Эканаміст: Дэфолт — яшчэ не самае горшае, што чакае Беларусь

Рэйтынгавае агенцтва Fitch услед за Расіяй панізіла крэдытны рэйтынг Беларусі да ССС — ніжэй «смеццевага». А яшчэ аналітыкі зафіксавалі «рэальную магчымасць дэфолту».

636.jpeg


Прызнанае «экстрэмісцкім» у Беларусі выданне запытала ў старэйшага эканамічнага супрацоўніка BEROC (Кіеў) Дзмітрыя Крука, ці чакаць дэфолту ў Расіі і Беларусі і як яго наступ адаб'ецца на людзях.


Імавернасць дэфолту ў Расіі сапраўды высокая

Асноўнае прызначэнне крэдытнага рэйтынгу ў тым, каб ацэньваць рызыкі выканання пазычальнікам, гэта значыць краінай, сваіх абавязацельстваў. Чым вышэй рэйтынг, тым ніжэй рызыкі невыканання абавязацельстваў і наадварот.

Аналітыкі фінансавых арганізацый знізілі крэдытны рэйтынг Расіі да ўзроўню ССС. Іншымі словамі, рызыкі таго, што краіна не зможа (ці не захоча) аддаваць свае даўгі — надзвычай высокія. Такі рэйтынг у народзе называюць пераддэфолтным.

— Гэта звязана з рашэннем аб блакаванні рэзерваў на рахунках банкаў заходніх краін. З-за чаго Расія губляе магчымасць кіравання сваёй падушкай бяспекі, якая была адным з ключавых складнікаў яе ўстойлівасці —кажа Дзмітрый Крук.

Узмацнілі рызыкі і санкцыі ў дачыненні да банкаўскага сектара краіны, уключаючы адключэнне часткі банкаў ад SWIFT. Гэта блакуе магчымасць разлікаў не толькі для саміх фінансавых арганізацый, але і стварае маштабны шок для ўсёй эканомікі Расіі, працягвае эканаміст.

— У суме гэтыя тры фактары кардынальна пагаршаюць магчымасці Расіі выконваць абавязацельствы па сваіх даўгах.

Але справа не толькі ў магчымасцях, а яшчэ і ў жаданні. Цяпер стала актуальным пытанне, ці будзе Масква ў прынцыпе спрабаваць выплачваць свае знешнія даўгі. Па-першае, Крэмль ужо заявіў, што мае намер рабіць гэта не ў валюце, у якой выдаваліся крэдыты, а ў расійскіх рублях. Гэта будзе парушэннем даўгавых абавязацельстваў. Па-другое, Мінфін Расіі заявіў, што магчымасць плаціць па знешніх даўгах будзе залежаць «ад уведзеных замежнымі дзяржавамі абмежавальных мер».

— Верагоднасць невыканання Расіяй сваіх абавязацельства вельмі высокая — сам факт адмовы класіфікуецца як тэхнічны дэфолт — падкрэслівае эксперт.

bednost_1536x1024.jpg


У Беларусі сітуацыя пакуль не такая сур'ёзная

Асаблівасць пазіцыі Беларусі ў справаздачах рэйтынгавых агенцтваў у тым, што ў іх звычайна ўлічвалася магчымасць краіны атрымліваць фінансавую падтрымку ад Расіі. Без гэтага рэйтынг краіны і да вайны ва Украіне быў бы прыкметна ніжэйшы.

— Цяпер магчымасць Масквы аказваць фінансавую падтрымку Мінску вельмі малая. Тут можа прагучаць контраргумент, што тыя грошы, якія патрэбныя Беларусі, не такія вялікія па расійскіх мерках. Але ў такіх сітуацыях [у якой аказалася Расія] кожны долар на ўліку. Таму сама па сабе здольнасць Масквы аказваць падтрымку вельмі сумнеўная. Але яшчэ больш сумнеўнае жаданне — там сваіх клопатаў вышэй даху, — працягвае Крук.

Цяпер Беларусь знаходзіцца ў крыху лепшым становішчы, чым Расія: ЗВР не заблакаваныя на замежных рахунках, а маштаб санкцый супраць Мінска крыху менш, чым у выпадку Расіі.

