык без еўра. Як гэта будзе выглядаць, высвятляў тэлеграм-канал «Нашы Грошы».

_hroszy___finansy___ekanomika_fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__2__logo.jpg

Нацыянальны банк абвясціў, што з 12 снежня з пераліку валют, якія складаюць валютны кошык краіны, выключаецца еўра. Гэтая навіна цалкам адлюстроўвае заканамерныя працэсы, якія сёння адбываюцца з нашай эканомікай.

Валютны кошык — гэта метад, якім карыстаецца Нацбанк для таго, каб усталёўваць курс беларускага рубля на біржы. Сутнасць тут палягае ў наступным: уявіце, што на чарговых валютных таргах курс расійскага рубля моцна вырас, юаня — вырас нязначна, еўра — крыху знізіўся, а долара — прыкметна ўпаў. Дык што ж у выніку адбылося з беларускім рублём, аслабеў ён ці ўмацаваўся?

Адказ на гэта пытанне дапамагае зразумець валютны кошык, дакладней, яго дынаміку. Па спецыяльнай формуле з улікам змененых курсаў усіх замежных валют можна разлічыць значэнне кошыка і адсачыць змены, убачыць, вырас ён ці, наадварот, знізіўся.


Гэтымі механізмамі Нацбанк пачаў карыстацца з пачатку 2009 года. Тады ў кошык уваходзілі тры валюты: долар, еўра і расійскі рубель. Сёлета адбыліся значныя перамены — спачатку дадалі кітайскі юань, а пад канец года прыбралі еўра.

У выніку еўра цяпер не будзе прадавацца або купляцца ў краіне. Таксама не варта чакаць, што на гэтую валюту будуць уводзіць якія-небудзь абмежаванні па банкаўскіх аперацыях або ўкладах. Гандляваць еўра працягнуць і на біржы. Проста цяпер курс еўра не будзе ўлічвацца пры вызначэнні кошту кошыка і, адпаведна, дынамікі курсу беларускага рубля.

Па вялікім рахунку, канкрэтна гэта рашэнне шараговага беларуса наўрад ці неяк закране. Значна цікавей тое, якія валюты сёння фарміруюць курс беларускага рубля. Замежныя валюты ўключаюцца ў кошык у розных долях — у залежнасці ад таго, наколькі тая ці іншая валюта важная для знешнегандлёвага абароту. Цяпер на 60% гэта будзе расійскі рубель, на 30% — долар ЗША і на 10% — кітайскі юань. Аб чым гэта кажа?

Па-першае, мы бачым, што ўсё павялічваецца залежнасць ад Расіі. Валюта краіны-суседа аказвае на наш рынак усё большы, цяпер ужо можна смела сказаць — асноватворны — уплыў.


Па-другое, нягледзячы на шматлікія заявы аб тым, што Беларусі і Расіі не патрэбныя «ўсе гэтыя вашы амерыканскія паперкі», траціна кошыка ўсё яшчэ фарміруецца ў доларах. Адбываецца гэта не проста так: улады, магчыма, і хацелі б цалкам адмовіцца ад «зялёнага», але разумеюць, што зрабіць гэта немагчыма. Чаму? Таму што долар — гэта аснова міжнароднага гандлю. Тыя краіны, якія яшчэ гатовы гандляваць з Беларуссю, наўрад ці пагодзяцца на разлік у расійскіх, а тым больш беларускіх рублях. З такім жа поспехам можна было б прапанаваць ім у якасці валюты ракавінкі.

Па-трэцяе, такая невялікая доля юаня кажа пра тое, што грандыёзныя планы, якія ўлады будавалі наконт супрацоўніцтва з Паднябеснай, або пайшлі крахам, або, як мінімум, пастаўлены на паўзу. Відавочна, што Кітаю Беларусь патрэбна была не як «братэрскі народ», а як зборачны цэх і зручны лагістычны пункт для эканамічнай экспансіі ў Еўропе. Як толькі гэтыя перавагі былі згублены, цікавасць да нашай краіны ўпала прыблізна да нуля. Гандаль з Кітаем, вядома, ідзе. Але вось пра кітайскія інвестыцыі і крэдыты можна забыцца.

photo_2022_12_16_14_07_16.jpg

Падводзячы вынік, можна сказаць, што, выключыўшы еўра з валютнага кошыка, улады прызналі, што страцілі еўрапейскі рынак. Увогуле, у існуючых рэаліях гэта валюта ў нашай краіне будзе мала каму патрэбна для бізнесу.

Проста мы з вамі назіраем, як каменная сцяна, якая ўзводзіцца паміж Беларуссю і Еўрасаюзам, стала вышэй яшчэ на адзін рад цаглінак. Адбываецца прымітывізацыя эканомікі, якая пазбаўляецца ад усё большай колькасці інструментаў працы з навакольным светам, таму што не можа імі карыстацца.

Гісторыя можа скончыцца тым, што ў Беларусі ў якасці альтэрнатывы нацыянальнай валюце застанецца толькі расійскі рубель і залатыя зліткі. Мы адкацімся не ў 90-я, а на стагоддзі таму з пункту гледжання глабальнай эканомікі.

Пераклад «НЧ»