Еўра выключылі з валютнага кошыка. А долар таксама выключаць?

Навошта Нацбанк выключыў еўра з валютнага кошыка? Ці не ўзнікне дэфіцыт еўрапейскай валюты ў Беларусі? Ці не чакае такі ж лёс і долар ЗША?

_belarus_minsk_hroszy_valjuta_abmennik_2022_fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas_logo.jpg

Разбіраліся з эканамістам Львом Марголіным.

— Рашэнне Нацыянальнага банка адлюстроўвае рэальную карціну знешняга гандлю. Сэнс валютнага кошыка ў тым, што яна згладжвае ваганні нацыянальнай валюты ў адносінах да іншых валют. Калі б валютнага кошыка не было, то ў адзін харошы ці не вельмі дзень беларускі рубель мог бы абрынуцца ў адносінах да долара, а праз нейкі час — сур’ёзна вырасці, напрыклад. Такія непрадказальныя ваганні вельмі нервуюць удзельнікаў валютнага рынку.

Валютны кошык адпавядае сістэме разлікаў у знешнім гандлі.

Большасць краін, якія не знаходзяцца ў стане эканамічнай ці палітычнай нестабільнасці, свае нацыянальныя валюты стараюцца прывязваць да свабодна канвертуемых валют. СКВ знаходзяцца ў вольным плаванні, на іх не ўздзейнічаюць ніякія палітычныя ці адміністрацыйныя фактары, яны залежаць выключна ад сітуацыі на эканамічным рынку. Свабодна канвертуемая валюта — харошы якар для зусім неканвертуемых ці часткова канвертуемых валют: у СКВ аплачвапецца большая частка знешнегандлёвага абароту; валютай, атрыманай па экспарту, можна не толькі весці разлікі, але і рабіць накапленні.

Гэта можна рабіць у свабодна канвертуемай валюце, але вельмі небяспячна рабіць у іншых валютах, да прыкладу, у юанях: на юань вельмі моцны ўплыў аказвае кітайскі ўрад, дзяржава, якая можа альбо аслабіць сваю валюту, або, наадварот, умавацаваць яе. Калі нехта вядзе эканамічныя справы выключна з Кітаем, тады, канешне, можна хаваць свае зберажэнні і ў кітайскіх юанях.

Але большасць робіць выбар на карысць долара ЗША і еўра.

У лепшыя гады прыкладна палова знешнегандлёвага абароту Беларусі прыпадала на Расію, і палову — на краіны Заходняй Еўропы. Але што мы прадавалі ў Еўропу? Калійныя ўгнаенні, металапракат, драўніну — пераважная большасць пазіцый, якія мы пастаўлялі ў Еўропу, апынуліся пад санкцыямі.

А беларуская традыцыя даваць адказ (калі супраць нас увялі санкцыі, значыць, мы павінны адказаць сваімі санкцыямі) прывяла за скарачэння імпарту. Адпаведна, аб’ёмы долараў і еўра значна скараціліся ў знешнегандлёвым абароце. Таму Нацыянальны банк і прыняў рашэнне выключыць еўра з валютнага кошыка: на мой погляд, у гэтым рашэнні — мінімум палітыкі і максімум эканомікі.

Долар застаўся таму, што зусім без свабодна канвертаванай валюты абысціся нельга. Разлікі ў доларах распаўсюджаныя нават больш, чым у еўра: гэта тая валюта, якая патрэбна заўсёды і паўсюль.

Ці не азначае, што выдаленне еўра з валютнага кошыка прывядзе да выцяснення еўрапейскай валюты з беларускай эканомікі?

— Пытанне пра выцясненне валюты было надзвычай папулярным ў нулявыя гады, нават яшчэ ў дзясятыя гады — згадайма так званую “дэдаларызацыю”.

Але тое, што сёння адбываецца з еўра, адбываецца ў безнаяўна-грашовым абароце. Вельмі многа беларусаў выехалі за мяжу, многія апынуліся на працы ў зоне еўра: і прысылаюць дахаты еўрапейскую валюту, і прывозяць.

Любы банк — гэта камерцыйная структура, якая не стане адмаўляцца ад уласнай выгады. Калі, канешне, не будзе прынята палітычнае рашэнне. Але асабіста я на 95 адсоткаў упэўнены, што такога рашэння не будзе.

Што цяпер адбываецца з еўра ў беларускіх абменніках — дэфіцыту няма?

— Звычайна абменнікі месцяцца ў крамах, я пастаянна хаджу ў крамы, але нідзе не заўважаў чэргаў у абменніках. А чэргі ў абменніках з’яўляюцца непазбежным спадарожнікам валютных праблемаў.

Вядома, праблемы могуць яшчэ ўзнікнуць, але тады непазбежна ўзнікне “чорны рынак” валюты. Кажуць жа: вопуту можна набірацца на памылках іншых і на памылках ўласных. Мы ўжо ўсю эканамічную навуку прайшлі на ўласным вопыце і заўсёды вучыліся толькі на сваіх памылках. Так што новыя эксперыменты, здагадваюся, непазбежныя.

На саміце Вышэйшага еўразійскага эканамічнага савета ў Бішкеку Лукашэнка аб’явіў завяршэнне “эпохі дамінавання долара” і заклікаў урады пераходзіць на разлікі ў нацыянальных валютах. Ці азначае гэта, што долар можа пайсці следам за еўра?

— Думаю, што не. Ну калі долар не заменяць швейцарскім франкам, англійскім фунтам стэрлінгаў ці японскай енай — пералік самых распаўсюджаных свабодна канвертуемых валют на гэтым можна і закончыць.

Але чуткі пра смерць долара моцна перабольшаныя: долар яшчэ можа застудзіцца на пахаванні беларускага рубля, як кажуць.