У сакавіку і красавіку ў Беларусі трэба будзе выплаціць працэнты і асноўную частку па дзярждоўгу прыкладна на 350 млн долараў. Большая частка выплат пойдзе ў адрас Расіі і Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця. Дзмітрый Крук падкрэслівае, што ў найбліжэйшыя месяцы такія выплаты для нашай краіны будуць пад'ёмнымі. А вось у больш працяглай перспектыве абвяшчэнне тэхнічнага дэфолту эканаміст бачыць верагодным.

— З аднаго боку, нельга сказаць, што гэтыя 350 млн — крытычная сума для рэзерваў. Але з улікам усёй сітуацыі ўжо заўтра яны могуць стаць такімі. Улады спадзяюцца, што пранясе, як раней, што трэба вытрымаць першасную хвалю фінансавай панікі і нявызначанасці, а потым удасца знайсці нейкае рашэнне. Таму я схіляюся да думкі, што гэтую суму яны паспрабуюць выплаціць. Таму з таго, што рэйтынг Беларусі знізіўся да пераддэфолтнага ўзроўню, у кароткім прамежку не азначае непазбежнасць дэфолту. Але калі зазіраць крыху далей, то верагоднасць гэтага вялікая.

Выплаты па дзярждоўгу могуць стаць праблемай ужо ў гэтым годзе, лічыць эканаміст.


Але для беларусаў ёсць больш актуальныя пытанні

Вынікам датычнасці беларускіх уладаў да вайсковай агрэсіі Расіі супраць Украіны і звязаных з гэтым наступстваў стане зніжэнне даходаў беларусаў і страта працы для часткі занятых у эканоміцы.

— Дзярждоўг — гэта не самае галоўнае цяпер. Нават калі дапусціць, што будзе абвешчаны тэхнічны дэфолт, то гэта будзе мець не настолькі разбуральныя наступствы ў параўнанні з тым, што адбываецца прама зараз: санкцыі, маштабны экспартны шок, нежаданне контрагентаў працаваць з беларускім бізнесам. Усе гэта значна больш сур'ёзныя і важныя праблемы, чым дэфолт, — кажа Зміцер Крук.

На фоне маючага адбыцца маштабнага сціску экспарту, лічыць эканаміст, яго зніжэнне ў 2009-2010 гадах «падасца лёгкім шпацырам». Наступствы гэтага будуць адчувальнымі калі не праз некалькі тыдняў, то праз месяцы.

— Прыватныя кампаніі, якія не змогуць вырабляць і пастаўляць на знешні рынак сваю прадукцыю, будуць вымушаныя скарачаць або абмяжоўваць занятасць. Дзяржаўныя, нават калі фармальна звальняць людзей нейкічас не будуць, будуць зніжаць зарплаты або нават затрымліваць іх, — лічыць эксперт.

a5066398b2c2bd1b06983e771e50eace.jpg


Складанасці бізнесу будуць адлюстроўвацца і на цэнах на ўнутраным рынку. У выніку на фоне зніжэння даходаў і абвастрэння сітуацыі на рынку працы Беларусы сутыкнуцца са скокам коштаў.

— Пакуль мы знаходзімся толькі ў пачатку шляху. Улады будуць спрабаваць стрымліваць кошты адміністрацыйным шляхам, але гэта можа толькі крыху прытармазіць раскручванне цэнавага шоку. А адваротным бокам такога рашэння стане рэзкае скарачэнне спажывецкага выбару — шэраг тавараў, якія патрапяць пад цэнавае рэгуляванне, могуць стаць недаступныя. Дапускаю, што дзесьці будзе даходзіць да дэфіцыту. Гэта значыць не будзе ісці гаворкі пра тое, каб, як раней, выбіраць тавар з умоўных дваццаці найменняў. Выбар абмяжуецца адным-двума альтэрнатывамі, у асноўным беларускай вытворчасці.

Праблемы з экспартам і ўнутраныя складанасці адаб'юцца і на курсе беларускага рубля ў адносінах да больш стабільных замежных валют.

— Скачок, які цяпер адбыўся, быў звязаны з тым, што мы рушылі за расійскім рублём. А ўсе праблемы з экспартам, пра якія сказана вышэй, пакуль яшчэ не паўплывалі [на курсы]. Гэта яшчэ наперадзе.